ВесткiАд Галоўнай Управы БАЗА
Вячка СТАНКЕВІЧ
На чарговым паседжаньні Галоўнай Управы, якое адбылося 29-га лістапада 2007 году абмяркоўваўся шэраг бягучых справаў, важнейшымі сярод якіх было падсумаваньне вынікаў Славянскага Культурнага Фестывалю, сувязь з асяродкамі і першапачатковыя пляны адзначэньня 90-х угодкаў БНР.
ФЕСТЫВАЛЬ. Аб ім ужо пісалася ў газэце, і прайшоў ён пасьпяхова з фінансавага боку. Засталіся інфармацыйныя лісткі пра Беларусь, якія можна выкарыстаць пры іншых нагодах, намёт для стэнду, шпількі з Пагоняй, шпількі з амэрыканскім і беларускім сьцягамі, магнітныя значкі з народным арнамэнтам і іншыя дробныя экспанаты. Пераняла іх Галоўная Управа для выкарыстаньня ў будучым.
АСЯРОДКІ. Старшыня Галоўнай Управы Вячка Станкевіч і арганізацыйны рэфэрэнт Валеры Дворнік адведалі Кліўлендзкі аддзел БАЗА 26-28-га кастрычніка. Адбылося паседжаньне з ключавымі асобамі асяродку і на наступны дзень спатканьне пасьля Багаслужбы ў мясцовай царкве з шырэйшым грамадзтвам. Госьці мелі магчымасьць пабыць на вечарыне, прысвечанай "Песнярам" і іхняму слаўнаму кіраўніку Ўладзімеру Мулявіну. У залі грамадзкага цэнтру праходзіла выстава абразоў чатырох мясцовых мастакоў. Пазней у аддзел БАЗА быў высланы ліст, як трэба належна падрыхтоўвацца да галоўнага сходу і дакладна як яго правесьці.
У ВАШЫНГТОНЕ сябры гуртка БАЗА з дапамогай Галоўнай Управы наладзілі спатканьне зь сяміасабовай дэлегацыяй прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў Беларусі на чале з Александрам Мілінкевічам.
У НЬЮ-ЁРКУ на адзначэньні 50-х угодкаў набыцьця Беларускага рэлігійна-грамадзкага цэнтру ў Брукліне, сябры БАЗА Антон Шукелойць, Вячка Станкевіч і Алла Орса-Романо расказвалі аб тых першых гадах і аб агульнай ахвярнасьці тагачааснай беларускай грамады, асноўна сяброў БАЗА.
90-я УГОДКІ БНР. Закраналіся пытаньні аб запрашэньні гасьцей зь Беларусі, якія маглі-б адведаць шэраг асяродкаў і выкарыстаньне ва ўсіх асяродках мультымэдыйных паказаў, над якімі ўжо пачынаюць працаваць беларускія спэцыялісты. Юбілейнае сьвяткаваньне павінна адбыцца на дастаткова высокім узроўні з добрай рэклямай у мясцовай прэсе, нават у меншых асяродках адпаведныя матэрыялы будуць разасланыя.
Лістападаўскі сход аддзелу БАЗА
Віталь ЗАЙКА
У грамадзкай залі пры Саборы сьв. Кірылы Тураўскага 11 лістапада адбыўся чарговы сход нью-ёрскага аддзелу БАЗА. Напачатку сходу з рэфэратам, прысьвечаным 87-м угодкам Слуцкага Збройнага Чыну, выступіў старшыня аддзелу В. Зайка. Ён падкрэсьліў значнасьць Чыну, як масавай арганізаванай вайсковай акцыі беларускіх сілаў, якая паказала ўсяму сьвету - існуе беларуская нацыя, яна са зброяй у руках гатовая змагацца за "пачэсны пасад між народамі". Прамоўца нагадаў прысутным асноўныя падзеі таго вызначальнага часу, узьнікненьне Рады Случчыны, стварэньне двух палкоў, аб'яднаных у Слуцкую брыгаду. Быў узгадыны ход змаганьня Случчакоў супраць наступаючага бальшавіцкага войска. Случчакі сталі сапраўднымі беларускімі героямі, што натхнялі й натхняюць наступныя пакаленьні змагароў за вольную Беларусь. Напрыканцы прамоўца адзначыў: "Мы верым, што ў сапраўды незалежнай, сапраўды вольнай, сапраўды беларускай Бацькаўшчыне ўздымуцца помнікі нашым героям, і памяць змагароў Слуцкага Збройнага Чыну зойме належнае месца на плошчах гарадоў нашай Беларусі, належнае месца ў душах і сэрцах яе сыноў і дачок. Бо тыя, што пайшлі паміраць, каб жыла Беларусь - несьмяротныя".
Затым са словам у гонар Слуцкага Збройнага Чыну выступіў сп. Антон Шукелойць. Ён адзначыў, што ў ліку беларускіх жаўнераў, якія бралі ўдзел у баёх супраць бальшавікоў на Случчыне было шмат інтэлегенцыі, сялянаў, сяброў арганізацыі "Папараць-кветка" са Слуцкай гімназіі. Пасьля інтэрнаваньня шмат хто зь іх паехаў у Прагу, дзе беларусы маглі на стыпэндыю чэскага ўраду набываць адукацыю. У Празе заўсёды сьвяткаваліся ўгодкі Збройнага Чыну. Сп. Шукелойць прыгадаў, як ад імя вучняў Ашмянскай гіманзіі сьпісаўся зь Беларускім музэем у Вільні ў справе правядзеньня імпрэзы ў памяць Случчакоў. У выніку на імпрэзу тады прыехаў зь Вільні Антон Луцкевіч, адзін з аўтараў беларускай Дэклярацыі аб незалежнасьці - Акту 25 Сакавіка 1918 году, і тая сустрэча моцна паўплывала на далейшыя лёсы шмат каго зь беларускай моладзі ў Ашмяне. Далей сп. Шукелойць спыніўся на асобах Слуцкіх вароў, зь кім ён пазнаёміўся асабіста. Сярод іх былі ўзгаданыя інжынэр Мікола Бусел, старшыня арганізацыі "Папараць-кветка", які прымаў удзел у арганізацыі паўстаньня і ўваходзіў у Раду Случчыны; афіцэр, аўтар беларускага нацыянальнага гімну Макар Краўцоў (Косьцевіч); выкладчык Слуцкай гімназіі, а пасьля дырэктар Віленскай Беларускай Гімназіі і потым Прэзыдэнт БЦР Радаслаў Астроўскі; вясковы стараста, абраны старшынём Рады, Васіль Русак; адвакат Уладзімер Пракулевіч, вайсковы кіраўнік Чыну Антон Сокал-Кутылоўскі; першы сьвятар у Саборы ў Брукліне а. Хведар Данілюк. Напрыканцы сваёй прамовы сп. Антон Шукелойць прапанаваў ўшанаваць памяць Слуцкіх змагароў хвілінаю цішы.
З гутаркай аб сытуацыі ў Беларусі выступіў Старшыня Беларускага Народнага Фронту сп. Зянон Пазьняк. Спыніўшыся на міжнародных падзеях - спробе перавароту ў Грузіі, падрыхтоўцы да парлямэнцкіх выбараў у Расеі, сп. Пазьняк адзначыў няспынную дзейнасьць пэўных расейскіх колаў на дэстабілізацыю становішча ў суседніх краінах. Затым прамоўца прааналізаваў правядзеньне ў Менску Эўрапейскага і Сацыяльнага маршаў і адзначыў, што адсутнасьць канцэпцыі й ідэі ад пачатку наканавалі гэтыя маршы на паразу і яшчэ большую кампрамэтацыю псэўда-апазыцыйных колаў у вачох людзей Беларусі. Пры ўдзеле камуністаў, якія ўвесь час падтрымліваюць далучэньне да Расеі, ніякія апазыцыйныя сілы ня могуць быць сапраўды беларускімі. І менавіта ў камуністах Масква бачыць пераемнікаў улады ў Беларусі. Але сапраўдная сіла павінна мець ідэю. І такая ідэйная сіла ёсьць. Гэта паказаў Марш на Курапаты 29 кастрычніка. Людзі памята юць сваіх продкаў, сваіх змагароў, людзі ставяць крыжы на сьвятой зямлі Курапатаў, палітай крывёй сталінскіх ахвяраў. Адноўлены 7-мэторвы Крыж Пакутаў, што быў зламаны вандаламі, якія засталіся непакаранымі. Нягледзячы на ціск і зьнішчэньні, нашыя людзі застаюцца верныя сваім ідэалам і прынцыпам, і гэта надае аптымізму. А зьнішчэньні немалыя. Найперш гэта зьнішчэньне гуматарных навукаў як падставы для нармальнага нацыянальнага разьвіцьця. На Беларускім(!) тэлебачаньні зьнішчаныя амаль усе беларускамоўныя перадачы, зьніклі нават запісы перадачаў па-беларуску, тэатральных пастановак і г. д. Разбурылі Інстытут гісторыі, ціснуць на акадэмічныя інстытуты мовы і літаратуры.
І вось тут нам варта ўспомніць Слуцкі Збройны Чын і мацаваць памяць пра яго. Бо нішто так не яднае нацыю, як барацьба, як памяць пра змаганьне. Цяпер вельмі істотна вызначыць прыярытэты. І вось менавіта мова, культура, гісторыя, а таксама незалежнасьць і свабода мусяць быць гэтымі прыярытэтамі. Трэба не саромецца, а брацца за належнае вывучэньне мовы і гісторыі свайго народу. Трэба супраціўляцца накату русіфікацыі, бараніць свае ідэалы, свае прыярытэты, і яднацца ўсім разам вакол іх.
Далей сп. В. Зайка ўзгадаў пра памятныя даты мінулых тыдняў. Адна зь іх - 50-годзьдзе першага набажэнства ў Саборы сьв. Кірылы Тураўскага ў Брукліне, дзе, дарэчы, сьвятаром быў а. Хведар Данілюк, удзельнік Слуцкага Збройнага Чыну. Яно адбылося 3 лістапада 1957 году, пасьля таго, як будынак Сабору быў набыты з дапамогаю БАЗА і Рады БНР як рэлігійна-грамадзкі цэнтар беларускай грамады ў Нью-Ёрку.
Другая дата - 26 кастрычніка, дзень народзінаў аднаго з значнейшых беларускіх паэтаў сучаснасьці, Анатоля Сыса. У сувязі зь нядаўнім выхадам кнігі Анатоля Сыса "Лён", выданага з дапамогай фундацыяў Орса-Рамана і П. Крэчаўскага, а таксама з удзелам палкай прыхільніцы творчасьці паэта, сакратаркі аддзелу БАЗА спн. Валянціны Якімовіч, аддзел БАЗА правёў прэзэнтацыю кнігі "Лён".
З словам пра Анатоля Сыса і кнігу "Лён" выступіла сп-ня Валянціна Якімовіч. Яна ў прыватнасьці сказала: "Па болю, што пранізвае ўсе яго вершы - роўнага Сысу няма ў беларускай сучаснай літаратуры. Праз ягоныя вершы адбываецца ачышчэньне, катарсіс у душы кожнага, хто чуе і чытае іх." Сп-ня Якімовіч распавяла пра гісторыю стварэньня кнігі "Лён" і падзялілася з прысутнымі ўспамінамі пра паэта і сваімі пачуцьцямі пра ўспрыняцьце ягонай паэзіі. Затым прагучэлі вершы Анатоля Сыса з кнігі "Лён" у выкананьні сп-ні В. Якімовіч і сп.сп. Мікалая Цімашэнкі, Мікіты Агародніка і Ільлі Куніцкага. Прысутныя мелі нагоду набыць асобнік кнігі А. Сыса "Лён".
З сваімі думкамі перад прысутнымі выступіў былы дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі 13-га скліканьня, заступнік Старшыні Рады БНР і супрацоўнік "Радыё Свабода" Сяргей Навумчык.
Сябра Галоўнай управы БАЗА сп-ня Тацьцяна Красоўская распавяла пра дзейнасьць Галоўнай управы за апошні месяц, узгадала дзейнасьць па аднаўленьні аддзелаў БАЗА ў некаторых мясьцінах Амэрыкі, і пашырэньне дзейнасьці арганізацыі на Вашынгтон і Мінэсоту.