Кастрычніцкі сход аддзелу БАЗА і прэзэнтацыя альманаху “Беларус”Віталь ЗАЙКАЧарговы сход аддзелу БАЗА адбыўся 14 кастрычніка ў грамадзкай залі пры саборы сьв. Кірылы Тураўскага. Напачатку сходу прайшла прэзэнтацыя літаратурнага альманаху “Беларус”, заснаванага сёлета рэдактарам газэты “Беларус” сп. Маратам Клакоцкім. Выданьне, зьмяшчае творы беларусаў замежжа, і аб’ядноўвае пад адной вокладкай як людзей вядомых у беларускім пісьменстве, так і пачаткоўцаў.
Першым на прэзэнтацыі выступіў стваральнік альманаху рэдактар газэты “Беларус” сп. Марат Клакоцкі. Ён распавёў, як узьнікла ідэя такога выданьня, і як яна ажыцьцяўлялася. На чужыне апошнім часам апынулася шмат беларусаў, і ёсьць надзея, што альманах дапаможа выявіць таленты сярод іх. У першым выпуску апублікаваныя творы 18 аўтараў зь 9 краінаў. Асноўны прынцып адбору — наяўнасьць мастацкіх якасьцяў і пражываньне аўтара за межамі Беларусі. Падрыхтоўка і выданьне альманаху занялі каля году, і цяпер пачынаецца падрыхтоўка да выданьня другога выпуску. Сп. Клакоцкі заклікаў прысутных дасылаць свае творы, а таксама набываць і чытаць альманах “Беларус”, распаўсюджваць яго сярод сяброў і знаёмых.
Затым слова ўзяў старшыня Беларускага Інстытуту Навукі і Мастацтва (БІНіМ) др. Вітаўт Кіпель. Ён ухваліў ініцыятыву сп. М. Клакоцкага і сказаў, што сёнешні альманах “Беларус” працягвае слаўную традыцыю эмігранцкай выдавецкай дзейнасьці, якая мае на сваім рахунку шмат публікацыяў, пэрыядычных і не, якія далі магчымасьць дэбюту шмат каму з пачынаючых аўтараў і будучых літаратараў. “Нажаль, няшмат гэтых выданьняў друкаваліся пэрыядычна і працяглы час, і таму хочацца пажадаць сёнешняму альманаху “Беларус”, каб для яго знайшліся і зычлівыя чытачы, і здольныя аўтары, і шчодрыя фундатары, і каб мы мелі наперадзе яшчэ шмат выпускаў”.
З словамі ўхвалы альманаху выступіў сябар БІНіМу, вядомы сваімі публікацыямі з гісторыі і літаратуры беларусаў замежжа, сп. Лявон Юрэвіч. Ён назваў выхад альманаху “Беларус” адной з найбольш важных падзеяў апошняга часу ў культурным жыцьці беларускай грамады ў Амэрыцы. “Гэтая падзея мае большае значаньне для беларускай прысутнасьці ў Амэрыцы і ў сьвеце, чым розныя грамадзкія акцыі і дэманстрацыі перад ААН”. Прамоўца выказаў спадзяваньне, што выданьне будзе адкрытым ня толькі для публікацыі мастацкіх твораў, але і для літаратурна-гістарычных досьледаў, крытыкі, публіцыстыкі.
Затым заснавальнік сп. М. Клакоцкі запрасіў выступіць двух аўтараў, якія надрукавалі свае творы ў альманаху. Сп. Сяржук Сокалаў-Воюш, які надрукаваў пераклад твору Ўладзімера Набокава “Вынішчэньне тыранаў”, сказаў пра сваю працу над перакладам і адзначыў, што нават пераклад з адносна блізкіх моваў выклікае пэўныя цяжкасьці й праблемы, патрабуе пільнейшага перагляду лексічных рэсурсаў беларускай мовы, увядзеньня ў зварот словаў, якія дасюль мала і рэдка ўжываліся. Сп. Сокалаў-Воюш сказаў, што твор Набокава, які мае алюзіі на тагачаснага расейскага тырана Сталіна, вельмі актуальны для сёнешняй Беларусі й пануючага там тырана.
Другі з выступіўшых аўтараў альманаху сп. Віталь Зайка, адзначыў, што ў сваіх апавяданьнях цыклю “Чужаземны трыптых” ён спрабаваў вывесьці працэс нацыянальнага ўсьведамленьня свайго героя, і што пытаньне нацыянальнай сьведамасьці наагул стаіць сёньня востра, як стаяла заўсёды, дарэчы, як на Баькаўшчыне, так і ў замежжы. Сп. Зайка выказаў спадзяваньне, што ахвярны высілак сп. М. Клакоцкага па выданьні альманаху знойдзе годную падтрымку ў беларускай грамадзе, і што прыйдзе час, калі прэзэнтацыя чарговага выпуску альманаху пройдзе і на Бацькаўшчыне.
З падзякаю і віншаваньнем заснавальніку альманаху і з сваімі ўражаньнямі аб выданьні выступіў сп. Антон Шукелойць.
Затым перад прысутнымі выступіў Старшыня Беларускага Народнага Фронту Зянон Пазьняк. Ён павіншаваў рэдактара-заснавальніка і ўсіх чытачоў з выхадам альманаху “Беларус” і адзначыў важнасьць публікацыі для культурнага жыцьця ў замежжы. Такое выданьне дае выдатную магчымасьць для самавыяўленьня ўсім, хто хоча гэта зрабіць, і, найважней, падштурхоўвае рабіць гэта па-беларуску.
Затым сп. Пазьняк спыніўся на аналізе апошніх падзеяў у Беларусі. Ён адзначыў, у прыватнасьці, такія падзеі, як зламаньне Крыжа Пакутаў у Курапатах, калі вандалы вывернулі памятны крыж, які прастаяў амаль два дзесяцігодзьдзі. Дзяржава так і не ўзяла Курапаты пад ахову, больш таго, вандалы рэгулярна робяць набегі на мэмарыяльныя ўсталяваньні Курапатаў, і ў чарговы раз разьбітая Лава Клінтана, пастаўленая ад імя амэрыканскага народу з выказам спачуваньня ахвярам сталінізму. За ўсе гэтыя гады ніводзін вандал ня быў злоўлены, чым рэжым Лукашэнкі паказвае сваё злачыннае стаўленьне да гістарычнай памяці беларусаў.
Далей прамоўца закрануў “Эўрапейскі Марш”, які акурат у дзень сходу праводзіўся ў Менску. Ужо па апошніх паведамленьнях відаць, што ён ня здолеў здабыць досыць моцнай падтрымкі людзей, і віной таму – непасьлядоўная пазыцыя пэўных прадстаўнікоў апазыцыйных сілаў, а таксама лёзунгі й сымболіка. Толькі пад нацыянальнымі сьцягамі, і толькі пад нацыянальнымі лёзунгамі магчымая мабілізацыя агульнабеларускіх палітычных высілкаў, і толькі яны здольныя прывесьці да перамогі над злачынным рэжымам. Сп. Пазьняк таксама закрануў апошнія выказваньні Лукашэнкі перад расейскімі журналістамі й адзначыў, што гэта працяг дужаньня з Пуцінам у рамках “гэбоўскіх” гульняў – хто каго абдурыць. Усё гэта не павінна ўводзіць у зман – рэжым Лукашэнкі й злачыннае стаўленьне яго да беларушчыны застаюцца нязьменнымі.
У разьдзеле “Рознае” спн. Тацьцяна Красоўская дала інфармацыю адносна курсаў ангельскай мовы і заклікала зьвяртацца да яе з пытаньнямі.
Апошнім папрасіў слова сп. М. Сагановіч ды нечаму спрабаваў давесьці ўдзельнікам сходу адзелу БАЗА слушнасьць свайго вядзеньня парафіяльнага рахунку, але гэта ня выклікала цікавасьці прысутных.
Пасьля заканчэньня афіцыйнай часткі сходу прысутныя мелі мажлівасць працягнуць сяброўскія гутаркі за кубкам кавы.
Сябры ўправы аддзелу прынялі ўдзел у паседжаньні ўправы.
