Рассылка

Апытаньне



 
№570 ВЕСТКІ Маладзёвая бачынаАб’явыПрэмія ЮхнаўцаКрама


Верасьнёўскі сход аддзелу БАЗА

Віталь ЗАЙКА

У грамадзкай залі пры саборы сьв. Кірылы Тураўскага 9 верасьня адбыўся чарговы, верасьнёўскі, сход Нью Ёрскага аддзелу БАЗА. Напачатку выступіў старшыня аддзелу сп. Віталь Зайка, які павіншаваў прысутных з Днём Беларускай вайсковай славы, які адзначаецца штогод 8 верасьня сьведамымі беларусамі на Бацькаўшчыне і ў замежжы. Прамоўца затым спыніўся на гістарычнай падзеі, у гонар якой дата 8 верасьня была абраная. Гэтай падзеяй зьяўляецца бітва пад Воршай у 1514 годзе, калі войскі старабеларускай дзяржавы – Вялікага Княства Літоўскага разьбілі войска Масковіі, якое ўварвалася на беларускую зямлю.

493 гады назад, у выніку захопніцкіх дзеяньняў маскавітаў, частка беларускіх земляў (Смаленск, Дуброўна, Мсьціслаў) была акупаваная. Захапіўшы Смаленск, расейскія войскі сунуліся далей у кірунку Воршы і Друцку. Насустрач 80-тысячнай расейскай навале выступіў Вялікі князь літоўскі й кароль польскі Жыгімонт І з войскам у 30 тысяч чалавек, пад камандай вялікага гетмана Канстанціна Астрожскага. На рацэ Крапіўне ля Дняпра адбылася бітва з маскоўцамі, дзе беларускія ваяры пры дапамозе польскіх палкоў, пад кіраўніцтвам гетмана Астрожскага, які ўжыў тагачасныя дасягненьні вайсковай тактыкі, у жорсткай бітве здабылі перамогу над больш чым удвая мацнейшым ворагам. У палон трапілі 25 маскоўскіх ваяводаў і правадыроў, і некалькі тысяч жаўнераў. Бітва пад Воршай па колькасьці ваяроў была адной з буйнейшых бітваў на абшары тагачаснай Эўропы. Пра бітву былі складзеныя песьні, а ў Нацыянальным музэі ў Варшаве зьберагаецца батальная карціна, што ў дэталях фіксуе падзеі бітвы і лічыцца напісанай неўзабаве пасьля бітвы асобай, якая добра ведала мясьціны і ход бітвы. Цікава, што на карціне беларускія ваяры трымаюць дзіды зь сьцяжкамі бел-чырвона-белага колеру.

У навейшыя часы беларусам давялося ваяваць у шэрагах чужынскіх арміяў, і таму няшмат падзеяў і бітваў пазьнейшага часу могуць прэтэндаваць, акрамя Слуцкага Збройнага Чыну, на праяву беларускай вайсковай славы. Таму ў часы нацыянальнага Адраджэньня 1980-х гадоў менавіта гэтая дата была абраная як Дзень Беларускай вайсковай славы. Яна павінна нагадваць нам і нашчадкам нашым пра слаўныя змагарскія традыцыі нашых продкаў, і пра сапраўдную гісторыю нашага краю, якая дасюль схаваная ад народу, дзякуючы палітыцы рэжыму Лукашэнкі ў дачыненьні да беларускай старасьветчыны, мовы, культуры і традыцыяў беларускага народу.

Далей сп. В. Зайка выступіў з гутаркай пра беларуска-гэбрайскія дачыненьні. Тэкст яе зьмешчаны на бачыне 4.

Затым з гутаркай да Дня Беларускай вайсковай славы выступіў сп. Антон Шукелойць. Ён спыніўся на падзеях і фігурах, сьведкам якіх быў і якіх ведаў асабіста. Ён у прыватнасьці адзначыў, што Дзень Беларускай вайсковай славы — надзвычай важная і патрэбная дата ў беларускім нацыянальным календары. Народы, якія доўгі час знаходзіліся пад чужым панаваньнем, як беларусы ды ўкраінцы, таксама маюць права і патрабуюць, так як кожны іншы народ, аднаўленьня сваіх вайсковых традыцыяў, гістарычнай славы продкаў. Менавіта дзеля гэтага маюць свой Дзень вайсковай славы, скажам, ўкраінцы, але яны абралі падзею трагічную, дзень, у які атрымалі паразу, але які разам з тым апэлюе да гістарычнай памяці, да нацыянальных пачуцьцяў, нагадвае пра неабходнасьць нацыянальнай салідарнасьці. Беларусам пашэньціла мець Днём вайсковай славы падзею пераможную, гадавіну перамогі ў бітве пад Воршай у 1514 годзе.

Далей сп. Антон Шукелойць коратка распавёў пра высілкі па стварэньні беларускага войска ў часы БНР і падчас Другой сусьветнай вайны, а таксама спыніўся на асобах, якія спрычыніліся да гэтых высілкаў, і з якімі ён быў уласна знаёмы. Сярод такіх людзей былі Краўцоў Макар (Касьцевіч), эсэр, ўдзельнік Слуцкага паўстаньня, аўтар Беларускага нацыянальнага гімну “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”, расстраляны бальшавікамі ў Вільні ў 1939 годзе. Усевалад Родзька – камандзёр Першага штурмовага зьвязу, які браў удзел у стварэньні Беларускай Незалежніцкай Партыі (БНП). Іван Гелда – які браў удзел у Слуцкім паўстаньні й быў зьнішчаны бальшавікамі ў часы Другой сусьветнай вайны. Віталь Мікула – камандзёр афіцэрскай школы, які загінуў пасьля таго, як школа перашла на Заходнім фронце да францускіх партызанаў-макісаў. Кастусь Езавітаў – генэрал беларускага войска, палітык, дзеяч БНР, а перад вайной беларускі асьветнік у Латвіі. Сп. Шукелойць ведаў Міхася Вітушку, калі той быў на адміністратыўных пасадах цывільнай адміністрацыі на Смаленшчыне і Браншчыне, а пасьля ўзначаліў групу парашутыстаў для стварэньня нацыянальных беларускіх партызанскіх аддзелаў. Быў добра знаёмы зь Юльянам Саковічам, сынам багатага гаспадара, які за палітычную дзейнасьць левага кірунку сядзеў у польскіх турмах, а потым далучыўся да беларускай нацыянальнай плыні й востра супраць паставіўся да карных нямецкіх акцыяў, паленьня вёсак, за што пасьля быў зьнішчаны праз немцаў і АК. Беларуская гісторыя багатая імёнамі, але гэтых імёнаў ня ведаюць у сёнешняй Беларусі, і таму мы ў замежжы мусім перахоўваць памяць пра гэтых людзей.

Затым сп. Шукелойць спыніўся на беларуска-гэбрайскіх адносінах. Ён адзначыў, што для беларускага руху ніколі ня быў уласьцівы антысэмітызм, і наадварот, адносіны з гэбраямі, з гэбрайскімі арганізацыямі былі заўсёды надзвычай добрыя, як у даваенныя часы ў Заходняй Беларусі, гэтак і пасьля вайны тут, у Амэрыцы. Вайной беларусы імкнуліся дапамагаць гэбраям, ратаваць ад немцаў. Таму праявы антысэмітызму трэба адразу і радыкальна выкараняць.

Сп. Шукелойць падзяліўся ўспамінамі пра гэбраяў, якіх добра ведаў у часы дзяцінства — вандроўных гандляроў, краўцоў, кавалёў. Яны былі такія-ж бедакі, як і беларускія сяляне, і адносіны зь імі былі заўсёды добрыя. Людзі паважалі адзін аднаго й імкнуліся дапамагаць. У Віленскай Беларускай гімназіі, а таксама ў іншых беларускіх школах у Заходняй Беларусі заўсёды былі вучні-гэбраі, зь імі былі сяброўскія адносіны. Пазьней, на Ўнівэрсытэце Сьцяпана Батуры ў Вільні гэбрайскія студэнты ўваходзілі ў Беларускі Студэнцкі Саюз. Калі ў 1937 годзе рэктар, кс. Вуйціцкі, прыняў загад, каб у аўдыторыях гэбраі сядзелі на асобных лавах зь левага боку, тады беларусы сядалі на тыя лавы разам з гэбраямі. На некаторых факультэтах узьнікалі бойкі з польскімі студэнтамі-антысэмітамі. Усе нацыянальныя меньшыні ў Польшчы былі ў тых-жа ўмовах, што і гэбраі. У Вільні на выбарах у гарадзкую раду з дапамогай гэбраяў балятаваўся беларус, інжынэр Грабінскі. Інжынэр Бусел, былы слуцкі паўстанец, супрацоўнічаў у падрыхтоўцы праектаў, якія пасьля былі рэалізаваныя ў кібуцах у Палестыне.

Падчас Другой сусьветнай вайны беларусы, як маглі, ратавалі гэбраяў. Сп. Шукелойць прывёў прыклады, калі беларускія супрацоўнікі ў нямецкай цывільнай адміністрацыі ў Менску, у т. л. сам сп. Шукелойць, ратавалі гэбраяў, якія ўцяклі з гета, дапамагалі вырабіць “арыйскія” дакумэнты, уладкоўвалі на працу. Некаторых сіротаў усынаўлялі. Нават тут, у Амэрыцы, ёсьць некалькі беларускіх сем’яў, дзе былі такія дзеці.

У Злучаных Штатах, адносіны таксама былі добрыя. Гэбраі шмат дапамагалі беларусам, асабліва ў 1950-я гады, калі толькі ствараліся беларускія нацыянальныя асяродкі й арганізацыі. Сярод тых людзей можна назваць сэнатара Джэвіца, прафэсара Ліхтэна. Наагул, гістарычна беларусам і гэбраям давялося жыць побач на працягу стагодзьдзяў, і заўсёды беларусы лічыліся талерантнымі ў адносінах да гэбраяў, ніколі ня мелі варожасьці, у адрозьненьні ад некаторых іншых народаў — і гэбраі заўсёды адзначалі й адзначаюць гэта. Таму і сёньня антысэмітызму ня можа быць месца ў беларускіх асяродках і ў беларускіх арганізацыях.

Затым з інфармацыяй пра аднаўленьне дзейнасьці аддзелаў БАЗА ў Чыкага і Мінэапалісе, а таксама аб маючым адбыцца аднаўленьні аддзелу ў Вашынгтоне выступіў старшыня Галоўнай управы сп. Вячка Станкевіч. Ён таксама паінфармаваў пра маючую адбыцца ў Вашынгтоне імпрэзу-прэзэнтацыю фільму пра падзеі ў Беларусі з удзелам рэжысэра Хашчавацкага.

Спн. Алла Орса-Романо паінфармавала пра маючы адбыцца Славянскі фэстываль і заклікала прысутных прымаць актыўны ўдзел у фэстывалях ды іншых культурніцкіх імпрэзах, каб былі людзі, здольныя рэпрэзэнтаваць беларускую грамаду, распавесьці амэрыканцам пра Беларусь і яе культуру.

Сп. Анатоль Колбун прачытаў па даручэньні сп. Зянона Пазьняка ягоны зварот “Зорка нашай перамогіі”, прысьвечаны Дню Беларускай вайсковай славы. Ён таксама запрасіў прысутных на фэстываль 30 верасьня ды імпрэзу ў гонар 50-годзьдзя сабору сьв. Кірылы Тураўскага 25 лістапада, і на маючую адбыцца выставу мастака Ўладзімера Новака.

Сп. Віктар Едзіновіч і сп. Сяргей Пятровіч пазнаёмілі прысутных са сваімі ўражаньнямі ад наведаньня Беларусі, дзе кожны зь іх нядаўна пабываў. Асноўнае ўражаньне — людзі ня надта задаволеныя жыцьцём, моладзь ня бачыць пэрспэктываў, хоць на вуліцах чыста і для значнай колькасьці насельніцтва забясьпечаны мінімальны ўзровень дабрабыту. Беларускай мовы, беларускіх нацыянальных рысаў сустракаецца ў гарадох дужа мала. Сп. Пятровіч адзначыў: “Праз два дні побыту там — захацелася назад у сапраўдную Беларусь, у Нью Ёрк”.

Пасьля сходу прысутныя мелі нагоду ў нефармальнай атмасфэры калегавацца зь землякамі.

Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005
Хостынг — 1and1
Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы