Рассылка

Апытаньне



 
№570 ВЕСТКІ Маладзёвая бачынаАб’явыПрэмія ЮхнаўцаКрама


Жнівеньскі сход аддзелу БАЗА

Віталь ЗАЙКА

Чарговы жнівеньскі сход Нью Ёрскага аддзелу Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня прайшоў 12 жніўня. Напачатку з аглядам апошніх падзеяў ў Беларусі выступіў старшыня аддзелу Віталь Зайка. Ён распавёў пра канфлікт Лукашэнкі з Расеяй з-за выплатаў за газ, пра працяг перасьледу апазіцыйных сілаў у Беларусі, суды над прадстаўнікамі Маладога Фронту, зачыненьне апазіцыйнай камуністычнай партыі, арышты падчас дэманстрацыі ў гонар Дня абвешчаньня сувэрэнітэту Беларусі 27 ліпеня.

Зь лекцыяй пра лёс культурных набыткаў Беларусі ў галіне архітэктуры выступіў Ганаровы Старшыня БАЗА Антон Шукелойць. Ён распавёў пра тое, што было ў Менску ў час нямецкай акупацыі. Як ні дзіўна, з архітэктурных і культурных помнікаў амаль усё засталося цэлае, згарэў толькі касьцёл на Залатой Горцы і адна сынагога. Як дырэктар музэю і супрацоўнік гарадзкой адміністрацыі (аддзел культуры), сп. Шукелойць зьвярнуўся да мэра Менску Вацлава Іваноўскага з просьбай аднавіць касьцёл. Сродкаў на гэта тады не было, але касьцёл быў закансэрваваны. Вельмі хутка паўстала патрэба адкрыцьця праваслаўных цэркваў, зачыненых і часткова зьнішчаных бальшавікамі. Тады і быў перададзены пад праваслаўны сабор касьцёл бернардынак. Там і сёньня ёсьць праваслаўны сабор Сьв. Духа. Знайшлася, хоць у вельмі дрэнным стане, ікона Маці Божае Менскай. Яе адрэстаўравалі і перадалі ў сабор, дзе яна знаходзіцца і сёньня. Сп. Шукелойць распавёў пра іншыя разбурэньні, зробленыя бальшавікамі, у тым ліку пра зьнішчэньне дому, дзе жыў і скончыў жыцьцё самагубствам прафэсар-адраджэнец Усевалад Ігнатоўскі (на тым месцы цяпер стаіць танк ля Дому афіцэраў), і пра пераробку фасаду гарадзкога тэатру — гістарычнага будынку, дзе праходзілі паседжаньні Беларускай Рады, і адбыўся Другі ўсебеларускі кангрэс у 1944 годзе. Сп. Шукелойць паказаў шэраг фатаздымкаў, ілюструючы сваю лекцыю.

Затым з паведамленьнем пра дзейнасьць Галоўнай управы БАЗА выступіў яе старшыня Вячка Станкевіч. Ён распавёў пра ягоныя паездкі ў Чыкага, Кліўленд, Мінэапаліс з мэтай высьвятленьня становішча ў тамтэйшых асяродках і пашырэньня дзейнасьці БАЗА. Адбыліся два паседжаньні Галоўнай управы, асноўная тэма — пашэрэньне арганізацыі. Сп. Станкевіч узгадаў пра маючыя адбыцца канцэрты гурта “Беларускія Песьняры” ў Амэрыцы і Славянскі фэстываль у горадзе Маклін, дзе выступіць трыё Казакоў.

У канцы сходу прагучалі аб’явы і паведамленьні.


Ад Галоўнай Управы БАЗА

На чарговым паседжаньні Галоўнай управы 30 жніўня 2007 году абмяркоўваліся бягучыя справы, асабліва вакол культурна-асьветніцкай дзейнасьці. Азнаямленьне з магчымасьцямі дапамогі новапрыбылым імігрантам, якімі карыстаюцца іншыя нацыянальнасьці, было таксама на парадку дня.

АСЯРОДКІ. Старшыня Галоўнай управы В.Станкевіч падчас свайго адпачынку адведаў беларускую грамаду ў Чыкага і Мінэапалісе. У абодвух гарадох прайшлі спатканьні з людзьмі, зацікаўленымі ў стварэньні структураў БАЗА. Пачалі дзейнічаць арганізацыйныя камітэты, заданьнем якіх ёсьць пашырэньне інфармацыі пра дзейнасьць БАЗА, ды такім чынам заснаваньне гурткоў або аддзелаў БАЗА ў сваіх асяродках.

Зацікаўленных атрымаць больш інфармацыі просім зьвяртацца да наступных асобаў:

У Чыкага: Юрка Цыпурка – (847)962-9875 або Ванкарэм Нікіфаровіч - (847)419-1943.

У Мінэапалісе: а.Ігар Лабацэвіч – (612)789-6252 або (216)632-1089 або па e-mail Галоўнай Управы БАЗА (адрас ніжэй).

У Вашынгтоне аднаўляецца дзейнасьць структуры БАЗА. Па інфармацыю можна зьвяртацца да Алесі Сёмухі: (703)534-4089.

Пра дзейнасьць і пляны Галоўнай Управы таксама паведамлялася на сходах аддзелаў БАЗА ў Нью-Ёрку і Нью-Джэрзі.

СПАТКАНЬНІ З КАНГРЭСМЕНАМІ. Пазнаёміцца з сваім кангрэсмэнам даволі проста. Нядаўна з кангрэсмэнам Франкам Паллоне можна было спаткацца на мясцовым town meeting. Яму была выказана падзяка за падтрымку Акту аб Дэмакратыі ў Беларусі, на што ён адзначыў, што будзе сваю падтрымку працягваць. Ён выкарыстаў нагоду паведаміць прысутным, што продкі ягонай жонкі паходзяць зь Беларусі.

Плянуецца спатканьне з бадай найбольшым прыхільнікам дэмакратыі ў Беларусі кангрэсмэнам Крысам Смітам у Трэнтане. Зацікаўленых далучыцца да беларускай дэлегаціі зьвяртайцеся да М. Цімашэнкі па е-mail: svetlyachok10@hotmail.com або па тэлефоне (609)510-3976.

Адрас Галоўнай Управы БАЗА:

Belarusan-American Association
P.O.Box 1347, Highland Park, NJ 08904
e-mail: BAZA.HQ@hotmail.com

Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005
Хостынг — 1and1
Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы