Рассылка

Апытаньне



 
№570 ВЕСТКІ Маладзёвая бачынаАб’явыПрэмія ЮхнаўцаКрама


Весткі нью-ёркаўскага аддзелу

Віталь ЗАЙКА

Ліпеньскі сход нью-ёркаўскага аддзелу БАЗА

У нядзелю, 8 ліпеня, адбыўся чарговы ліпеньскі сход аддзелу БАЗА. Напачатку сходу сп. Віталь Зайка, старшыня аддзелу, даў агляд падзеяў у Беларусі за апошнія тыдні. Ён згадаў працяг перасьледу актывістаў “Маладога Фронту”, маладзёвай камісіі Партыі БНФ ды іншых прадстаўнікоў нацыянальна арыентаванай моладзі. Таксама працягваецца зьнішчэньне архітэктурных помнікаў, гістарычнай забудовы гарадоў і мястэчак Беларусі. Па словах актывісткі зьліквідаванай суполкі “Стары горад” Ірыны Лаўроўскай зь Берасьця, рэжымам Лукашэнкі праводзіцца “зачыстка ўсяго, што робіць нашую краіну адметнай”. Сымбалічна, што ў Віцебску зьнішчаныя падмуркі гістарычнай Ільлінскай царквы, каб пракласьці каналізацыйны калектар. Разбураецца гістарычная частка Горадні, у Менску комплекс бэрнардынскіх муроў плянуюць перарабіць на гатэлі й лазьні. Поруч з наступам на мову і культуру зьнішчаецца беларуская гістарычная культурная прастора.

Затым з кароткім паведамленьнем пра дзейнасьць Галоўнай управы БАЗА выступіў яе старшыня Вячка Станкевіч. Ён накрэсьліў асноўныя кірункі дзейнасьці па двух лініях — арганізацыйна-прадстаўнічай і грамадзка-актыўнай. Па першай плянуюцца паездкі ў Вашынгтон, сустрэчы з афіцыйнымі асобамі, кангрэсмэнамі. Плянуецца таксама наведаньне Кліўлянду ў жніўні, а таксама Чыкага і Мінэапаліса дзеля пошукаў і кантактаў ключавых асобаў, якія маглі-б дапамагчы ў адраджэньні або стварэньні структураў БАЗА. Па другой лініі плянуецца падрыхтоўка культурна-асьветнай праграмы ў выглядзе мэню. Аддзелы будуць выбіраць тэмы паводле зацікаўленасьці й досьведу (кантактныя асобы ў гэтым праекце — Алла Орса-Романо і Сяргей Капытка). Плянуецца таксама распачаць сацыяльна-дапамаговую дзейнасьць.

Зь лекцыяй пра культурныя здабыткі ў Беларусі, іх мінулы і сёнешні стан, выступіў Ганаровы старшыня БАЗА сп. Антон Шукелойць. Ён коратка акрэсьліў сутнасьць сёнешняй праблемы з стаўленьнем да гістарычных помнікаў у Беларусі, і падрабязьней спыніўся на часах Другой сусьветнай вайны, калі яму выпала выконваць функцыю апекі над гістарычнымі й мастацкімі помнікамі Менску ў гарадзкой управе пад нямецкай акупацыяй. Адзін з прадстаўнікоў нямецкай адміністрацыі др. Курц, быў захоплены архітэктурным абліччам Менску, уважаў, што Менск — гэта заходні, эўрапэйскі горад, і яго неабходна цаніць і бараніць. Курц зрабіў вялікую сэрыю фатаздымкаў, частка зь якіх цяпер знаходзіцца ў сп. Шукелойця. Сп. Шукелойць узгадаў прысягу беларускіх дзеячоў на магіле Ўсевалада Ігнатоўскага, спыніўся на асобе Ігнатоўскага і на мясьцінах у Менску, якія зьвязаныя з ягоным імём. Ролю Ігнатоўскага “належным чынам” ацанілі антыбеларускія сілы. Расейскі бальшавізм, нягледзячы на тое, што Ігнатоўскі пазьбег допытаў, катаваньняў і расстрэлу, зрабіўшы самагубства, зьнішчыў усю ягоную сям’ю: жонку і сыноў. Сп. Шукелойць таксама распавёў пра Горадню — улюбёны горад караля С. Батурага, рэзыдэнцыю апошняга караля, Станіслава-Аўгуста, дзе быў зарганізаваны першы ў Беларусі мэдычны інстытут. Цяпер гэты горад фактычна зьнікае, Масква стараецца нішчыць усе праявы таго, праз што Беларусь лучыцца з Эўропай. Сп. Шукелойць адзначыў важнасьць захаваньня гістарычнай архітэктурнай прасторы як аднаго са складовых чыньнікаў нацыянальнай сьведамасьці, самаўсьведамленьня нацыі.

Напрыканцы сходу традыцыйна прагучэлі аб’явы і паведамленьні.


Ад Галоўнай Управы БАЗА

Пытаньне пашырэньня БАЗА

Апошнім часам сотні беларусаў штогод прыяжджаюць у Амэрыку. Адныя – адведаць тут сваякоў, іншыя для працягу вучобы. Некаторыя прыяжджаюцб, каб падзарабіць і вярнуцца дахаты, а іншыя з намерам застацца тут настала.

Аддзел БАЗА ў некаторых асяродках тут зьяўляецца месцам, дзе можна пачуць беларускую мову, пабыць на багаслужбе або атрымаць найсьвяжэйшыя весткі зь Беларусі ды патрэбную інфармацыю пра рэаліі тутэйшага жыцьця. З свайго боку арганізаваныя адзінкі ў дэмакратычнай дзяржаве як Злучаныя Штаты Амэрыкі маюць магчымасьць уплываць на праняцьцё законаў, карысных для новых імігрантаў, і таксама законаў палітычных і эканамічных, карысных для Беларусі.

Усё пералічанае адносіцца да асяродкаў, дзе ўжо існуюць аддзелы БАЗА. А што рабіць беларусам, расцярушаным па ўсёй Амэрыцы? Ім нават болей можа быць патрэбна сувязь з суродзічамі. Сяброўства ў БАЗА можа быць для іх тым патрэбным лучнікам. Статут БАЗА дае магчымасьць людзям, якія жывуць далёка ад аддзелаў, стаць сябрамі БАЗА праз Галоўную Ўправу. Такім спосабам колькасьць штатаў, дзе арганізацыя мае сваіх сяброў, пабольшыцца, і пашыраецца ўплыў на дзяржаўныя ўстановы ЗША. Газэта «Беларус» і шэраг сайтаў ў Інтэрнэце служаць магчымымі сродкамі сувязі для іх.

У мінулым месяцы былі зробленыя захады дзеля стварэньня новых структураў БАЗА ў Чыкага і Мінэаполісе. Пачынаючы з пары зацікаўленых асобаў, пачалася акцыя заснаваньня гурткоў (дэлегатураў або аддзелаў) БАЗА. Поволде Статуту арганізацыі, каб заснаваць гурток, трэба мець 5 сяброў, для аддзелу – пажадана хаця 10-20. Наступнымі крокамі ў пашырэньні дзейнасьці БАЗА будуць аднаўленьне раней існуючых структураў БАЗА ў Вашынгтоне, Новай Англіі й Каліфорніі. Асобаў з іншых мясцовасьцяў, зацікаўленых стаць сябрамі БАЗА, просім зьвяртацца ў Галоўную Ўправу, адрасы якой пададзеныя ніжэй:

Belarusan-American Association
P.O. Box 1347
Highland Park, NJ 08904

Электронная. пошта: BAZA.HQ@hotmail.com

Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005
Хостынг — 1and1
Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы