Лютаўскі сход аддзелу БАЗАВіталь ЗАЙКАУ нядзелю, 11 лютага, адбыўся чарговы лютаўскі сход Нью Ёрскага аддзелу БАЗА. Напачатку сходу старшыня аддзелу сп. Віталь Зайка прапанаваў кароткі агляд падзеяў у Беларусі за апошні месяц. Сярод іх былі ўзгаданыя працяг так званай нафтагазавай вайны паміж Беларусьсю і Расеяй. Інтэрвію Лукашэнкі агенцыі “Ройтар”, у якім ён заявіў пра гатовасьць да супрацоўніцтва з краінамі Эўразьвязу, і пра намеры разьвіваць “заходні” вэктар зьнешняй палітыкі. У гэтым-жа інтэрвію ён ганіў і вінаваціў Расею. Але наўрад словы Лукашэнкі льга ўспрымаць як шчыры намер павярнуцца да Захаду. Хутчэй гэта ціск на Расею, каб прымусіць яе зьмяніць кошты на энэрганосьбіты. Неадназначнай падзеяй зьяўляецца прапанова А. Мілінкевіч пачаць дыялёг з апазыцыяй, выказаная ў адкрытым лісьце да Лукашэнкі. Вядома, што дасюль той ніколі не трымаў свайго слова і скарыстоўваў такія прапановы ў сваіх мэтах, застаючыся верным сайму крэда — памяняць пасаду прэзыдэнта Беларусі на такое-ж месца ў Крамлі. Працягваецца ціск на “Малады Фронт”, двух ягоных сяброў КГБ змушала напісаць лісты Лукашэнку аб адмове ад дзейнасьці, самаліквідацыі арганізацыі. Амбасадарка ЗША ў Беларусі Карэн Стуарт заявіла, што ад ураду Беларусі чакаюць канкрэтных крокаў па зьмене палітычнага клімату ў краіне.
Затым з гутаркай пра ролю моладзі ў беларускім нацыянальным руху выступіў Старшыня Галоўнай управы БАЗА сп. Антон Шукелойць. Ён адзначыў, у прыватнасьці, што менавіта моладзь у асобах братоў Луцкевічаў мела дачыненьне да выпрацоўкі Акту 25 Сакавіка, і менавіта моладзь складала асноўную сілу ў вайсковых фармаваньнях случчакоў. Моладзь была актыўнай у беларускім нацыянальным змаганьні ў Заходняй Беларусі і ў беларускай нацыянальнай дзейнасьці падчас Другой сусьветнай вайны. Масавы прыезд маладых людзей пасьля вайны ў ЗША даў мажлівасьць збудаваць моцны і палітычна актыўны асяродак беларускасьці. “Людзі, якія прайшлі агонь змаганьня за Беларусь, нацыянальна вызначаныя і гатовыя да працы, утварылі свае арганізацыі, сталі выдаваць газэты, ладзіць кантакты зь мясцовымі афіцыйнымі й палітычнымі структурамі, каб прыцягнуць увагу да становішча Беларусі пад камуністычным панаваньнем. Сёньня Беларусь ізноў пад тыранічнай уладай, і менавіта моладзь павінна сёньня пераняць сьцяг і ідэю змаганьня за вольную незалежную Бацькаўшчыну”.
Затым старшыня маладзёвай арганізацыі пры БАЗА Мікалай Цімашэнка распавёў пра маючую адбыцца 16 лютага ў Вашынгтоне акцыю салідарнасьці з супрацівам рэжыму Лукашэнкі, і заклікаў прысутных прыняць удзел у гэтай акцыі. Для паездкі зь Нью Ёрку ў Вашынгтон арганізатары адмыслова нанялі 2 мікрааўтобусы.
У канцы прагучэлі паведамленьні й аб’явы, а затым прысутныя маглі калегавацца пры кубку кавы, і пакаштаваць прысмакаў, прыгатаваных для Запускаў.
Кроніка падзеяў у Нью Ёрку
4 лютага, адразу пасьля сустрэчы з Івонкай Сурвіллай, адбылася размова сп. Вячкі Станкевіча, колішняга дырэктара Беларускай службы Радыё Свабода, а сёньня намесьніка Старшыні Рады БНР, з моладзьдзю. Набліжаецца Кангрэс БАЗА і сп. Станкевіч прэзэнтаваў сябе, як аднаго з кандыдатаў на пасаду старшыні. Ён гаварыў аб дзейнасьці БАЗА і шляхах яе інтэнсыфікацыі, якія бачыць у актывізацыі працы аддзелаў на месцах, пашырэньні кола актывістаў і іхняга вопыту. Беларусы ў Амэрыку прыяжджаюць тысячамі, і трэба зрабіць, каб людзі знаходзілі сабе месца ў жыцьці беларускай грамады.
Сп. Станкевіч сказаў, што вынікі працы не залежыць ад аднаго чалавека, таму ён хоча стварыць каманду, і што падрыхтоўка наступнага кіраўніцтва будзе адной зь ягоных задачаў. Ён заахвоціў прысутных да зьмены кіраўніцтва БАЗА сказаўшы: “Часта мы наракаем на кіраўніцтва, але калі прыходзіць час нешта мяняць, то мы адступаем.”
Прысутныя задавалі выступоўцу вострыя пытаньні. Адчувалася, што моладзі не стае інфармацыі аб дзейнасьці БАЗА, яе структуры і кіруючых органах.
Сваё меркаваньне выказаў сябра Галоўнай Управы БАЗА сп. Аляксандар Міцкевіч. ”Ня ўсё так адназначна, як прадстаўляецца. Кангрэс БАЗА даўно не склікаўся, але з пачаткам 2007 году ўсё зрушылася. У згодзе з аддзеламі ў Нью Джэрзі й Нью Ёрку трэба выбраць Галоўную Ўправу БАЗА.”
---------------------------------
У панядзелак, 19 лютага, у грамадзкай залі пры Саборы Сьв. Кірылы Тураўскага ў Брукліне адбылося спатканьне з намесьнікам старшыні БНФ сп. Алесем Міхалевічам.
Сп. Міхалевіч зьяўляецца актыўным удзельнікам змаганьня за свабоду і незалежнасьць Беларусі, у тым ліку падчас падзеяў сакавіка 2006 году. Акрамя БНФ браў удзел у маладзёвых ініцыятывах, у студэнцкім руху. Быў абраны і працаваў дэпутатам Пухавіцкага райсавету. Зьяўляецца адным зь першых выпускнікоў Беларускага гуманітарнага ліцэю. Кандыдат навук у галіне паліталёгіі. Яму не было дазволена абараніць доктарскую дысэртацыю. За сваю палітычную дзейнасьць шмат разоў быў арыштаваны.
Сустрэча была напружаная і цікавая. Прыхільнікі КХП БНФ задавалі госьцю вострыя пытаньні, але той, паказаўшы высокі інтэлектуальны ўзровень, годна на іх адказаў.
Сп. Міхалевіч распавёў пра дзейнасьць партыі БНФ, пра раскол партыі, пра спробы пазбавіць БНФ сядзібы. Датычна скліканьня Кангрэсу дэмакратычных сілаў была выказаная ацэнка, што гэта ёсьць спроба падарваць пазіцыі Аляксандра. Мілінкевіча.
---------------------------------
25 лютага ў Саборы Сьв. К. Тураўскага, па ініцыятыве Згуртаваньня Беларускай Моладзі ў Амэрыцы (Моладзь БАЗА) адбылася сустрэча з настаяцелем Сабору а. Пятром.
Пачаў сустрэчу Мікола Цімашэнка, распавёўшы аб гісторыі набыцьця будынку сёньняшняга Сабору ў 1957 годзе.
Сп. Барыс Данілюк распавёў прысутным пра гісторыю беларускага хрысьціянства ад часоў Полацкага княства да цяперашняга часу, асабліва падкрэсьліўшы заўсёднае імкненьне нашай царквы да аўтакефаліі.
Пасьля такога азнаямляльнага ўступу а. Пётр распавёў прысутным пра правілы паводзінаў у сьвятыні, асаблівасьцях Багаслужбы ды адказаў на пытаньні.
ЗБМА плянуе зрабіць сустрэчы зь сьвятаром рэгулярнымі.
Мікалай ЦІМАШЭНКА