Рассылка

Апытаньне



 
№570 ВЕСТКІ Маладзёвая бачынаАб’явыПрэмія ЮхнаўцаКрама


Дзень Беларускай Вайсковай Славы

У кожнага эўрапейскага народу акрамя агульных сьвятаў, такіх як Каляды, Вялікдзень альбо Новы год, ёсьць яшчэ й свае нацыянальныя. Яны адзначаюцца ў гонар вельмі знакавых падзей у гісторыі кожнага народу: Дзень Незалежнасьці, Дзень Рэвалюцыі, Дзень Канстытуцыі, Дзень Перамогі і гэтак далей.

У беларусаў, хто лічыць сябе такімі ня толькі па пашпарту, але й па духу, такое найвялікшае сьвята – Дзень Волі 25 Сакавіка, якое адзначаецца ў гонар абвешчаньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі .

Напрыканцы 80-х гадоў мінулага стагодзьдзя сьвядомыя беларусы пачалі адзначаць 8 верасьня як Дзень Беларускай Вайсковай Славы. У гэты дзень на рацэ Крапіўне, каля Воршы, у далёкім 1514 годзе войскі Вялікага Княства Літоўскага пад кіраўніцтвам гэтмана Канстанціна Астрожскага разьбілі ўшчэнт навалу Маскоўскага княства, якое спрабавала зьняволіць нашую старажытную дзяржаву. У гэты дзень было ўпершыню прыпынена пераможнае шэсьце ўладароў Масковіі па захопу земляў сваіх суседзяў: Разані, Цьверы, Вялікага Ноўгараду. Нарэшце, за некалькі гадоў да ўзгаданай сечы, настала чарга й Вялікага Княства Літоўскага. Напачатку маскоўцы захапілі Бранск, Смаленск і іншыя гарады, а потым іхняе войска рушыла ў глыб нашай краіны, каб канчаткова яе зваяваць.

Які лёс чакаў наш народ, калі-б ваяры Астрожкага не перамаглі? Верагодна, напаткаў-бы нас лёс Вялікага Ноўгараду, які быў пераможаны маскоўцамі ў 1478 годзе. Да захопу гэта быў адным з найбольшых ва Ўсходзе Эўропы квітнеючых горадоў, цэнтар гандлю і рамёстваў, пісьменства і культуры, горад старажытнай Сафіі ды іншых прыгожых храмаў... Магчыма, неўзабаве там зьявіліся-б унівэрсытэты, тэатры, цудоўныя палацы...

Аднак, пасьля зваяваньня, разьвіцьцё наўгародзкай зямлі спынілася, а вольных наўгародцаў праз 90 гадоў напаткаў жахлівы лёс. Маскоўскі цар Іван Жахлівы разам з ягонымі памагатымі абрабавалі горад, закатавалі, згвалцілі, забілі тысячы гараджанаў. Наўгародзкая зямля пасьля гэтага больш ніколі не адрадзілася. Дарэчы, у праграмах савецкіх школаў пра гэтую бойню не было ніякіх згадак. Ня маю сумневу, калі-б такое злачынства зьдзейсьнілі манголы, швэдзкія альбо польскі каралі, пра гэта напісалі-б у падручніках зь першай і па апошняю клясу. Зараз Ноўгарад - звычайны расейскі правінцыйны горад, акружаны выміраючымі вёскамі. І толькі старыя муры нагадваюць пра мінулую веліч.

Нажаль сьвята Вайсковай Славы ніяк не адзначаецца афіцыйна ў Беларусі. Калі дзе і ёсьць згадкі, дык толькі як аб “правакацыі нацыяналістаў”, якія хочуць пасварыць беларускі народ з братэрскай Расеяй. Але давайце паглядзім на Бэльгію, а дакладней на частку гэтай фэдэратыўнай дзяржавы - Фляндрыю. Калі ў флямандцаў пачаўся адраджэнскі рух, дык яны выбралі за нацыянальнае сьвята дату 11 ліпеня – у гонар перамогі мясцовага паспалітага рушэньня над французкімі рыцарамі ў знакамітай бітве Залатых шпораў, якая адбылася аж у 1302 годзе! І нічога, ніхто не пакрыўджаны, жывуць разам з франкамоўнымі валёнцамі ў адной краіне.

І галоўнае. Калі-б не было слаўнай перамогі 8 верасьня на крывавых берагах Крапіўны, ніхто-б ня ўспомніў пра краіну Беларусь у сакавіку 1918 году.

Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005
Хостынг — 1and1
Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы