Рассылка

Апытаньне



 
№570 ВЕСТКІ Маладзёвая бачынаАб’явыПрэмія ЮхнаўцаКрама


Жнівеньскі сход аддзелу БАЗА і прэзэнтацыя кнігі С. Навумчыка

Віталь ЗАЙКА

У нядзелю, 13 жніўня, у Нью Ёрку прайшоў чарговы сход аддзелу БАЗА. Напачатку старшыня аддзелу В. Зайка паведаміў пра надыходзячую 27 Сустрэчу Беларусаў Паўночнай Амэрыкі ў Нью Брансуіку, Нью Джэрзі. Затым ён распавёў пра выхад кнігі С. Навумчыка “Сем гадоў Адраджэньня, альбо Фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)”. Гэтая кніга ёсьць надзвычай патрэбнай спробай асэнсаваньня падзеяў канца 1980-х—пачатку 1990-х гадоў, што прывялі да аднаўленьня беларускай незалежнасьці, з пункту гледзішча непасрэднага ўдзельніка падзеяў, дэпутата Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га скліканьня.

Затым перад прысутнымі выступіў аўтар кнігі, сп. Сяргей Навумчык. Ён адзначыў, што кніга ёсьць вынікам клапатлівай працы, у тым ліку з дакумэнтамі той эпохі. У Нью Ёрк і Прагу быў перапраўлены архіў апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце, і гэта дало магчымасьць дакладна ўзнавіць усе неабходныя абставіны, даты падзеяў і г. д. Сёньня, як ніколі, патрэба згадаць пра абставіны набыцьця Беларусьсю незалежнасьці стаіць надзвычай востра. Лукашэнка, які ўвесь час заяўляў, што гатовы паўзьці ў Маскву на каленях, аплёўваў незалежніцкія ідэалы, сёньня выдае сябе ледзь не за здабыўцу незалежнасьці, зь якога пачынаецца найноўшая беларуская гісторыя. Людзі, якія стваралі незалежную Беларусь —сёньня замоўчваюцца, як-бы іх і не было. Незалежнасьць быццам звалілася зь неба, аднак гэта зусім ня так. Менавіта дзеля таго, каб нагадаць, як на самой справе адбываліся падзеі лёсавырашальнага для Беларусі часу, і была напісаная кніга. Менавіта стварэньне беларускай незалежнай дзяржавы ёсьць найважнейшай падзеяй найноўшай гісторыі Беларусі. Фальшыва прэтэндуючы на ролю творцы беларускай дзяржавы, Лукашэнка як-бы імкнецца давесьці, што ён-жа мае права і ліквідаваць яе, дзеля асабістых амбіцыйных плянаў заняцьця вышэйшай пасады ў Маскве.

Таму асабліва важна нагадаць, хто і як змагаўся за незалежнасьць Беларусі, і якой была на самай справе пазыцыя Лукашэнкі адносна ўзьнікненьня беларускай незалежнай дзяржавы. Гэта надзвычай актуальна цяпер, калі ў сьвятле газавых ды іншых спрэчак і закулісных гульняў з Расеяй Лукашэнка спрабуе здабыць сабе рэпутацыю “незалежніка”. Сп. Навумчык коратка спыніўся на асноўных падзеях канца савецкага панаваньня ў Беларусі і адзначыў ролю такіх асобаў, як З. Пазьняк, В. Быкаў, М. Ткачоў, І. Гермянчук ды шмат іншых, у здабыцьці назалежнасьці. Асобна ён спыніўся на змаганьні з камуністычнай большасьцю ў Вярхоўным Савеце, падзеях 15-гадовай даўніны, ГКЧП, дэманстрацыях ды шэсьцях, прыняцьці актаў аб замацаваньні сувэрэнітэту і незалежнасьці ў 1991 годзе, аднаўленьні нацыянальных сымболяў, дзейнасьці апазыцыі БНФ, выбарах 1994 году, зьбіцьці дэпутатаў і рэфэрэндуме 1995 году, і пра шмат іншых падзеяў. Асобна прамоўца спыніўся на рэакцыйнай дзейнасьці Лукашэнкі, падмацоўваючы аповед выпадкамі, сьведкам якіх быў ён сам. Напрыканцы выступу аўтар кнігі адмыслова падзякаваў сп. З. Пазьняку за дапамогу ў стварэньні кнігі.

Затым да прысутных зьвярнуўся сп. Зянон Пазьняк. Ён у прыватнасьці сказаў: “Сёньня вельмі радасны дзень, чаканы даўно. Выхад кнігі Сяргея Навумчыка пра тыя лёсавызначальныя часы аднаўленьня незалежнасьці — вялікая грамадзкая і культурная падзея ў жыцьці Беларусі. Сёньня праз палітыку рэжыму адбываеца зьнішчэньне нават не гісторыі, а гістарычных прынцыпаў, што ляжаць у падвалінах сучаснай беларускай незалежнасьці. Досьлед, пра які сёньня гаворым, зрабіў сам удзельнік працэсу, бо гісторыкі, што мусілі-б заняцца гэтай тэмай — або баяцца, або ня маюць магчымасьці весьці досьледы і надрукаваць іх. Важна, каб усе здабыткі тагачаснай барацьбы, і досьвед яе, былі скарыстаныя ў сёнешняй і будучай працы, каб ня трэба было вынаходзіць ровар. Таму гэтая кніга — першая ластаўка.”

Затым сп. Пазьняк распавёў пра часы Адраджэньня 1980-1990-х: “Тая сыстэмная праца, што вялася з дня ў дзень — ацэньваю яе як бітву пад Воршай і як нашую перамогу. Чаму гэтая перамога была здабытая? Вось прычыны: 1) была створаная адраджэнская арганізацыя (БНФ), што базавалася на нацыянальнай ідэі; 2) прадстаўнікі гэтай арганізацыі апынуліся ў патрэбным месцы ў патрэбны час, правільна скарысталі ўвесь магчымы патэнцыял; 3) была массавая падтрымка нацыянальных ідэяў у часткі беларускага грамадзтва, якую называю “шляхецтва духу”. Усе гэтыя чыньнікі, а не “пасланьне зь неба” прывялі да стварэньня сучаснай незалежнай беларускай дзяржавы, што выдата апісвае кніга Сяргея Навумчыка.”

Затым перад прысутнымі выступілі сьведка падзеяў, былая дэпутатка Менгарсавету і сябра апазыцыі БНФ спн. Галіна Пазьняк (Вашчанка), а таксама Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі спн. Івонка Сурвілла, і Старшыня Галоўнай управы БАЗА сп. Антон Шукелойць, якія адзначылі важнасьць і сваечасовасьць выхаду кнігі.

Сп. З. Пазьняк распавёў затым пра свае сустрэчы ў Варшаве з моладзьдзю, якая брала ўдзел у падзеях 19-25 сакавіка ў Менску: “Тыя, хто думае, што ў Беларусі няма адданых і моцных духам змагароў, вельмі памыляюцца. Ёсьць людзі, іх шмат, якія любяць Беларусь, і гатовыя за яе змагацца. Трэба, каб гэтыя людзі адчувалі падтрымку, і каб яны ведалі пра дзейнасьць дыяспары”.

Затым у разьдзеле “Рознае” з паведамленьнем пра высунуты праект адноўленага варыянту “Акту аб Дэмакратыі ў Беларусі” у Кангрэсе ЗША і патрэбе падтрымаць яго, выступіў сп. Вячка Станкевіч.

Жадаючыя маглі набыць кнігу С. Навумчыка і атрымаць аўтограф аўтара.

Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005
Хостынг — 1and1
Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы