Рассылка

Апытаньне



 
№570 ВЕСТКІ Маладзёвая бачынаАб’явыПрэмія ЮхнаўцаКрама


Ліпеньскі сход аддзелу БАЗА ў Нью Ёрку

Віталь ЗАЙКА

Чарговы ліпеньскі сход нью ёркскага аддзелу Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня адбыўся 9 ліпеня. Напачатку сходу старшыня аддзелу сп. В. Зайка прадставіў прысутным госьцю зь Беларусі спн. Валянціну Палевікову, дзяячку апазыцыйнага руху і ўдзельніцу падзеяў 19-25 сакавіка на Плошчы Каліноўскага ў Менску. Спн. Палевікова распавяла пра сваю дзейнасьць у якасьці заснавальніцы й старшыні першай жаноцкай партыі ў Беларусі, якую сёньня, нажаль, рэжым здолеў раскалоць, як і шэраг іншых партыяў. Цяпер спн. Палевікова зьяўляеца сябрам палітрады Аб’яднанай грамадзянскай партыі, старшынёй менскага штабу аб’яднаных дэмакратычных сілаў. Распавёўшы пра свой, разам з сп. А. Дабравольскім, візыт у Канаду, спн. Палевікова потым расказала пра свой удзел у прэзыдэнцкай кампаніі Аляксандра Мілінкевіча і пра свае ўражаньні ад падзеяў 19-25 сакавіка ў Менску.

“Наагул выбараў як такіх не было. Вынікі былі проста сфальшаваныя. Добра вядома, што рэжым задзейнічаў усё, каб стэрарызаваць апазыцыю, прадухіліць любую праяву пратэсту. Тым ня менш грамадзтва адрэагавала на хлусьню і зьдзек — былі падзеі 19-25 сакавіка, была Плошча. Былі гэта трывожныя і трагічныя, але разам з тым і плённыя дні. Пра беларускія акцыі пратэсту даведаўся ўвесь сьвет, і, што важней, самыя беларусы адчулі, што разам можна і трэба змагацца за сваю будучыню. Моладзь ня хоча жыць пад дыктатурай. Калі намётавы лягер на Плошчы быў ліквідаваны, мяне таксама разам з усімі арыштавалі, і я была сьведкаю таго, як амонаўцы зьдзекваліся над моладзьдзю, кпілі – маўляў, сабраліся наркаманы і г. д. Трымалі ў турме КГБ у Менскім раёне, драўляныя голыя нары, сьмярдзючая параша-прыбіральня. 15 дзён не выводзілі на сьвежае паветра, увесь час чуваць былі толькі зьдзекі і абразы ад аховы. На 10-я суткі шмат у каго пачаўся нэрвовы стрэс, аднак людзі падтрымоўвалі адзін аднаго, праводзілі лекцыі, гутаркі. Шмат для каго турма стала палітычнай школай, і тыя, хто ня меў дачыненьня да палітычных арганізацыяў — сталі цікавіцца палітычным жыцьцём. Сёньня змаганьне супраць рэжыму Лукашэнкі працягваецца, яно прыцягвае новыя і новыя сілы.”

Спн. Палевікова адзначыла, што ў наступным годзе ў Беларусі пройдуць мясцовыя выбары, і хоць зноў умовы для перадвыбарчай дзейнасьці будуць найгоршыя, апазыцыя будзе працаваць зь людзямі, інфармаваць, весьці дзейнасьць ад дзьвярэй да дзьвярэй. Спн. Валянціна Палевікова адказала на пытаньні прысутных. Сярод пытаньняў былі: як да падзеяў сакавіка ставіцца моладзь, ці здольная сёнешняя апазыцыя выклікаць перамены ў сытуацыі, пра колер выбарчай кампаніі адзінага кандыдата ад апазыці Мілінкевіча, стаўленьне моладзі да мовы, нацыянальных культурных каштоўнасьцяў, каго бачаць палітычным лідэрам, ці апазыцыя гатовая да новых намётавых мястэчак. Прысутныя зь цікавасьцю сустрэлі выступ і шчырыя, адкрытыя адказы спн. В. Палевіковай.

Затым з гутаркай пра малавядомыя старонкі з гісторыі беларускай эміграцыі выступіў Саршыня Галоўнай управы БАЗА сп. Антон Шукелойць. Напачатку сп. Шукелойць ад імя БАЗА падзякаваў спн. Валянціне Палевіковай за цікавую гутарку і за адданую дзейнасьць на карысьць Беларусі. Затым ён спыніўся на выбітных асобах беларускай эміграцыі, і даў агляд гісторыі беларускай грамады ў Амэрыцы.

Затым у разьдзеле “Рознае” прагучэлі аб’явы і паведамленьні.

Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005
Хостынг — 1and1
Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы