Рассылка

Апытаньне



 
№570 ВЕСТКІ Маладзёвая бачынаАб’явыПрэмія ЮхнаўцаКрама


Сакавіцкі сход аддзелу БАЗА ў Нью Ёрку

Віталь ЗАЙКА

У грамадзкай залі пры Саборы Сьв. Кірылы Тураўскага ў Брукліне 12 сакавіка адбыўся чарговы, сакавіцкі, сход аддзелу БАЗА. Напачатку старшыня аддзелу Віталь Зайка распавёў пра падзеі апошняга месяцу ў Беларусі, пра надыходзячыя прэзыдэнцкія выбары 19 сакавіка й пра маючую адбыцца акцыю салідарнасьці за дэмакратыю ў Беларусі.

Затым з гутаркай пра раньнюю гісторыю беларускай грамады ў Амэрыцы выступіў сп. Антон Шукелойць, Старшыня Галоўнай Управы БАЗА. Гаворачы пра пачаткі беларускай прысутнасьці ў Амэрыцы сп. Шукелойць адзначыў, што кантакты паміж беларусамі й амэрыканцамі пачаліся яшчэ ў каляніяльны пэрыяд, XVI-XVIII стагодзьдзях. Сувязі з Амэрыкай, іміграцыя зь беларускіх земляў у Амэрыку патрабуюць далейшых досьледаў, але ўжо сёньня можна прывесьці шмат цікавых прыкладаў. Капітан Джон Сьміт быў першым губэрнатарам калёніі Вірджынія з 1608 году. За пяць год перад тым, ён наведаў беларускія землі, старабеларускую дзяржаву Вялікае Княства Літоўскае. У сваёй кнізе “Сапраўдныя падарожжы Капітана Сьміта”, выдадзенай у Лёндане ў 1629 годзе, аўтар узгадвае сваё знаходжаньне“ ў Рэчыцы каля Дняпра, у межах Літвы”. Ён таксама згадвае свой пошук сьпэцыялістаў у апрацоўцы канопляў, ільну і смалы і адзначае, што “людзі з Полацку, якія ўжо ёсьць у Вірджыніі, паказалі сябе надзвычай добра”. У старых дакумэнтах (1610 год) згадваецца лекар Лаўрэн Багун зь Беластоку. Беларускага паходжаньня верагодна быў і настаўнік лаціны Аляксандар Куртыюс (Курчэўскі), пра якога вядома, што ён прыехаў у калёніі ў 1659 годзе і навучаў лаціны ў Новым Амстэрдаме (сёнешні Нью Ёрк), а перад тым быў настаўнікам у Полацку.

Цікавай старонкай гісторыі зьяўляецца дзейнасьць у Амэрыцы полацкіх езуітаў. Калі Папа Рымскі забараніў дзейнасьць Таварыства Ісуса (ордэна езуітаў) у канцы 18 стагодзьдзя, расейская царыца Кацярына не дазволіла, каб забарона дзеіла ў межах новадалучаных да Расейскай імпэрыі беларускіх земляў, у тым ліку ў Полацку, у беларускай “правінцыі” Таварыства Ісуса. Таму езуіты, якія пазьней імігравалі й закладалі свае структуры ў Амэрыцы, фармальна падпарадкоўваліся свайму кіраўніцтву ў Полацку (тады цэнтар ордэну быў у Расейскай імпэрыі), і амэрыканскія езуіты трапілі пад юрысдыкцыю і былі часткаю “Беларускай Правінцыі Таварыства Ісуса”. Сярод іх актыўнымі былі айцы Баніфацы Крукоўскі, Норбэрт Корсак, Францішак Дзеружынскі. Айцец Дзеружынскі, родам з Воршы, быў прафэсарам тэалёгіі ў Полацкай акадэміі айцоў езуітаў. Пасьля іміграцыі ў Амэрыку а. Дзеружынскі спрычыніўся да разьвіцьця адукацыі й да заснаваньня Джорджтаўнскага ўнівэрсытыту.

Безумоўна, найбольш вядомым сынам беларускай зямлі ў Амэрыцы зьяўляецца Андрэй Тадэвуш Бонавэнтура Касьцюшка (1746-1817), герой трох народаў і актыўны ўдзельнік вайны за незалежнасьць Злучаных Штатаў. Прыехаўшы ў Амэрыку дабраахвотнікам у 1776 годзе, Касьцюшка паказаў свой вайсковы талент у бітве пры Саратозе ў 1777 годзе. Вярнуўшыся на бацькаўшчыну брыгадным генэралам, Касьцюшка браў удзел у вайне 1792 году супраць Расеі й Таргавіцкай канфэдэрацыі. Падчас паўстаньня супраць Расеі 1794 году ён стаў галоўнакамандуючым узброенымі сіламі й быў паранены каля Мацяёвіцаў, трапіў у расейскі палон. Пасьля вызваленьня імпэратарам Паўлам у 1796 годзе ён два гады жыў у ЗША, потым у Францыі, а памёр у Швайцарыі. Паўсюль Касьцюшку ведаюць як паляка, але ён нарадзіўся ў Беларусі й паходзіць з старажытнага беларускага шляхецкага роду, і беларускія аспэкты ягонага жыцьця амаль не дасьледваныя.

З іншых выдатных асобаў беларускага паходжаньня ў Амэрыцы варта адзначыць Генрыка Дмахоўскага, вядомага пад імём Генры Саўндэрс, скульптара і мастака, удзельніка паўстаньняў 1831 і 1863 гадоў. Беларускім шляхціцам з Магілёўскай губэрні быў першы прэзыдэнт Сэнату Гаваяў Мікалай Судзілоўскі-Русель, вядомы рэвалюцыянэр-народнік і навуковец.

Сп. Шукелойць назваў таксама шэраг асобаў навейшага часу, у тым ліку сп. сп. Норыка, Русака, Рагулю, Вярбіцкага, якія зрабілі ўнёсак і дасягнулі вядомасьці ў розных грамадзкіх і навуковых галінах, але падрабязна пра гэта будзе ў наступных гутарках. Сп. Шукелойць таксама адзначыў помнікі славутым сынам беларускай зямлі, у тым ліку Касьцюшку, Ягайлу (у Сэнтрал Парку, застаўся пасьля выставы 1939 году), касьцёл Сьв. Язэпа ў Філядэльфіі, дзе пачынаў сваю дзейнасьць а. Ф. Дзеружынскі, магілы беларускіх езуітаў у штаце Мэрыленд.

Затым сп. Шукелойць паінфармаваў пра гісторыю і кірункі працы арганізацыяў моладзі пры БАЗА. Сваіх чартараў яны ня мелі, і былі на чартары БАЗА. Арганізацыі актыўна прадстаўлялі беларускую моладзь на розных імпрэзах, ладзілі канцэрты, вечарыны. На адным з канцэртаў узыйшла зорка знакамітага сьпевака Багдана Андрусышына (Данчыка). У час старшынства спн. Раі Станкевіч быў створаны Фонд Любачкі. Беларуская моладзь потым зьмяніла старэйшае пакаленьне ў грамадзкіх арганізацыях.

Спн. Алла Орса-Романо коратка распавяла пра дзейнасьць танцавальнага ансамблю “Васілёк”, які быў створаны беларускай моладзьдзю. “Васілёк” шмат выступаў у Амэрыцы і наведаў з гастролямі Беларусь.

Сп. Вячка Станкевіч распавёў пра акцыі 16 дня кожнага месяцу ў Вашынгтоне.

Сп. Барыс Данілюк запрасіў вернікаў на Вялікоднае набажэнства 23 красавіка.

Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005
Хостынг — 1and1
Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы