Рассылка

Апытаньне



 
№570 ВЕСТКІ Маладзёвая бачынаАб’явыПрэмія ЮхнаўцаКрама


Лютаўскі сход аддзелу БАЗА ў Нью Ёрку

Віталь ЗАЙКА

Чарговы сход Нью Ёрскага аддзелу БАЗА прайшоў 19 лютага. Напачатку сходу сп. Віталь Зайка азнаёміў прысутных з падзеямі ў Беларусі за апошні месяц. Ён у прыватнасьці ўзгадаў збор подпісаў за кандыдатаў у прэзыдэнты Беларусі, рэгістрацыю кандыдатаў і падзеі вакол надыходзячых прэзыдэнцкіх выбараў 19 сакавіка. Сп. Зайка заклікаў прысутных прыняць 19 сакавіка ўдзел у акцыі падтрымкі дэмакратыі ў Беларусі.

Затым з аналізам сытуацыі ў Беларусі выступіў Старшыня Беларускага Народнага Фронту Зянон Пазьняк. Ён у прыватнасьці сказаў: «Сытуацыя, што прывяла да выбараў бяз выбару, ужо склалася канчаткова. Машына фальсыфікацыяў, якую карыстае рэжым, не падлягае кантролю. Па схеме, накінутай рэжымам, немагчыма перамагчы. Менавіта таму мы прапанавалі народнае галасаваньне — працэдуру, якая магла-б зламаць гэтую машыну фальсыфікацыяў. Хачу асобна адзначыць, што я не адмаўляўся ад выбараў. Ініцыятыўная група набрала дастаткова подпісаў, людзі шмат працавалі на гэта. Але рэжым пачаў шалёны перасьлед, ціск — пайшлі ўльтыматумы ад Ярмошынай, што подпісы не прызнаюць, адбыліся арышты нашых людзей. У Жодзіне нават аўтаматчыкі былі прыцягнутыя для тэрарызаваньня нашых прыхільнікаў.

Мы сабралі 135 тысяч подпісаў — можна было выходзіць на выбары, і тут паўстала пытаньне: ісьці або не. Думкі падзяліліся, але ў выніку перамагло рашэньне пра тое, што подпісы ня варта аддаваць у ЦВК. Народнае галасаваньне сталася адзінай альтэрнатывай плянам рэжыму. Іншыя прэтэндэнты цяпер фактычна легітымізуюць трэйці тэрмін Лукашэнкі. Гайдукевіч — гэта страховачны варыянт рэжыму на выпадак калі ўсе апазыцыйныя прэтэндэнты здымуць свае кандыдатуры, маўляў, у нас дэмакратыя, два кандыдаты. Паглядзім на Казуліна — гэта кадр з старой савецкай картатэкі. Пракалоўся з купляй подпісаў пад зваротам да грамадзкасьці, людзі сталі пратэставаць, што подпісы ня ставілі. Папрасіў прабачэньня, замялі. Цяпер — купля подпісаў на рэгістрацыю, па даляру за подпіс. Казулін — запасны варыянт Масквы. У 1994 годзе Масква паставіла на Кебіча, але потым зрабіла ракіроўку. Ракіроўка магчымая і гэтым разам, калі Лукашэнка зь якойсьці прычыны вырашыць адыйсьці ад улады й мець гарантыі недатыкальнасьці. Ён ня мае права балятавацца. Калі-б не прызналі подпісы за Мілінкевіча, то Казулін пераняў-бы ўсе галасы апазыцыі. І тут зноў-жа, працэдура народнага галасаваньня — адзіны спосаб рэальна даведацца пра волю народу, пра несфальсыфікаваны вынік выбараў. Праца створанай Беларускім Вызвольным Рухам Нацыянальнай Грамадзкай Камісіі па нагляду за выбарамі — адзіны спосаб супрацьстаяць ашуканству. Выбаршчыкі, народ, рэалізуюць сваё права і ажыцьцявяць сваю ўладу непасрэдна, перадаўшы ў НГК выбарчыя бюлетэні. Наступнае адхіленьне народам ад улады пра-маскоўскага рэжыму адчыніць дарогу да сапраўды вольнай і незалежнай Бацькаўшчыны».

Сп. Пазьняк паінфармаваў аб прынцыпах народнага галасаваньня, і як яно будзе канкрэтна праводзіцца.

Затым з гутаркай пра Літву, старажытны гістарычны назоў Беларусі, у цыклі лекцыяў па гісторыі, выступіў Старшыня Галоўнай Управы Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня Антон Шукелойць. Ён адзначыў, што трэба памятаць гістарычныя назвы і шанаваць іх, бо яны адлюстроўваюць нашу гісторыю. “Літва”, “літоўцы” або “ліцьвіны” — гэта назва нашых продкаў, якая была фактычна скрадзеная суседзямі-жамойтамі ў другой палове 19-га стагодзьдзя. Без асэнсаваньня гэтага факту мы губляем амаль усю нашую гісторыю, з часоў Вялікага Княства і пазьней. Гэтага дапускаць нельга.

Затым з інфармацыяй пра акцыю пратэсту ў Вашынгтоне выступіў сп. Вячка Станкевіч. Спн. Валя Якімовіч прапанавала ўзнавіць традыцыю сьпяваньня беларускіх нацыянальнага і рэлігійнага гімнаў на паседжаньнях аддзелу.

Прагучэлі аб’явы й паведамленьні. Пасьля гэтага прысутныя мелі таварыскія размовы зь сябрамі й гасьцямі аддзелу пры кубку кавы й пачастунках.

Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005
Хостынг — 1and1
Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы