Рассылка

Апытаньне



 
№570 ВЕСТКІ Маладзёвая бачынаАб’явыПрэмія ЮхнаўцаКрама


Студзеньскі сход аддзелу БАЗА ў Нью Ёрку

Віталь ЗАЙКА

У грамадзкім памяшканьні пры Саборы Сьв. Кірылы Тураўскага 8 студзеня адбыўся чарговы сход Нью Ёрскага аддзелу БАЗА, які быў спалучаны з Калядным абедам, ладжаным парафіянамі й сястрыцтвам Сабору. Пасьля смачнага пачастунку з традыцыйных беларускіх страваў сп. Сяргей Капытка выступіў з інфармацыяй пра паходжаньне й гісторыю сьвята Калядаў, а сп. Барыс Данілюк прачытаў паэму «Дзядуля Каляда», заклікаў ужываць гэты беларускі назоў замест чужых нам “Санта Кляўса” і “Дзеда Мароза”. Затым прысутныя з энтузіязмам засьпявалі калядныя сьпевы.

Напачатку сходу старшыня аддзелу сп. Віталь Зайка павіншаваў усіх прысутных ад імя ўправы аддзелу са сьвятамі Калядаў і Новага году, пажадаў здароўя, плёну ў працы і сілаў для падтрымкі грамадзкай працы беларускай грамады. Затым ён даў кароткі агляд падзеяў у Беларусі за апошні час. У прыватнасьці былі адзначаныя папраўкі ў Крымінальны кодэкс Беларусі, што пад дыктоўку Лукашэнкі прыняў т. зв. нацыянальны сход (кішэнны парлямэнт), якія рэжым будзе карыстаць для тэрарызацыі апазіцыйных сілаў. Пасьля раптоўнага візыту Лукашэнкі да Пуціна была прызначаная дата выбараў прэзыдэнта Беларусі — 19 сакавіка, што пакідае апаазыцыі няшмат часу для падрыхтоўкі правядзеньня перадвыбарчай кампаніі. Становішча ўскладняецца ціскам на незалежныя выданьні й забаронаю іх распаўсюду ва ўмовах татальнай прапаганды Лукашэнкі празь дзяржаўныя масавыя сродкі. Прамоўца назваў і коратка ахарактарызаваў прэтэндэнтаў на кандыдатаў у прэзыдэнты, паведаміў пра ход збору подпісаў. Пазьней у аб’явах была пададзеная інфармацыя пра ход падрыхтоўкі да выбараў сп. Зянона Пазьняка і КХП БНФ і пададзеная інфармацыя пра збор подпісаў за А. Мілінкевіча для тых, хто мае непратэрмінаваныя беларускія пашпарты.

Сп. Зайка пасьля прачытаў вынікі ананімовага апытаньня моладзі ў лістападзе-сьнежні 2005 году адносна патрэбы стварэньня маладзёвай арганізацыі пры БАЗА і заклікаў прысутных маладых людзей узяць удзел у працы маладзёвага сэмінару, што мае адбыцца 28 студзеня ў будынку Фундацыі імя Пётры Крэчэўскага. Сп. Сяргей Капытка прадэманстраваў прысутным узор часапісу “Беларуская моладзь”, што выдавала да пачатку 1990-х гг. Згуртаваньне Беларускай Моладзі ў ЗША.

Затым з гутаркаю з гістарычнага цыклю пра забытыя і скажоныя падзеі беларускай гісторыі, выступіў Старшыня Галоўнай Управы БАЗА сп. Антон Шукелойць. Ён закрануў гістарычныя падзеі з часоў Вялікага Кніязя Літоўскага і пазьней караля польскага Ўладзіслава Ягайлы, і старэйшую польскую песьню, якую сьпявалі ў час вайсковых паходаў і ў бітве пад Грунвальдам. Гэта песьня — «Багародзіца-Дзявіца». Гэтую песьню перш зынтэрпрэтаваў славуты польскі вучоны, гісторык культуры Аляксандар Брукнэр. Ягоны досьлед перакульваў датулешні погляд на шмат якія пытаньні сярэднявечнай гісторыі. З досьледу вынікае, што песьня была перш напісаная на старабеларускай мове і пасьля ўзятая цалкам і ператвораная ў польскі стары гімн. Гэта шмат пра што гаворыць, паказвае месца і аўтарытэт беларускай мовы ў тагачасным сьвеце і мяняе нашыя ўяўленьні пра гістарычныя падзеі, зьвязаныя зь Беларусьсю. Сёньня такія прыклады вельмі важныя, каб вывесьці мову і народ з таго прыгнечанага стану, у якім яны сёньня апынуліся.

Затым у разьдзеле “Рознае” прагучэлі аб’явы й інфармацыі, з якімі выступілі сп. сп. Б. Данілюк, В. Дворнік, С. Капытка, З. Вашкевіч, М. Сагановіч. Падзяка за падрыхтоўку Каляднага абеду належыцца сп-ву Зоі й Міколы Вашкевічаў.

Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005
Хостынг — 1and1
Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы