Рассылка

Апытаньне



 
№570 ВЕСТКІ Маладзёвая бачынаАб’явыПрэмія ЮхнаўцаКрама


Лістападаўскі сход аддзелу БАЗА ў Нью Ёрку

Віталь ЗАЙКА

У грамадзкім памяшканьні пры Саборы Сьв. Кірылы Тураўскага ў Брукліне 13 лістапада адбыўся чарговы сход Нью Ёрскага аддзелу БАЗА. Напачатку сходу старшыня аддзелу сп. Віталь Зайка прачытаў рэфэрат, прысьвечаны Дню Герояў і 85-м угодкам Слуцкага Збройнага Чыну. Прамоўца падкрэсьліў, што змаганьне случчакоў стала першым ад часоў Кастуся Каліноўскага арганізаваным масавым выступам беларускіх людзей са зброяй у руках супраць захопнікаў з усходу. Гераізм случчакоў стаў школаю патрыятызму для наступных пакаленьняў беларусаў, ён выявіў прагу волі й незалежнасьці беларускага народу.

Затым са словам да ўдзельнікаў сходу зьвярнуўся Старшыня Беларускага Народнага Фронту сп. Зянон Пазьняк. Ён падкрэсьліў важнасьць шанаваньня памяці змагароў за вольную Беларусь, важнасьць вывучэньня падзеяў нашага мінулага дзеля збудаваньня вольнай будучыні.

Пасьля гэтага сп. Пазьняк спыніўся на падзеях сёнешняга дня, згадаў паведамленьні пра тое, што яму быццам адмоўлена балятавацца на пасаду прэзыдэнта Беларусі. “Гэта адбываецца яшчэ за год да пачатку выбараў, да стварэньня выбарчых камісіяў і г. д. Гэта ёсьць ня што іншае як мэтанакіраваная правакацыя”. Прамоўца зрабіў агляд падзеяў апошняга часу ў Беларусі й вакол яе, прааналізаваў новыя тэндэнцыі палітычнага жыцьця на Бацькаўшчыне. “Мы толькі выйшлі з савецкага рабства, толькі паднялі галаву — і потым зноў трапілі ў новае рабства. Але змаганьне абавязкова павінна працягвацца. Дзеяньнямі тысяч, а потым соцень тысяч і мільёнаў людзей было разьбітае савецкае рабства. Такімі-ж дзеяньнямі будзе разьбітае і рабства, накінутае рэжымам Лукашэнкі. Толькі калі верыш у праўду, верыш у ідэю — тады пераможаш.”

Затым у разьдзеле “Рознае” са зваротамі да прысутных, з аб’явамі й паведамленьнямі выступілі сп.сп. Барыс Данілюк, Валеры Дворнік, Мікола Сагановіч, Ул. Юры (Рыжы). Прысутныя пры каве і пачастунках працягвалі калегавацца пасьля заканчэньня афіцыйнай часткі сходу.

Сярод прадстаўнікоў маладога пакаленьня была распаўсюджаная анкета адносна патрэбы стварэньня маладзёвай арганізацыі пры БАЗА.

Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005
Хостынг — 1and1
Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы