Жнівеньскі сход аддзелу БАЗАВ. ЗАЙКАУ грамадзкай залі пры Саборы Сьв. Кірылы Тураўскага ў Брукліне 14 жніўня па заведзенай традыцыі сабраліся беларусы Нью Ёрку і ваколіцаў на чарговы, жнівеньскі сход Нью Ёрскага аддзелу БАЗА. Напачатку перад прысутнымі выступіў старшыня аддзелу сп. Віталь Зайка. Ён падзяліўся думкамі наконт таго, як надалей праводзіць працу аддзелу, як пашырыць інфармацыю пра ягоную дзейнасьць, прыцягнуць новых людзей, падвысіць актыўнасьць і зацікаўленасьць сярод маладых сябраў аддзелу. У плянах таксама інфармаваньне пра рэчы, зьвязаныя са зьменаю статусу ў ЗША, і апублікаваньне сьпісу юрыстаў, якія маюць пазытыўныя вынікі ў судовых справах, што тычыліся людзей зь Беларусі, і могуць быць рэкамэндаваныя сябрам БАЗА. Сп. Зайка запрасіў усіх прысутных даваць свае прапановы й заўвагі адносна плянаў дзейнасьці аддзелу.
Затым перад слухачамі выступіў сп. Зянон Пазьняк, Старшыня Беларускага Народнага Фронту. Ён сказаў, што цяпер ўжо перад нашымі вачыма адбываюцца рэчы, якія істотна паўплываюць на вынікі выбараў восеньню 2006 году. Сярод іх такія небясьпечныя моманты, як ізаляцыя Польшчы ад Беларусі ў выніку канфліктнай сытуацыі вакол Саюзу палякаў Беларусі, падступна сканструяванай рэжымам Лукашэнкі. Польскія ўлады й мэдыі павяліся на гэтую правакацыю. Умяшаньне ў канфлікт МЗС Расеі ды наступныя падзеі паказалі посьпех расейскай палітыкі й паразу палітыкі польскай. Вынік — Польшча можа быць цалкам адсечаная ад Беларусі. Яе (і значыць Эўразьвязу) магчымасьці па дапамозе анты-лукашэнкаўскім сілам, ўплыў на падзеі ў Беларусі ў 2006 годзе могуць быць моцна абмежаваныя. Пачасьціліся скандальныя выступы расейскіх палітыкаў (Барадзін, Аяцкаў) супраць беларускай незалежнасьці. Яны фактычна выказваюць пазыцыю, якая, хоць і не пацьвярджаецца расейскімі афіцыйнымі ўладамі, але агучвае думку Крамля і Лубянкі.
У гэтай сувязі варта адзначыць блізкасьць, а часам і супадзеньне інтарэсаў расейскай і нямецкай палітыкі. І гэта ілюструюць падзеі вакол вяшчаньня на Беларусь радыёстанцыі “Нямецкая Хваля”. Рашэньне аб выбары расейскай мовы для вяшчаньня на Беларусь прыводзіць да пэўных высноваў. У Беларусі, дзе рэжым Лукашэнкі праводзіць этнацыд беларускага народу, мова стала палітычным чыньнікам. Хто за беларускую мову — той за дэмакратыю, за незалежнасьць. Падыміце тыя мільёны беларусаў, што ляжаць ў зямлі з ласкі НКВД, спытайце пра мову! Пытаць энкавэдыстаў ды іхных нашчадкаў, тых што панаехалі па вайне — гэта не апэляцыя. Наагул для арганізацыі кшталту Эўразьвязу гэта проста несалідна. Грошы — мізэрныя, час — мізэрны, кіраўнічка праекту Карнэлія Рабіц у беларускіх справах нічога не разумее. Браць матар’ялы з расейскай службы “Нямецкай Хвалі”, пускаць іх у асобна вызначаныя 15 хвілін, і называць гэта “альтэрнатыўнай крыніцай інфармаваньня” для насельніцтва Беларусі проста сьмешна і недастойна гонару Эўразьвязу. Далей могуць пайсьці падтасаваныя апытаньні, дзе “высьветліцца”, што “Нямецкую Хвалю” быццам слухае значна больш беларусаў, чым беларускую службу “Радыё Свабода”, і высновы будуць ясныя. Таму сёньня мы мусім пратэставаць супраць гэтага прыніжэньня, супраць ганебнай абыякавасьці да сутнасьці падзеяў у Беларуасі. Трэба рэагаваць, рэагаваць рэзка, пісаць ва ўсе належныя месцы, дабівацца сустрэчаў з чынавенствам Эўразьвязу, заяўляць аб недапушчальнасьці пагарды да беларусаў, да іх мовы. Для нас, для нашай нацыі мова — стрыжнявая каштоўнасьць. Пакуль яна ёсьць — ёсьць дзяржава, ёсьць незалежнасьць, ёсьць народ. Мова — найвялікшае культурнае дасягненьне і найвялікшы скарб кожнай нацыі. У мове зафіксаваны нацыянальны характар, мэнтальнасьць, мараль народу. Ніхта ня мае права распараджацца моваю, уціскаць яе праз фальшаваныя рэфэрэндумы, душыць яе праз закрыцьцё школаў, праз выцісканьне з мэдыяў, проста празь перасьлед за ўжываньне яе. Гэта злачынства, і за яго рэжым Лукашэнкі панясе адказнасьць. Але ці ня ёсьць пагарда да беларускай мовы збоку пэўных структураў у Эўропе кшталтам дапамогі рэжыму Лукашэнкі, кшталтам саўдзелу ў ягоных злачынствах? Таму цяпер — слова за беларусамі, слова — за намі.
Сярод прысутных былі распаўсюджаныя прыкладныя тэксты лістоў і адрасы для адсыланьня кіраўніцтву “Нямецкай Хвалі”.
У разьдзеле “Рознае” былі зробленыя аб’явы, паведамленьні, заўвагі, прагучалі адказы на пытаньні. Затым прысутныя мелі нагоду ў таварыскай атмасфэры калегавацца зь землякамі.