Ліпеньскі сход аддзелу БАЗА Віталь ЗАЙКАУ грамадзкай залі пры Саборы Сьв. Кірылы Тураўскага ў Брукліне 10 ліпеня прайшоў чарговы ліпеньскі сход Нью Ёрскага аддзелу БАЗА.
Напачатку старшыня аддзелу сп. Віталь Зайка павіншаваў з надыходзячымі 90-мі ўгодкамі Старшыню Галоўнай Управы БАЗА сп. Антона Шукелойця. Затым слова ўзяў сп. Шукелойць, які ў прыватнасьці сказаў: «Дзякуй за добрыя словы. Вось ужо каля 75 год, як я магу лічыць сябе палітыкам sensu stricto (у дакладным сэнсе слова). У 5-й клясе польскай гімназіі прыняў удзел у вучнёўскім страйку, за які быў выключаны зь яе. Рады ў жыцьці тым, што замяніў катэдэркі вучнёўскія на школу жыцьця і палітычнага беларускага руху. І карыстаючы з нагоды, хачу спыніцца вось на чым. Нажаль, часта нашыя веды з беларускай гісторыі суседзяць з надзіва слабым веданьнем палітычнага становішча. Адпачатку кірункі беларускага руху былі такія: хрысьціянска-дэмакратычны (пачынаючы ад Б. Эпімах-Шыпілы, 1902 г.) і сацыялістычны (пачынаючы з братоў Луцкевічаў і В. Іваноўскага). Супрацоўніцтва, а часам і спаборніцтва гэтых плыняў дало Першы Ўсебеларускі зьезд, Раду БНР і Акт 25 Сакавіка 1918 году. Затым у 1921-1929 г.г. надыйшлі так званыя “часы нацдэмаўшчыны”, калі рэальна краінай кіравалі адданыя свайму народу людзі — Язэп Адамовіч, Алесь Чарвякоў, наркам земляробства Зьміцер Прышчэпаў. А яны мелі сацыялістычныя перакананьні. Бацька братоў Луцкевічаў, Іван Луцкевіч, браў удзел у Студзеньскім паўстаньні 1863 году ў сацыялістычнай плыні, а сыны ягоныя павялі справу далей. Гэта ды іншае паказвае, што сапраўдны сацыялістычны рух і сьветагляд прыйшлі да нас з Захаду, а не з Масквы. Вяртаючыся да маёй асобы скажу, што галава працуе, і ногі ходзяць, і язык рухаецца, так што буду рабіць далей справу.»
Каротка да сп. Шукелойця прамовіў сп. Барыс Данілюк. Далей прамоўца, карыстаючыся нагодай, заклікаў моладзь актыўней далучацца да беларускіх арганізацыяў, царквы, праводзіць імпрэзы, адрадзіць беларускі маладзёвы рух.
Затым з аналізам падзеяў апошняга часу ў Беларусі выступіў Старшыня БНФ сп. Зянон Пазьняк. Ён напачатку адзначыў унёсак сп. Шукелойця ў беларускі рух і важнасьць таго, што ў яго асобе мы можам пабачыць амаль усю гісторыю беларускага нацыянальнага руху, а таксама беларускай эміграцыі.
Затым сп. Пазьняк перайшоў да агляду падзеяў у Беларусі, заўважыўшы: “Мы проста абавязаныя цікавіцца палітыкай, бо інакш яна зацікавіцца намі сама. Да апошняга часу мы не гаварылі пра сытуацыю ў царкве. Але тыя палітычныя матывы, пра якія ходзіць у Беларусі — адгукнуліся і тут. Набліжаецца вырашальны час для палітычнага становішча ў Беларусі. Пасьля зьменаў урадаў у шэрагу пост-савецкіх краінаў, і асабліва ва Ўкраіне, Беларусь застаецца адзіным спадзевам Пуціна ды імпэрскіх сілаў у Расеі. Ціск на Беларусь будзе ўзмацняцца. Няўдача з інкарпарацыяй Беларусі можа каштаваць Пуціну палітычнай кар’еры. З другога боку, Расея і Пуцін — адзінае апірышча для Лукашэнкі. Перад рэфэрэндумам Масква дала Лукашэнку крэдыт у 170 мільёнаў даляраў, і нядаўна яшчэ на 130 мільёнаў. Яна засьведчыла, што ставіць на Лукашэнку. Гульня з А. Казулінам была толькі сродкам узьдзеяньня на Лукашэнку. Але Казулін можа застацца “пажарным” варыянтам. Яны ня спыняцца ані перад дэзынфармацыяй і фальсіфікацыямі, ані перад забойствамі. Нядаўна былі павялічаныя зарплаты працаўнікоў адукацыі — але толькі да 31 жніўня 2006 г.! Гэта значыць цынічна, толькі на выбарчую кампанію. Рэжым падтрымоўвае ў грамадзтве параною, псыхалёгію абсаджанай фартэцыі. Забарона Лукашэнкам ужываньня прыназоўнікаў “беларускі”, “нацыянальны” — вартая памяці самага тупога цара Мікалая І, што спаў у шынялі й батфортах. Таксама напрошваюцца гістарычныя паралелі й да палітыкі Нямеччыны. Як некалі ў 1772 і 1939 гадох, немцы сёньня ўступалі ў хаўрус з расейцамі й ня лічацца з абшарам паміж імі. Кантрастам гэтаму зьяўляецца прынцыповая пазыцыя і палітыка Злучаных Штатаў.
“Але мы, беларусы, павінны зразумець, што апірышча можа быць толькі на саміх сябе. Ніхто не будзе ствараць за нас вольную і дэмакратычную Беларусь. Толькі нашая сьмеласьць, адданасьць Бацькаўшчыне, перакананасьць дадуць плён. Калі мы ня выступім, ня стукнем кулаком, не гукнем: «Гэта—наша! Тут Беларусь, нашая сьвятая зямля! Тут павінна жыць нашая мова і квітнець нашая культура!», то ўсё застанецца так, як ёсьць, і будзе яшчэ горш. Змаганьне трэба спалучаць з выкарыстаньнем зьнешнепалітычных рэсурсаў і міжнароднай грамадзкасьці. Але галоўнае — падтрымка беларусаў, падтрымка нацыі. Нягледзячы ні на што, будзем працаваць на перамогу, будзем верыць у яе. І яна – прыйдзе.”
Затым да прысутных зьвярнулася старшыня сястрыцтва Сабору спн. Зоя Вашкевіч. Яна заклікала прысутных далучацца да грамадзкіх і царкоўных імпрэзаў, прыводзіць сяброў, каб беларуская грамада магла лепей зарганізавацца, каб усе мы маглі быць разам.
З заклікам да моладзі аб прыняцьці чыннага ўдзелу ў беларускім царкоўным жыцьці выступіў сп. Мікола Сагановіч.
У разьдзеле “Рознае” прагучэлі аб’явы. Таварыскія размовы працягнулі пасьля сходу пры кубку кавы ды кілішку віна.