Рассылка

Апытаньне



 
№570 ВЕСТКІ Маладзёвая бачынаАб’явыПрэмія ЮхнаўцаКрама


Чэрвеньскі сход аддзелу БАЗА

Віталь ЗАЙКА

У грамадзкай залі пры Саборы Сьв. Кірылы Тураўскага ў Брукліне прайшоў 12 чэрвеня чарговы сход Нью Ёрскага аддзелу БАЗА. Напачатку старшыня аддзелу сп. Віталь Зайка азнаёміў прысутных з падзеямі ў Беларусі за мінулы месяц. Сярод іх былі ўзгаданыя засуджаньне апазыцыйных дзеячоў Міколы Статкевіча і Паўла Севярынца на 3 гады зьняволеньня з прымусоваю працаю, а таксама прысуд на паўтары гады зьняволеньня апазыцыянэру Андрэю Клімаву. Закранаўся канфлікт паміж Беларусьсю і Грузіяй вакол увядзеньня Беларусьсю візавага рэжыму, указ Лукашэнкі аб забароне ўжываньня прыназоўнікаў “беларускі”, “нацыянальны” для недзяржаўных масавых сродкаў, судовая кампанія супраць газэты “Народная Воля”, канфлікт вакол “Саюзу палякаў Беларусі”, выпуск уладамі фальшывага нумару газэты “Глос з-над Немна”. Прамоўца таксама паінфармаваў пра паездкі дэлегацыяў ад БАЗА ды іншых беларускіх арганізацыяў у Вашынгтон і пра кантакты з прадстаўнікамі амэрыканскіх уладаў у справах датычных Беларусі.

Затым з дакладам пра беларускую мову і неабходнасьць валоданьня ёю для ўсіх беларусаў выступіў малады сябар аддзелу сп. Зьміцер Валадкевіч. Ён даў кароткі агляд разьвіцьця беларускай мовы, распавёў пра намаганьні ворагаў беларушчыны прынізіць і зьнішчыць беларускую мову. Сп. З. Валадкевіч абгрунтаваў патрэбу валоданьня сваёю моваю, захоплена і эмацыйна заклікаў моладзь да штодзённага ўжываньня беларускай мовы: «У нас у генах закладзены цудоўны мэханізм. Калі мы гаворым па-беларуску кожны дзень, то мы пачынаем думаць, як сапраўдныя беларусы, і мэханізм гэты пачынае працаваць, вырабляць духовую энэргію, так неабходную для нашай дзейнасьці». Выступоўцу з цікавасьцю слухалі як моладзь, так і “вэтэраны” аддзелу.

З паведамленьнем на тэму “Беларускі тэатар у часы нямецкай акупацыі” выступіў Старшыня Галоўнай Управы БАЗА сп. Антон Шукелойць. Перад пачаткам гутаркі ён папрасіў ушанаваць хвілінай цішы памяць Ніны Рагулі, былой акторкі Віцебскага тэатру, што адыйшла ў вечнасьць некалькі дзён назад у Нью Ёрку. Затым сп. Шукелойць распавёў пра зарганізаваньне беларускага жыцьця пад нямецкай акупацыяй, намаганьні беларускіх нацыянальных дзеячоў дапамагчы свайму народу, зрабіць палёгку ў пакутах і нястачы, нягледзячы на перашкоды і перасьлед збоку як нямецкіх акупантаў, так і савецкіх партызанаў. Поруч з справаю задавальненьня мінімальных побытавых патрэбаў беларускага насельніцтва, вялікую ролю ў стварэньні культурнага жыцьця, хай сабе й абмежаванага па магчымасьцях, адыграў беларускі тэатар. Напачатку вайны большасьць трупаў існаваўшых беларускіх тэатраў апынулася за межамі Беларусі. На гастролі выехалі тэатр імя Янкі Купалы (БДТ-1), Тэатр опэры й балету, малады Віцебскі тэатр (БДТ-2). У Менску застаўся толькі Тэатр юнага гледача, на аснове якога і была сфармаваная трупа Менскага беларускага тэатру. Савецкае кіраўніцтва, што так хутка здало Беларусь немцам, кінуўшы на волю лёсу мільёны сваіх грамадзянаў, неўзабаве аб’явіла татальную вайну на акупаваных тэрыторыях, не лічачы жыцьцяў людзей, якіх пакінулі за лініяй фронту. Цяпер кожная праява больш-менш нармальнага жыцьця лічылася “здрадаю” і “супрацоўніцтвам з акупантам”.

Савецкія партызаны мэтанакіравана вынішчалі ўсіх, хто імкнуўся неяк дапамагчы людзям, арганізаваць дапамогу праз збор харчаваньня, вопраткі, хто бараніў насельніцтва перад нямецкімі ўладамі, наладжваў школьніцтва. Мэтай Саветаў было перавесьці ў лес найбольшую колькасьць людзей, стварыць немцам хаос і пекла, не лічачыся з тым, колькі мільёнаў беларусаў загінуць у гэтым пекле.

Немцы таксама бачылі ў Беларусі толькі крыніцу рэсурсаў і пляцдарм для працягу наступу на ўсход, і ўсе іхныя абяцанкі вызваленьня ад прыгнёту бальшавікоў абярнуліся яшчэ горшым прыгнётам, нават калгасы былі захаваныя дзеля лягчэйшай канфіскацыі харчоў і сыравіны.

У такіх надзвычайных абставінах, ва ўмовах падвоенай небясьпекі, беларускі актыў мусіў аднаўляць падабенства нармальнага жыцьця. Таксама не пакінулі без увагі культуру. Калі аднавілі працу беларускія тэатры, быў створаны аддзел, які дбаў аб мове, якім загадваў Янка Ліманоўскі, былы старшыня БелАППу. Асобна за адпаведнасьць дэкарацыяў, касьцюмаў, танцаў ды іншага адказваў музэйны аддзел, старшынём якога быў прамоўца, сп. А. Шукелойць. У Менску гаўляйтэрам быў прызначаны Вільгельм Кубэ, асоба супярэчлівая і неадназначная. Гэты нацыстоўскі дзеяч быў захопленым тэатралам, сам пісаў драмы, якія ставіліся ў Нямеччыне. Ён быў прыхільны да справы аднаўленьня беларускага тэатру. Шэраг беларускіх паэтаў і пісьменьнікаў, у тым ліку Натальля Арсеньнева, стваралі драматычныя творы. Усе п’есы ішлі на беларускай мове. У Віцебску моладзь, якая любіла тэатральнае мастацтва, аб’ядналася і пад кіраўніцтвам некалькіх прафэсыйных актораў стварыла Віцебскі драматычны тэатар. Адною з акторак у ім была нябожчыца Ніна Рагуля, якую тады ведалі як Ніну Івіцкую (імя з дому). Яна вучылася ў Віцебскім мэдычным інстытуце, і калі інстытут вайной зачыніўся, а магчымасьці сцэны адчыніліся, Ніна Івіцкая скарыстала з гэтага, нягледзячы на пярэчаньні бацькоў, якія лічылі акторства не пасуючым да шляхоцкага гонару заняткам. Ніна грала ў “Падступнасьці й каханьні” Ф. Шылера, шэрагу іншых п’есаў. З дапамогаю тэатру людзі адчувалі, што нехта аб іх памятае, нехта дбае, і гэта дапамагала перажыць цяжкія, страшэнныя часы.

Сп. Зайка у дапаўненьне да выступу сп. Шукелойця адзначыў, што тая цяжкая і небясьпечная праца, якую вялі беларускія актывісты ў часы вайны, яшчэ належна не ацэненая беларускім грамадзтавам, і сапраўднае геройства людзей, такіх як сп. Шукелойць, атрымае ў будучым належную падзяку і месца ў гісторыі.

У разьдзеле “Рознае” з інфармацыяй аб падзеях вакол Сабору Сьв. Кірылы Тураўскага і Беларускай Атакефальнай Праваслаўнай Царквы выступіў сп. Мікола Сагановіч. Са сваім бачаньнем царкоўных справаў і становішча ў БАПЦ выступіў сп. Валеры Дворнік. Прагучалі аб’явы й інфармацыі. Пасьля заканчэньня афіцыйнай часткі ўдзельнікі сходу маглі працягнуць таварыскія размовы пры пачастунках.

Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005
Хостынг — 1and1
Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы