Рассылка

Апытаньне



 
№570 ВЕСТКІ Маладзёвая бачынаАб’явыПрэмія ЮхнаўцаКрама


Травеньскі штогадовы справаздачна-выбарчы сход

Віталь ЗАЙКА

У грамадзкай залі пры Саборы Сьв. Кірылы Тураўскага ў Брукліне 15 травеня адбыўся сход Нью Ёрскага аддзелу БАЗА. Напачатку перад прысутнымі выступіў старшыня Беларускага Народнага Фронту сп. Зянон Пазьняк. У сваёй прамове ён спыніўся на бягучым палітычным моманце ў Беларусі й на палітычных тэхналёгіях, якія рэжым Лукашэнкі карыстае для захаваньня ўлады. У прыватнасьці прамоўца прааналізаваў дзеяньні А. Казуліна, прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Беларусі, які на пытаньне, ці гаворыць ён па-беларуску, адказаў: «Па-беларуску не размаўляю, але калі будзе трэба — вывучу». Да тэхналёгіяў таксама належыць незаконнае перайменаваньне прасьпектаў Скарыны й Машэрава. Гэта робіцца з мэтаю падаўленьня духу грамадзтва, зьнявагі нацыянальнай годнасьці. У выпадку са Скарынам перайменаваньне рыхтавалася даўно, рэжыму карцела ліквідаваць такую знакавую, нацыянальна акрэсьленую асацыяцыю у назве галоўнай вуліцы сталіцы Беларусі. З Машэравым больш складана — пры Кебічу быў створаны культ Машэрава і міф аб добрым рупліўцу і «анёлу-абаронцы» Беларусі ў савецкі час. Лукашэнка скарыстаў гэты культ, але цяпер, відаць, сам лічыць сябе такім анёлам, і рыхтуе ўласны культ. Прамоўца спыніўся на аналізе дзейнасьці П. М. Машэрава на пасадзе камуністычнага гаспадара Беларусі, які пасьлядоўна душыў беларускую культуру і зьліквідаваў беларускае школьніцтва ў гарадох Беларусі. Чаго вартая «апэрацыя “Галінкі”», калі тысячамі людзей адрывалі ад працы й кідалі высякаць гальлё на корм для калгаснай скаціны, марнуючы сродкі й працоўны час. Машэраў асабіста загадаў зьнішчыць Нямігу — легендарны гістарычны цэнтар Менску. Менавіта адтуль, са зьнішчэньня гістарычнай памяці, вытаптваньня мовы й культуры ідзе і сёнешняя антынацыянальная палітыка рэжыму Лукашэнкі, які аказаўся спрытным вучнем машэраўскіх мэтадаў дэнацыяналізацыі беларускага грамадзтва. Сп. Пазьняк адмыслова спыніўся на сродках, якімі ня грэбавалі ўжываць камуністычныя ўлады дзеля зьнявагі беларускай мовы, выцісканьня яе з сфэры адукацыі. Пазьней гэткія-ж брудныя сродкі ўжываліся дзеля кампрамэтацыі аднаўляючагася беларускага вызвольнага руху і Беларускага Народнага Фронту. Гэткія-ж брудныя сродкі, паклёп і хлусьню актыўна карыстае лукашэнкаўская прапаганда. Нажаль, гэтая прапаганда імкнецца пралезьці і ў асяродкі беларусаў замежжа, і гэтаму трэба паставіць заслону.

Сакратар парафіяльнай рады Сабору Сьв. К. Тураўскага сп. Барыс Данілюк выступіў з заклікам актыўна падтрымаць дзейнасьць Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы (БАПЦ). Гэтая Царква шмат зрабіла для забесьпячэньня духовых патрэбаў і кансалідацыі беларусаў на чужыне. І нашыя ворагі ня могуць гэтага дараваць. Дзейнасьць БАПЦ на Бацькаўшчыне забароненая, і ў шэрагах самой Царквы робіцца спроба дывэрсіі, інсьпіраванай антыбеларускімі сіламі. Адказам на гэта мусіць быць нашая салідарнасьць і садзейнічаньне БАПЦ.

Затым адбылася прэзэнтацыя выставы карцінаў мастака сп. Алеся Шатэрніка. Сп. Шатэрнік паказаў свае творы, распавёў пра стварэньне іх, а таксама спыніўся на сваёй творчай дзейнасьці. Мастак прачытаў свае паэтычныя творы, якія ён заве “імпрэсіямі”. Шчырыя пранікнёныя радкі, і пачуцьці, што ўкладзены ў іх, былі прыхільна сустрэтыя слухачамі.

У другой частцы сходу прайшлі справаздачы й выбары кіраўніцтва Нью Ёркаўскага аддзелу БАЗА. Адмыслова абраная выбарчая камісія, старшынём якой стаў сп. Анатоль Тальянскі, правяла рэгістрацыю асобаў з правам голасу. Са справаздачамі выступілі старшыня аддзелу сп. Віталь Зайка і скарбнік аддзелу сп. Валеры Дворнік. Затым адбылося высоўваньне кандыдатураў, на галасаваньне была пастаўлена кандыдатура дзейнага старшыні, сп. Зайкі. Перад галасаваньнем ён коратка выклаў сваю праграму і асноўныя кірункі плянуемай дзейнасьці. Па выніках галасаваньня сп. Зайка быў пераабраны на пасаду старшыні аддзелу.

Склад управы аддзелу быў таксама пераабраны сьпісам. У выніку былі пераабраныя наступныя асобы: Ю. Андрусышын, Ф. Бартуль (сябар рэвізійнай камісіі), А. Орса-Романо, А. Міцкевіч (ганаровы старшыня), М. Клакоцкі (намесьнік старшыні), В. Дворнік (скарбнік), З. Левіт (сябар рэвізійнай камісіі), С. Пятровіч, В. Едзіновіч, А. Колбун, Ул. Э. Рыжы (старшыня рэвізійнай камісіі), У. Цяліца, Т. Красоўская, В. Зайка (старшыня), В. Якімовіч (сакратар). Прысутныя пажадалі пераабраным плённай працы.

Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005
Хостынг — 1and1
Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы