Рассылка

Апытаньне



 
№570 ВЕСТКІ Маладзёвая бачынаАб’явыПрэмія ЮхнаўцаКрама


Красавіцкі сход аддзелу БАЗА ў Нью Ёрку

Віталь ЗАЙКА

У грамадзкай залі пры Саборы Сьв. Кірылы Тураўскага ў Брукліне 10 красавіка адбыўся чарговы, красавіцкі сход Нью Ёрскага аддзелу БАЗА. Напачатку старшыня аддзелу сп. В. Зайка прадставіў прысутным госьця — скульптара і мастака Аляксандра Шатэрніка. Сп. Шатэрнік распавёў пра сябе, пра сваю творчасьць і пра становішча ў Беларусі, якое ня можа абмінуць сьвядомасьці мастака. Ён таксама закрануў дзейнасьць творчай мастацкай суполкі “Пагоня”. Сп. А. Шатэрнік распавёў аб праекце стварэньня «Звону Свабоды», аўтарам якога ён зьяўляецца супольна з мастаком Аляксеем Марачкінам. Аляксандар Шатэрнік прачытаў прысутным некалькі сваіх вершаў, якія зь цікавасьцю былі сустрэтыя прысутнымі.

Затым выступіў старшыня Беларускага Народнага Фронту сп. Зянон Пазьняк. Ён сказаў, што добра ведае сп. Шатэрніка, свайго сябра, і што час, пакуль яны ня бачыліся, сп. Шатэрнік творча вырас, бо пачаў пісаць вершы”.

Сп. Пазьняк прысьвяціў свой выступ сьветапоглядным і стратэгічным аспэктам беларускага руху, улічваючы, што ў залі сабралася моладзь, якая ў сёнешняй Беларусі мела няшмат магчымасьцяў да атрыманья аб’ектыўнай інфармацыі. Спыніўшыся на асноўных, вызначальных момантах беларускай гісторыі, прамоўца адзначыў, што кожны, хто цікавіцца сапраўднай гісторыяй, ня можа не захапіцца глыбінёю і ўзроўнем культуры беларускага народу. Прыводзілася параўнаньне зрэзу культурнага слою на раскопках каля аднаго з разбураных сабораў у Менску, якія праводзіў сп. Пазьняк, з вобразам нашай гісторыі, у якой трапляюцца разнастайныя знаходкі, але ў значнай ступені – попел, вынік войнаў і зьнішчэньняў. Шмат гаворыцца, асабліва дзеля палітычных дывідэндаў і асабліва рэжымам Лукашэнкі, аб вайне зь Нямеччынай 1941-1945 гадох, што загубіла чвэрць насельніцтва Беларусі. Але мала хто ведае пра вайну 1648-1655 гадоў з Расеяй, у якой захопнікамі з усходу было вынішчана больш паловы жыхароў беларускіх земляў. Памяць народу старанна і мэтадычна вынішчалі цягам некалькіх стагодзьдзяў, і цяпер мы сутыкаемся з вынікамі гэтага працэсу.

Сп. Пазьняк адзначыў, што вызваленьне Ўкраіны ад аўтарытарызму і расейскага ўплыву дае спадзяваньні да аднаўленьня старадаўняй лучнасьці паміж народамі Сярэдняй і Ўсходняй Эўропы. І вызваленьне Беларусі можа даць новы імпульс як палітычнаму, гэтак і эканамічнаму разьвіцьцю рэгіёну, Балтыйска-Чарнаморскай Супольнасьці, у тым ліку праз рэалізацыю праекту Балта-Чарнаморскага Нафтавага Калектару, які быў старанна зьнішчаны з дапамогай расейскіх сьпэцслужбаў напачаку 1990-х гадоў. Сп. Пазьняк далей у прыватнасьці адзначыў: «Не забываймася, што дыпляматычнай мовай Усходняй Эўропы ў сярэднявеччы была старабеларуская мова. Нават у Малдове і Валахіі яна была ў афіцыйным ужытку. Сёньня Беларусь таксама можа спрычыніцца да яднаньня сілаў. Нацыянальныя рэвалюцыі могуць рабіцца толькі нацыянальнымі сіламі. І менавіта нацыянальная ідэя, ідэя годнага існаваньня народу на сваёй зямлі, з сваёй уласнай мовай і культурай, сваім урадам і войскам, і пад сваім нацыянальным сьцягам перамагла ў большасьці краінаў і працягвае перамагаць. Мне кажуць: сп. Пазьняк, Вас не падтрымаюць, 25% насельніцтва пераканана выступяць супраць Вас. Але я кажу так: «Я люблю свой народ, нават калі частка яго ненавідзіць мяне. Я веру, што змагу давесьці да яго праўду, і веру што ён уздымецца да лепшага жыцьця, што ён павернецца тварам да Эўропы, да сваёй мовы й гісторыі, да свабоды. Дзеля гэтага неабходна зрабіць шэраг крокаў, у ліку якіх я назваў бы наступныя:

1. Надаць прыярытэт адукацыі маладога пакаленьня. Сёньня галоўнае багацьце нацыі — ня нафта, ня вугаль, але інтэлект. Узгадаваньне маладой нацыянальнай сілы ёсьць найгалоўная рэч.

2. Другі прыярытэт — зямля. Да гэтай пары рэжым Лукашэнкі не прыняў рашэньня аб уласнасьці на зямлю, ведаючы, якою сілаю могуць стаць свабодныя працаўнікі на сваёй уласнай зямлі.

3. Эканоміка — ажыцьцяўленьне праграмаў, якія былі распрацаваныя больш за дзесяць гадоў назад і ўвесь час удасканальваліся.

4. Разьвіцьцё культуры й фундамэнтальнай навукі як падвалінаў будучыні.

5. Актыўная падрыхтоўка да ўдзелу ў міжнароднай і рэгіянальнай палітыцы, чаго пры сёнешнім рэжыме ў Беларусі фактычна не існуе.

У Эўропе засталася толькі адна імпэрыя — Расейская. Унутрана яна сказаная на пагібель, яна ня можа існаваць доўга, яна гіне пад сваім уласным цяжарам. І рэжым робіць памылку, прыціскаючыся да гэтай імпэрыі. Дні рэжыму ўжо падлічаныя, і трэба быць гатовымі да ахвярнай і цяжкой працы на карысьць вызваленай Бацькаўшчыны.»

Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005
Хостынг — 1and1
Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы