Рассылка

Апытаньне



 
№570 ВЕСТКІ Маладзёвая бачынаАб’явыПрэмія ЮхнаўцаКрама


ЛЮТАЎСКІ СХОД АДДЗЕЛУ БАЗА Ў НЬЮ ЁРКУ

Віталь ЗАЙКА

У грамадзкай залі пры Саборы Сьв. К. Тураўскага 13 лютага адбыўся чарговы сход Нью Ёрскага аддзелу БАЗА. Напачатку імпрэзы з прамовай аб бягучых падзеях выступіў Старшыня БНФ і Партыі КХП БНФ сп. Зянон Пазьняк. Ён спыніўся на падзеях апошняга часу ў Беларусі, адмыслова разгледзеўшы пытаньні, зьвязаныя з эканомікай. Вялікую шкоду інтарэсам беларускіх прадпрымальнікаў робіць уведзены рэжымам па ўзгадненьні з Расеяй падатак на дададзеную вартасьць, які ёсьць інструмантам уціску і рабаваньня грамадзянаў. Рэжым імкнецца не дапусьціць моцнага нацыянальнага бізнэсу, баіцца яго. Бо менавіта нацыянальны бізнэс стаў у падтрымку дэмакратычных зьменаў ва Ўкраіне і зрабіўся вырашальным чыньнікам у перамозе над пра-расейскімі сіламі у канцы мінулага году. Лукашэнка ўзмацняе ціск на прадрымальнікаў — апошнюю сацыяльную групу, якая пакуль знаходзіцца па-за непасрэдным кантролем дзяржавы. Ствараецца сытуацыя, каб людзям адзіным выйсьцем стаў выезд зь Беларусі ў Расею, якая разглядае Беларусь як крыніцу танных інтэлектуальных і працоўных рэсурсаў.

Далей прамоўца спыніўся на няслушных, на ягоную думку, дзеяньнях апазыцыі ў Беларусі, адзначыў, што пошукі адзінага кандыдата сёньня паўтараюць памылкі 2001 году. Сп. Пазьняк засьведчыў, што выставіць сваю кандыдатуру на прэзыдэнцкіх выбарах, і падкрэсьліў, што мае права ўважаць сябе за адзінага прадстаўніка нацыянальна-вызвольных сілаў.

Затым сп. Пазьняк перайшоў да разгляду становішча беларускай дыяспары. “Мы ўсе прыехалі зь Беларусі й павінны быць разам, трымацца адзін аднаго, знаходзіць формы арганізацыі, што адпавядаюць зьменам у складзе эміграцыі. У адрозьненьні ад паваеннай эміграцыі, якая не магла вярнуцца на Бацькаўшчыну і пачала ствараць свае структуры на чужыне салідна і пасьлядоўна, сёнешняя эміграцыя мае іншыя ўмовы. Старэйшае пакаленьне адыходзіць, але арганізацыі застаюцца. Таму надзённай патрэбаю ёсьць заахвочваць моладзь пераняць справы й працу, якая робіцца тут ужо больш як паўстагодзьдзя.

Сп. Антон Шукелойць у сваім выступе падкрэсьліў, што у традыцыях залі, дзе праходзіць сход, ёсьць падзеі ня толькі рэлігійныя, але і культурніцкія, і таварыскія. Сярод іх - ушанаваньне ахвярнай працы на карысьць Беларусі й беларускасьці. Працягваючы гэтую традыцыю, прамоўца прысьвяціў выступ грамадзкаму дзеячу яшчэ з часоў Заходняй Беларусі, лекару і паэту др. Мітрафану Смаршчку (паэтычны псэўдонім Бярозка). Др. Смаршчок, якому спаўняецца 90 гадоў, вывучыў мэдыцыну на Віленскім унівэрсытэце, актыўна браў удзел у грамадзкім і культурным жыцьці, супрацоўнічаў у шматлікіх беларускіх выданьнях. Ён займаўся актыўнай лекарскай практыкай і заўсёды ахвярна падтрымліваў грамадзкія справы матар’яльна. Ён таксама вызначыўся як беларускі паэт, працягваючы паэтычныя традыцыі Максіма Багдановіча. Др. Смаршчок і сёньня застаецца дзейнай грамадзкай асобай, актыўна падтрымоўвае беларускія праекты. Сп. А. Шукелойць прапанаваў ушанаваць дзейнасьць др. Смаршчка адмысловай вечарынай.

З сваімі ўражаньнямі ад нядаўняга наведаньня Беларусі выступіў сп. Валеры Дворнік. Ён адзначыў, што людзі ў Беларусі застаюцца не інфармаваныя пра падзеі ня толькі ў сьвеце, але і ва ўласным краі. Шмат людзей незадаволеныя жыцьцём і заробкамі, але ня ведаюць, як зьмяніць становішча. Безумоўна, адным з крокаў было-б пашыреньне інфармацыі для беларускага грамадзтва.

Сп. Мікалай Сагановіч заклікаў прысутных, асабліва моладзь, актыўней удзельнічаць у імпрэзах і паказваць ініцыятыву, імкнуцца стварыць свае, маладзёвыя шляхі да арганізаваньня і кансалідацыі новай эміграцыйнай хвалі.

У разьдзеле “Рознае” прагучэлі аб’явы, прапановы, паведамленьні.


Уплаты ў нью ёркаўскі аддзел БАЗА:
Ахвяраваньні й складкі:


В. Едзіновіч — 50
Ю. Лапіцкі — 40
С. Аўдзейчык — 30
Г. Дзям’яненка — 30
А. Міцкевіч — 30
Т. Міцкевіч — 30
А. Наўковіч — 30
Л. Норык — 30
У. Русак — 30
В. Смолка — 30

Шчыры дзякуй!

Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005
Хостынг — 1and1
Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы