Рассылка

Апытаньне



 
№570 ВЕСТКІ Маладзёвая бачынаАб’явыПрэмія ЮхнаўцаКрама


СЬНЕЖАНЬСКІ СХОД АДДЗЕЛУ

Віталь ЗАЙКА

Чарговы сход нью ёрскага аддзелу БАЗА адбыўся 11 сьнежня. Напачатку старшыня аддзелу сп. Віталь Зайка прачытаў рэфэрат да 84-х угодкаў Слуцкага Збройнага Чыну. Даўшы кароткі агляд стварэньня Рады Случчыны, фармаваньня Слуцкай брыгады й баявых дзеяньняў супраць наступаючай Чырвонай арміі, прамоўца падкрэсьліў, што значнасьць Слуцкага Збройнага Чыну палягае ў тым, што беларусы аказаліся здольныя зарганізавацца і супольна выступіць на барацьбу супраць пераўзыходзячай зьнешняй сілы. Яны паказалі гатовасьць змагацца за свабоду, нават калі не было шанцаў перамагчы, паказалі духовую моц, якая сёньня так неабходная іхным нашчадкам у Беларусі й на чужыне. Прыклад самаахвярнасьці случчакоў павінен быць узорам для сёнешняга пакаленьня змагароў за вольную Беларусь. Сп. Зайка прачытаў ліст ад Старшыні Рады БНР спн. Івонкі Сурвіллы з прывітаньнем на ўгодкі Слуцкага Збройнага Чыну.

Затым перад прысутнымі выступіў намесьнік Старшыні Рады БНР і супрацоўнік Радыё Свабода сп. Сяргей Навумчык. Ён распавёў пра падзеі ва Ўкраіне, адзначыўшы, што шырокая грамадзянская актыўнасьць украінцаў ёсьць ня вынік палітычных тэхналёгіяў, як гэта спрабуе падаць расейская, а таксама лукашэнкава прапаганда, а сапраўднае выяўленьне волі народу, абуранага фальшаваньнямі й карумпаванасьцю існуючага рэжыму. Адваротны эфэкт меў непрыхаваны і хамскі ціск Масквы. Справа атручаньня кандыдата ад апазыцыі Юшчанкі выклікае шмат пытаньняў да рэжыму Кучмы і да ягоных калегаў у Маскве. Перамога нашых украінскіх братоў будзе таксама і нашай перамогай, бо яна безумоўна наблізіць вызваленьне Беларусі ад дыктатуры й русыфікацыі. Заявы аб патрэбе вываду расейскіх войскаў гучаць ад кіраўніцтва Малдовы. Але ёсьць небясьпека, што, страціўшы ўплыў у навакольных пост-савецкіх краінах, Расея паспрабуе ўзяць рэванш у Беларусі, і таму ейныя дзеяньні на пост-савецкай прасторы мусяць прыцягваць пільную ўвагу міжнароднай супольнасьці, ЗША і Эўразьвязу. Далей сп. Навумчык даў свой аналіз парляманцкіх выбараў і рэфэрэндуму ў Беларусі. Ён адзначыў ролю, якую павінна адыграць беларуская дыяспара ў падтрымцы змаганьня супраць дыктатуры, захаваньня нацыянальных традыцыяў і незалежніцкіх ідэалаў Акту 25 Сакавіка.

З развагамі да ўгодкаў Слуцкага Збройнага Чыну выступіў старшыня Галоўнай Управы БАЗА сп. Антон Шукелойць, які асабіста ведаў шмат каго з удзельнікаў Чыну і браў удзел у імпрэзах, прысьвечаных случчакам, у 1930-я г.г. у Вільні й на Віленшчыне. Ён параўнаў гераізм случчакоў з змаганьнем іншых народаў Эўропы і адзначыў, што Слуцкае паўстаньне належыць да высокіх прыкладаў духовага ўздыму. Яно ёсьць часткаю змаганьня за беларускую незалежнасьць, якое трывае да сёньня.

У разьдзеле “Рознае” з сваімі развагамі адносна патрэбы дапамогі новапрыбылым імігрантам зь Беларусі выступіў сп. Мікола Сагановіч. Ён адзначыў, што людзі, якія атрымалі дапамогу, мусяць наўзаем дапамагчы арганізацыі сваёй падтрымкаю і ўдзелам у ейных імпрэзах і акцыях, інфармаваць пра яе дзейнасьць сяброў і знаёмых.

Прывітаньні ад Амэрыканскага Сусьветнага Патрыярхату і Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Народнай Царквы й віншаваньне са Сьвятам Божага Нараджаньня і з Новым Годам пераказаў архіяпіскап Юры.

Далей адбылося знаёмства з людзьмі, якія першы раз прыйшлі на паседжаньне аддзелу. У іх ліку выступілі Іван Кудзін і Вольга Сушко, якія паінфармавалі прысутных пра падзеі вакол Міжнароднага Экалягічнага Ўнівэрсытэту ў Менску, кіраўніцтва якім цалкам перанялі структуры рэжыму Лукашэнкі.

Пасьля заканчэньня афіцыйнай часткі сходу прысутныя маглі пры каве, віне і пачастунках калегавацца са знаёмымі й з гасьцямі аддзелу.


Уплаты ў нью ёркаўскі аддзел БАЗА:
Ахвяраваньні й складкі:


Ф. Бартуль — 40
В. Бартуль — 30
С. Кузьміцкі — 30
А. Радзевіч — 30
З. Левіт — 30
Ж. Шкарбанава — 30
С. Масюк — 30
С. Бандарэнка — 30
В. Яськевіч — 30
А. Тальянскі — 30

Шчыры дзякуй!


Уплаты ў аддзел дасылайце скарбніку на адрас:

Valeri Dvornik
172 Millspring Rd.
Manhasset, N.Y. 11030

Чэкі выпісвайце на Belarusan American Association.

Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005
Хостынг — 1and1
Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы