Рассылка

Апытаньне



 
№570 ВЕСТКІ Маладзёвая бачынаАб’явыПрэмія ЮхнаўцаКрама


КАСТРЫЧНІЦКІ СХОД АДДЗЕЛУ БАЗА

Віталь ЗАЙКА

У суботу 9-га кастрычніка адбыўся чарговы сход нью ёрскага аддзелу БАЗА. Напачатку сходу старшыня аддзелу сп. Віталь Зайка паведаміў пра галаўнейшыя падзеі за апошні месяц, зьвязаныя з Беларусьсю. Гэта — падрыхтоўка да выбараў у Палату прадстаўнікоў і да рэфэрэндуму аб пажыцьцёвым прэзыдэнцтве Лукашэнкі, і прыняцьце Акту аб Дэмакратыі ў Беларусі Кангрэсам ЗША.

Затым з сваім аналізам падзеяў у Беларусі выступіў старшыня БНФ сп. Зянон Пазьняк. Гаворачы аб маючых адбыцца 17 кастрычніка выбарах і рэфэрэндуме ў Беларусі, прамоўца адзначыў, што непрыняцьце байкоту, прапанаванае КХП БНФ і ўдзел у выбарах ёсьць відавочнаю памылкаю большасьці апазыцыі.

“Ужо цяпер відаць, што рэжым цалкам задзейнічаў усе дзяржаўныя рэсурсы, і ўсяляк перашкаджае нават той скрайне абмежаванай агітацыі кандыдатаў апазыцыі, якая была дазволеная па тэндэнцыйным афіцыйным законе аб выбарах. Калі мы галасуем супраць Лукашэнкі, а галасы падлічвае вертыкаль Лукашэнкі — ці можна перамагчы ў такіх умовах?” Шалёная агітацыя, кантрактная сыстэма найму на працу (новы прыгон), рэпрэсіі па месцы працы – усё працуе на перамогу рэжыму. Праз адмаўленьне ад байкоту апазыцыя зрабіла сябе пешкаю ў гульні дыктатара. Фізычны ўдзел апазыцыі будзе скарыстаны рэжымам дзеля легітымізацыі загадзя прадказальнага выніку — падтасаваньняў і перакручваньня сьпісаў і выбарчых бюлетэняў на сваю карысьць.

Рэжым зразумеў пагрозу, якую тоіць байкот выбараў. Усе заклікі да байкоту, не раўнуючы з кожнымі іншымі заклікамі й лёзунгамі апазыцыі, вельмі апэратыўна і брутальна перасьледуюцца ўладамі.

Таму ў такой сытуацыі патрэбны рашучы, сьмелы крок. Трэба, каб кожны кандыдат выйшаў з гэтай выбарчай кампаніі. Неабходныя заявы ў Вярхоўны суд аб патрабаваньні разгляду рэфэрэндуму Канстытуцыйным судом. Апазыцыянэры заяўляюць, што будуць браць удзел толькі ў выбарах, але не ў рэфэрэндуме. Між тым сьпісы адзіныя на абодва галасаваньні. Таму, прыйшоўшы на выбары, кожны робіцца ўдзельнікам-статыстам незаконнага рэфэрэндуму. Тое-ж з назіральнікамі з Эўразьвязу. Нельга, як яны заяўляюць, назіраць “толькі за выбарамі”, гэта абсурд. Прычым нават у такім выпадку рэжым не падпусьціць іх да скрыняў галасаваньня і да падліку галасоў. Гэта таксама статысты ў лукашэнкавым сцэнары. Масавая адмова ад балятаваньня — адзіны спосаб хоць неяк выправіць сытуацыю і перашкодзіць плянам рэжыму. Нажаль, гэты варыянт наўрад ці будзе прыняты недальнабачнымі палітыкамі апазыцыі.

Напрыканцы выступу сп. Пазьняк адзначыў: “Але надзея жыве. Нічога фатальнага няма. І выбары, і вынікі “рэфэрэндуму” ня будуць прызнаныя сусьветнай супольнасьцю. Кропля за кропляю, дзеяньні супраць рэжыму будуць рабіць сваю працу. Злучаныя Штаты зацікаўленыя у аднаўленьні дэмакратыі ў Беларусі, аб чым сьведчыць прыняцьце Акту аб Дэмакратыі ў Беларусі. Туды не былі ўключаныя прапановы аб “пасярэдніцтве” Расеі ва ўсталяваньні дэмакратыі ў Беларусі, і шэраг іншых пунктаў, супраць якіх мы выступалі, а нашыя пункты былі ўключаныя.

Сусьветная супольнасьць надае ўсё больш увагі падзеям у Беларусі. Гэта добры знак таго, што неўзабаве непадзельнаму панаваньню дыктатуры ў Беларусі будзе пакладзены канец”.

Затым у разьдзеле «Рознае» прагучэлі аб’явы й паведамленьні, у прыватнасьці аб маючым адбыцца на наступным сходзе канцэрце Сержука Сокалава-Воюша.
Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005
Хостынг — 1and1
Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы