ВЕРАСЬНЁЎСКІ СХОД АДДЗЕЛУ БАЗАВіталь ЗАЙКАЧарговы сход Нью Ёрскага аддзелу БАЗА адбыўся 11 верасьня. Напачатку старшыня аддзелу Віталь Зайка распавёў пра падзеі ў Беларусі за апошні месяц. Сярод найбольш важных падзеяў былі ўзгаданыя падрыхтоўка да выбараў у Палату прадстаўнікоў і выступ Лукашэнкі аб правядзеньні рэфэрэндуму пра скасаваньне абмежаваньняў на колькасьць прэзыдэнцкіх кадэнцыяў. Затым прамоўца распавёў пра 26-ю Сустрэчу Беларусаў Паўночнай Амэрыкі, якая праходзіла з 4 па 6-га верасьня ў Таронта, Канада. Традыцыя Сустрэчаў была годна падтрыманая ў Таронта, дзе галоўнаю тэмаю стала абарона беларускай мовы й набыткаў беларускай культуры, якія апынуліся пад пагрозаю ў выніку этнацыду, які праводзіць рэжым Лукашэнкі супраць беларускага народу. Сп. Зайка адзначыў выдатны ўзровень падрыхтоўкі й правядзеньня Сустрэчы ды падкрэсьліў неабходнасьць мацаваньня кантактаў унутры беларускай грамады Паўночай Амэрыкі – як паміж арганізацыямі, так і паміж асобамі.
Затым з аналізам апошніх падзеяў у Беларусі выступіў старшыня Беларускага Народнага Фронту сп. Зянон Пазьняк. Ён адзначыў, што рэферэндум аб зьмене Канстытуцыі, падрыхтаваны рэжымам Лукашэнкі, фактычна ёсьць незаконны крок, скіраваны на забраньне Лукашэнкам царскіх паўнамоцтваў для сябе. У сьвятле аб’яўленага рэфэрэндуму ўсе тыя, хто агітаваў за актыўны ўдзел у выбарах у палату прадстаўнікоў пад прэтэкстам “распаўсюджаньня інфармацы пра свае партыі”, “набіраньня палітычнага вопыту”, трапілі ў пастку, якую па-майстэрску распрацаваў рэжым. Цяпер сфальсыфікаваныя вынікі й выбараў, і рэферэндуму будзе цяжэй аспрэчваць дзеля ўдзелу ў іх апазыцыйных сілаў. Ясна, што падлік галасоў цалкам пад кантролем рэжыму, і выйдзе так, як будзе замоўлена Лукашэнкам і ягонымі памагатымі. Нават тайнасьць правядзеньня галасаваньня на руку рэжыму. Таму байкот — гэта адзіны слушны выхад і форма змаганьня, і КХП БНФ працуе на гэта. Бруксэльскія структуры не былі гатовыя да магчымасьці рэферэндуму, і знаходзяцца ў шоку. Беларусь усё больш уцягваецца ў міжнародную палітыку, хочам мы таго або не. Таму гэты зьнешні фактар трэба ўлучаць у змаганьне ўнутры краіны. Вельмі нядобра выглядае супадзеньне аб’явы пра рэферэндум з часам жалобы ў Расеі па загінулых ахвярах у Асеціі. Таксама дзіўным ёсьць раптоўны візыт Лукашэнкі ў Сочы й заява аб прыйсьці ў Беларусь расейскай валюты ў 2006 годзе, аднаўленьне рэторыкі аб патрэбе Канстытуцыйнага акту. Разам з тым беларускія нацыянальныя сілы маюць пэрспэктывы для змаганьня і павінны добра зразумець сытуацыю.
Затым са сваёй прапановай адносна таго, што можна зрабіць у перыяд, які застаўся да выбараў і рэфэрэндуму ў Беларусі, выступіў сп. Вячка Станкевіч. Байкот — гэта ўжо запозна. Але мы, прадстаўнікі беларускіх арганізацыяў, можам зьвярнуцца да урадаў, установаў і палітыкаў, тлумачачы, што выбары ў Беларусі ня могуць быць справядлівымі й вольнымі. Місія АБСЭ, якая маецца назіраць за выбарамі, калі пераканаць яе ў няслушнасьці ўдзелу у правядзеньні выбараў у любой форме, за некалькі тыдняў да выбараў можа спакавацца і зьехаць. У гэтым выпадку стаўленьне да вынікаў і выбараў, і рэферэндуму ні ў кога ня будзе выклікаць сумненьняў. І вось дзеяньні на тое, каб давесьці свае погляды да належных структураў, пераканаць іх, і ёсьць форма супраціву, якая патрэбная сёньня.
Са сваім бачаньнем неабходных крокаў па супрацьстаяньні дыктатуры ў Беларусі выступіў прэзыдэнт Сусьветнага Згуртаваньня Беларускіх Гэбраяў сп. Якаў Гутман. Ён адзначыў, што адзінае выйсьце — гэта ўплыў на краіны Захаду з тым, каб не дапусьціць легалізацыі новых незаконных дзеяньянў рэжыму ў Беларусі, сумесныя акцыі й выстаўленьне канкрэтных патрабаваньняў, што далі-б магчымасьць абмежаваць нэгатыўныя вынікі дзеяньняў рэжыму Лукашэнкі.
Затым ў разьдзеле “Рознае” прагучэлі аб’явы й паведамленьні, адбылося знаёмства з гасьцямі сходу аддзелу. Потым, як заўсёды, прысутныя мелі магчымасьць таварыскага калегаваньня пры кубку кавы й прысмаках.