ЧЭРВЕНЬСКІ СХОД І ЎШАНАВАНЬНЕ СП. ЗЯНОНА ПАЗЬНЯКАВіталь ЗАЙКАУ грамадзкай залі пры Саборы Сьв. Кірылы Тураўскага ў Брукліне 12 чэрвеня прайшоў чэрвеньскі сход нью ёркаўскага аддзелу БАЗА. Напачатку старшыня аддзелу сп. Віталь Зайка паінфармаваў пра апошнія падзеі ў Беларусі, у прыватнасьці пра галадоўку, якую пачалі тры дэпутаты палаты прадстаўнікоў і шэраг сябраў апазыцыйных палітычных партыяў, а таксама пра перамовы Пуціна і Лукашэнкі, акцыю ў падтрымку газэты “Народная Воля”, падрыхтоўку страйку прадпрымальнікаў ды іншае.
Прысутны ў залі старшыня Сусьветнай асацыяцыі беларускіх гэбраяў сп. Якаў Гутман распавёў пра радыёмост, які арганізавала з галадуючымі ў Менску нью ёркаўская расейскамоўная радыёстанцыя “Новае Жыцьцё”. У перадачы прынялі ўдзел генэрал Валеры Фралоў, сп. Янка Запруднік і сп. Якаў Гутман, вядучы — сп. Яраслаў Беклямішаў. Было вырашана правесьці акцыю ў падтрымку галадуючых.
Затым пачалося ўшанаваньне сп. Зянона Пазьняка ў сувязі зь ягоным 60-гадовым юбілеем. Сп. В. Зайка ў кароткім слове адзначыў унёсак Зянона Пазьняка ў справу Беларускага Адраджэньня, у стварэньне сучаснага беларускага нацыянальнага руху і ў здабыцьцё Беларусьсю незалежнасьці ў 1991 годзе. Затым з прывітаньнямі выступілі.: ад БАЗА — спн. Валянціна Якімовіч, якая прачытала ўрачысты адрас, па-мастацку выраблены ёю, ад імя сястрыцтва Сабору Сьв. Кірылы Тураўскага — спн. Зоя Вашкевіч, ад Парафіяльнай рады Сабору — сп. Барыс Данілюк, ад імя Таронтаўскага аддзелу Згуртаваньня Беларусаў Канады — спн. Надзея Дробіна, а таксама сп-ва Мікалай і Ліна Сагановіч, сп. Вячка Станкевіч, сп. Антон Шукелойць, а. В. Логін, сп. Я. Гутман, архіяпіскап БАП(Н)Ц Юры (Рыжы), які падараваў юбіляру сваю кнігу “Мой крыж”. Юбіляру былі паднесеныя кветкі, падарункі й вялікі сьвяточны торт. Прысутныя засьпявалі “Дай, Божа, сто год”. Юбіляр задзьмуў сымбалічныя сьвечкі-лічбы на торце.
Затым слова ўзяў сп. Зянон Пазьняк. Ён падзякаваў усім прысутным за гонар, цёплыя кранальныя словы й падарункі. Прамоўца коратка ахарактарызаваў сваю дзейнасьць і шлях, пройдзены беларускім рухам. Сп. Пазьняк у прыватнасьці адзначыў важнасьць мовы як сымбалю поўнай адданасьці Беларусі: “Шмат было ў нашай гісторыі тых, што казалі аб дэмакратыі, аб лепшай долі беларуса — але казалі па-расейску, як “Крестьянін”, “Белорусское обшчество”, сацыял-дэмакраты. Былі й ёсьць людзі, што падтрымлівалі Беларусь па-расейску і па-польску. Але яны ніколі не ішлі за яе да канца. У савецкія часы ўсё скончылася генацыдам. Нацыянальныя дзеячы 1940-х гадоў — не калябаранты, а сапраўдныя патрыёты, што стварылі незалежніцкую падпольную арганізацыю, якая змагалася і супраць немцаў, і супраць бальшавікоў. Пасьля вайны ўсё беларускае працягвалі вынішчаць. Але да канца зьнішчыць не змаглі, і ў 1991 годзе адбылася нашая нацыянальная рэвалюцыя, былі вернутыя незалежнасьць, гэрб і сьцяг. “Калі ты ахвяраваўся і гаворыш па-беларуску, часта наперакор усталяванаму ладу, сваякам, сябрам — гэта значыць, што стаў на шлях, зь якога ня збочыш.” На працягу 10 год ідзе пагром беларускай культуры, зьнішчэньне традыцыяў, памяці народу. Але беларускі народ, ягоная мова, ягоная гісторыя і культура застаюцца жыць, ня гледзячы ні на што.
Пасьля гэтага сп. Пазьняк сказаў: «Сёньня больш пра палітыку гаварыць ня будзем. Я хацеў-бы зрабіць тое, што ні перад якой аўдыторыяй яшчэ не рабіў. Я прачытаю свае вершы. Вершы, якія нідзе не публікаваліся». І загучалі вершы, якія мелі вельмі вялікае ўражаньне на ўсіх прысутных, і былі сустрэтыя з надзвычайным энтузіязмам.
Уладыка Васіль, япіскап БАПЦ, асьвяціў ежу, і прысутныя мелі магчымасьць выпіць і закусіць за здароўе юбіляра. Пад беларускую нацыянальную музыку ахвочыя маглі патанчыць.
Банкет быў выдатна падрыхтаваны сп-вам Зояй і Міколам Вашкевічамі, якім належыць асобная падзяка ў правядзеньні ўшанаваньня. Падзяка таксама належыцца сп. спн. Валерыю Дворніку, Алле Орса-Романо і Анатолю Тальянскаму.
Уплаты ў аддзел дасылайце скарбніку на адрас:
Valeri Dvornik
172 Millspring Rd.
Manhasset, N.Y. 11030
Чэкі выпісвайце на Belarusan American Association.