Рассылка

Апытаньне



 
№570 ВЕСТКІ Маладзёвая бачынаАб’явыПрэмія ЮхнаўцаКрама

Нашая фанатэка

Як "Mauzer" выводзіць чорныя душы на белы сьвет

Анатоль МЯЛЬГУЙ

Акустычная прэзэнтацыя новага альбому “Porna” магілёўскага гурта “Mauzer” выклікала немалое хваляваньне ў шэрагах сталічных мэляманаў па некалькіх прычынах. Сярод іх нельга не адзначыць галоўную: у менскім клюбе “Рэактар” павінен быў выступаць ўжо надзвычай папулярны ў краіне магілёўскі рок-музыкант, паэт і лідэр аднаймённага гурта Янка Маўзэр са сваімі калегамі-музыкамі. Вельмі ўражвае і радуе тое, што Янка стаў кумірам маладых беларускіх хлопцаў і дзяўчат так званага generation next, дзякуючы сваім песьням, якія былі цудоўна запісаныя ўдзельнікамі гурта “Tav. Mauzer” і выдадзеныя на ўжо культавым альбоме “Радасьць” (БМА group, 2006 г.) Большасць гэтых песень, як высьветлілася, слухачы ведаюць напамяць. А “ўжывую” засьпяваць іх разам з кумірам – найбольшае задавальненьне і гонар для ўзорнага прыхільніка...

Таму, перш чым пачаць размову пра новы альбом “Porna” магілеўчаніна Янкі Маўзера і гурта “Mauzer” (цяпер гурт завецца менавіта так!), варта ўспомніць посьпех папярэдняй працы артыста і ягонай каманды – кружэлкі “Радасьць” з магутным гітамі “Брудная вада”, “Калыханка”, “Беларусь Будзе Вольнай”. Гэтыя кампазыцыі надалі беларускай рок-музыцы новыя пэрспэктывы, пашырылі слухацкую аўдыторыю айчынных незалежных выканаўцаў.

Але міналі дні, месяцы і гады, якія прыносілі выканаўцам новыя фэстывальныя выступы, канцэрты і скандалы. Гэткімі падзеямі напоўнілася творчае жыцьцё гурта і ягонага лідэра Яна Маўзэра. Здаецца, плынь часу вярнуць нельга, як і нельга вярнуць былога посьпеху, калі гурт стаў пераможцам фэсту “Басовішча”, атрымаў дзьве ўзнагароды на “Рок-каранацыі-2005” і “Рок-каранацыі-2006”. Але на гэта ў Янкі былі прыхаваныя свае аргумэнты, якія слухачы знойдуць на новым альбоме выканаўцаў.

Што тычыцца правакацыйнасьці самога слова “porna”, то наяўнасць яго ў назве новага альбому гурта тлумачыць Янка Маўзэр такім чынам: “Мы маем на ўвазе не фізіялягічнае порна, хоць да гэтага, напэўна, гэтая назва адносіцца. Мы хацелі выказаць ня тое, што порна вакол, а што порна ўнутры нас, пра чарнату чалавечай душы. Мы спадзяёмся, што людзі, якія будуць слухаць альбом, адчуюць тыя думкі, якія былі ўкладзеныя ў ягоны зьмест.”

Што і казаць, вырваўшы з кантэксту любы радок зь песень Янкі, можна палічыць яго парнаграфічным: “Вазьмі мяне!/ На мокрай падлозе!” Але толькі агульнае ўспрыяцьце канцэпцыі альбому дазваляе слухачам адкінуць аргумэнт правакацыйнасьці, які музыкам закідваюць некаторыя мясцовыя крытыкі, і адчуць, а пасьля і зразумець гранічную адкрытасьць лірычнага героя песень, які прызнаёцца:

Ты – маё разуменьне прыгожага,
Дазволіш стаць тваім рэхам?
Пасьля доўгага падарожжа,
Там, дзе гучыць сьмех.
За такіх, як ты, пачынаюць вайну,
З-за такіх як ты, вучацца танчыць.
Я бачыў цябе ў сьне ці кіно.
Мая маленькая,чаму ты плачаш?
(“Апошняя песьня”)

Як і першы ў гісторыі гурта альбом “Радасьць”, дыск “Porna” ня можа не захапіць слухачоў дасканаласьцю запісу, арыгінальнасьцю (прынамсі, для маладой беларускай рок-музыкі) аранжыровак і паэтычных экспэрымэнтаў Янкі, які ёсьць аўтарам тэкстаў да кампазыцыяў альбому “Porna”. Ня часта айчынныя музыкі так сур’ёзна ставяцца да якасьці сваіх запісаў. Бо ўдзельнікі гурта запісвалі ўсе партыі гітараў, барабанаў, баса на спэцыялізаваных студыях па ўсёй Беларусі. А запіс вакалу і клявішных інструмэнтаў, як зьвядзеньне і “майстраваньне” ўсяго музычнага матэрыялу, яны рабілі на сваёй уласнай студыі “MAUZER recordings”. Мо таму новы дыск адрозьніваецца чысьцінёю гучаньня і ўспрымаецца, як новае слова ў мастацтве запісу альтэрнатыўнай рок-музыкі ў нашай краіне.

Традыцыйна на гукавых дарожках новага альбому музыкі зьмясьцілі песьні сацыяльнага зьместу з сатырычным падтэкстам (напраклад, “Гебельс” ці “Uvaha!”), якія цяпер адлюстроўваюць крытычны погляд музыкаў на некаторыя асаблівасьці беларускай рэчаіснасьці. Простых заклікаў палітычнага зьместу музыканты стараюцца пазьбягаць, каб унікнуць лёзунгавых шаблёнаў у сваёй творчасьці. Такі падыход спрыяе таму, што нават сацыяльныя тэматыка ў тэкстах гурта “Maыzer” не выпадае з агульнай канцэпцыі альбому “Porna”.

Шчырую ўвагу слухачоў прыцягнуць і лірычна-паэтычныя споведзі такіх песень, як “Вазьмі мяне”, “Балянсу белага”, па якіх можна скласьці ўражаньне аб тым, якія тэмы і сродкі для іх выяўленьня найбольш хвалююць музыкаў гурта. Толькі на альбоме “Porna” гэтыя песні адрозьніваюцца дасканалейшаю прапрацоўкаю тэмы, глыбейшым спалучэньнем мэлёдыі і тэксту.

Слухачоў захапляюць цяперашнія магчымасці Яна, як вакаліста. Здаецца, яму пад сілу і стварэньне напружанай эмацыйнасьці (“Усьміхніся”), і душэўнай спавядальнасьці (“Апошняя песня”). Мо таму гэтыя кампазыцыі адразу становяцца гітамі, якія маладыя наведвальнікі канцэртаў гурта сьпяваюць разам зь Янкам.

Аматарам інструмэнтальных нумароў прыйдуцца да спадобы цікавыя музычныя тэмы-замалёўкі, якія прадстаўленыя на кружэлцы (“Таварыш Маўзэр”, “Нараджэньне”). Гэтыя кампазыцыі дэманструюць выканаўчыя магчымасьці ўдзельнікаў запісу альбому, лёгіку ў кампазыцыйным разьвіцьці гэтых інструмэнтальных п’есаў. Стылістычна музыка гурта “Mauzer” ёсьць альтэрнатыўнаю, але ў ёй гарманічна спалучаюцца ня толькі “цяжкія” складнікі гард-кору ці industrial, але і элемэнты экспэрымэнтальнай электронікі, нават танцавальнага drum-and-bass, якія дапаўняюцца цяжкімі гітарнымі рыфамі і магутным гукам басавай гітары. Такі музычны “кактэйль” характэрны для многіх альтэрнатыўных рок-выканаўцаў.

А яшчэ слухачы адзначаць высокі прафэсіяналізм усіх удзельнікаў запісу альбому. Ім пад сілу і арыгінальныя электронныя экспэрымэнты, як гэта адчуваецца ў песьні “Мора”, і сучасны гітарны рок, які дамінуе ў “Шчасьлівых людзёх”. Хоць бывае здаецца, што залішняя насычанасьць музычных і паэтычных вобразаў шкодзіць, бо адбівае ахвоту да слуханьня ў тых, хто не прызвычаіўся да складаных форм у сучаснай рок-музыцы.

Шкада, імёны музыкаў гурта асобна не пазначаныя на буклеце кружэлкі. Можна толькі здагадацца, што гэта музыкі, якія разам зь Янкам удзельнічалі ў запісе папярэдняга альбому “Радасьць”. Гэтыя выканаўцы, па інтэрнэт-завядзёнцы, хаваюць свае імёны пад нікамі. Адзін зь іх – Kolhz – гітарыст, які ўдзельнічаў разам зь Янкам у прэзэнтацыі дыску, што прайшла ў менскім клюбе “Рэактар”.

Таму яшчэ раз падкрэсьлю, фэнамэн “Mauzerа” ня мог-бы адбыцца без таленавітых і прафэсійных ўдзельнікаў гурта, талент якіх надаў новаму альбому глыбіні і самавітасьці. Нажаль, некаторыя з гэтых музыкаў па розных прычынах пакінулі каманду, хоць Янка з гэтай нагоды ня стаў доўга сумаваць. Для працы ў гурце “Mauzer” былі запрошаныя іншыя выканаўцы, якія ў мінулым месяцы атрымалі “баявое хрышчэнне” на сцэне фэсту “Рок за Баброў” у Сілічах пад Менскам.

І яшчэ адная вартая ўвагі асаблівасць альбому “Porna” – беззаганнасьць напісаньня, вымаўленьня, адлюстраваньня ў друку лірыкі Яна Маўзэра: нават самы заўзяты прыхільнік роднае мовы ня знойдзе і двух сэнсавых і артаграфічных памылак у тэкстах гурта, якія выдрукаваныя ў буклеце альбому. Такая адукаванасьць сучасных беларускіх рок-музыкаў ня можа ня радаваць, бо ёсьць цудоўным прыкладам для маладзейшых аўтараў беларускамоўнай рок-паэзіі.

Упэўнены, у хуткім часе сталічных слухачоў, як і прыхільнікаў гурта “Mauzer” па ўсёй краіне, чакаюць новыя сустрэчы з таленавітымі музыкамі з Магілёву, якія абяцалі правесьці паўнавартасную “элэктрычную” прэзэнтацыю новага альбому. Бо самы моцны бок гэтага гурта – канцэртнае шоў і выкананьне песень, якія сталі гітамі па ўсёй Беларусі. Так было з кампазыцыямі альбому “Радасьць”, так, упэўнены, здарыцца і з альбомам “Porna”.

http://mialguj.livejournal.com
Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.
Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005
Хостынг — 1and1
Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы