Каляндар “БЕЛАРУСА”
АГ
100 гадоў таму, 3 ліпеня 1910 г., у Міхноўцах на Беласточчыне нарадзіўся грамадзкі дзеяч Аляксей Грыцук. У міжваенным часе ён служыў у польскім войску, настаўнічаў у Браслаўскай гімназіі ды вучыўся завочна на гістарычным факультэце Варшаўскага унівэрсытэту. Падчас Другой сусьветнай вайны быў адным з арганізатараў беларускага жыцьця ў Беластоку, напрыклад, акруговым школьным інспэктарам на Беластоцкую акругу. Ад лета 1944 г. – на эміграцыі. Тры гады правёў у аўстрыйскім Зальцбургу, дзе разам з Уладзімерам Дудзіцкім, Міколам Ганьком, Алесем Салаўём арганізаваў беларускі камітэт.
У студзені 1948 г. Грыцук выехаў у Канаду, пасяліўся ў Таронта, дзе браў актыўны ўдел у жыцьці беларускай грамады. Узначальваў Згуртаваньне Беларусаў Канады, быў адным з актывістаў парафіі сьв. Кірылы Тураўскага, старшынём Сэктару Рады БНР. Грыцук таксама абараніў доктарскую дысэртацыю па творчасьці Багдановіча. Памёр у 1976 г., пахаваны на могілках у Кінгстане.
13 ліпеня 1975 г. памёр дзеяч зь Вініпэгу, пісьменьнік Мікола Сільвановіч. Ён нарадзіўся ў 1917 г. у Вірадове (сёньня – Маладэчанскі раён). У паваеннай Нямеччыне Мікола Сільвановіч быў сярод арганізатараў літаб’яднаньня “Шыпшына”, у лягеры ў Герэнбэргу ля Штутгарту арганізаваў майстэрню беларускага мастацкага рамяства “Раніца”, вырабы якой – напрыклад, з саломкі – неаднаразова ўдзельнічалі і бралі прызы ў розных выставах. Менавіта Сільвановіч выдаў знакамітую паштоўку “вялікія дзеячы адраджэньня” з выявамі Каліноўскага, Грынявіцкага, Багушэвіча, Крэчаўскага і Захаркі. Таксама, як і Грыцук, выехаў у Канаду, пасяліўся ў сярэдняй яе частцы, у Вініпэгу. Тут ён спрычыніўся да заснававаньня Беларускага нацыянальнага камітэту. Ад канца 1950-х Сільвановіч паступова пачаў згортваць кантакты зь беларускімі дзеячамі. М. Сільвановіч вядомы таксама як і паэт, хоць ні пры жыцьці, ні пасьля сьмерці ня выйшла ніводнай асобнай кнігі.
28-29 ліпеня 1945 г. першая беларуская група пасялілася ў лягеры для перамешчаных асобаў АВС у Ватэнштэце (Ніжняя Саксонія). Арганізаваў лягер Сьвятаслаў Коўш. Як і ў лягеры ў Рэгенсбургу, у Ватэнштэце буяла беларускае жыцьцё, працавалі школка, гімназія, выдавалася прэса, была самадзейнасьць, скаўтынг. Пра лягер у Ватэнштэце Коўш выдаў у 1981 г. кнігу.
Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.