Рассылка

Апытаньне



 
№570 ВЕСТКІ Маладзёвая бачынаАб’явыПрэмія ЮхнаўцаКрама

Беларусь за месяц

Уласны карэспандэнт

Хроніка газавай вайны

15 чэрвеня прэзыдэнт Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў на сустрэчы з кіраўніком расейскага “Газпрому” Аляксеем Мілерам завочна паставіў Лукашэнку ўльтыматум. У пяцідзённы тэрмін Беларусь мусіць сплаціць каля 200 млн. даляраў запазычанасьці за газ, пастаўлены ў 2010 годзе. “Калі гэтага зроблена ня будзе, тады давядзецца ўжыць строгія захады”, – сказаў тады Мядзьведзеў, адзначыўшы, што Лукашэнка тлумачыць недаплаты “цяжкім фінансавым становішчам”. “Але, калі шчыра, цяпер усім цяжка”, – заявіў расейскі кіраўнік.

20-21 чэрвеня беларуская дэлегацыя накіравалася ў Маскву на перамовы, але яны скончыліся безвынікова.

21 чэрвеня “Газпром” абмежаваў пастаўкі газу ў Беларусь на 15%, потым абмежаваньні дасягнулі 30%. На сустрэчы з прэзыдэнтам Мядзьведзевым Аляксей Мілер паведаміў, што “прапанавана аплату зрабіць машынамі, абсталяваньнем і рознымі іншымі таварамі”. Расейскі прэзыдэнт адказаў, што ў адпаведнасьці з расейскім заканадаўствам замежныя плацяжы могуць прымацца толькі ў замежнай валюце – інакш гэта супярэчыць закону. “Газпром” нічым ня можа прымаць аплату за доўг: ні пірагамі, ні маслам, ні сырам, ні іншымі сродкамі плацяжоў”.

22 чэрвеня Лукашэнка распарадзіўся перакрыць транзыт расейскага газу празь Беларусь ды заявіў, што Расея вінная беларусам за транзыт газу ў Эўропу. “Не мы вінныя сёньня “Газпрому”, а “Газпром” – Беларусі”. Таксама кіраўнік Беларусі падчас сустрэчы зь міністрам замежных спраў Расеі Сяргеем Лаўровым заявіў, што заявы кіраўніцтва Расеі зьневажаюць беларускі народ. “Выбачайце, але калі нас пачынаюць зьневажаць ці то катлетамі, ці то каўбасой, маслам і блінамі, – мы гэта ўспрымаем як абразу беларускага народу. Так не належыць весьці сабе прэзыдэнту, у тым ліку суседняй саюзнай дзяржавы”.

23 чэрвеня “Газпром” атрымаў ад Беларусі $187 млн. за пастаўлены ў 2010 г. газ. Лукашэнка заявіў, што пазычыў грошы ў сяброў. Пастаўкі газу былі адноўленыя ў поўным аб’ёме. Таксама “Газпром” пералічыў Менску $228 млн. за транзыт газу, але Беларусь запатрабавала аплаціць усе $260 млн. Розьніца ўзьнікла з-за рознай ацэнкі стаўкі транзыту: беларускі бок настойвае на $1,88 за 1000 кубамэтраў газу на 100 км, расейскі – пра $1,45.

24 чэрвеня Лукашэнка даў інтэрвію тэлеканалу “Эўраньюс”, у якім заявіў, што на “Расею спадзявацца абсалютна нельга”. Такой вострай крытыкі Расеі ніколі не гучала з вуснаў беларускага кіраўніка. Таксама Лукашэнка заявіў, што пазычыў 200 млн. даляраў у свайго сябра прэзыдэнта Азэрбайджану Ільхама Аліева. Праўда, празь некалькі дзён прэс-сакратар Аліева заявіў, што крэдыт у 200 млн. быў дадзены Беларусі на 12 дзён і была на гэты конт нават падпісаная адпаведная дамова.

25 чэрвеня кіраўнік “Газпрому” Аляксей Мілер заявіў, што ўзгодненае падпісаньне пагадненьня зь “Белтрансгазам” аб пастаўках у Беларусь 22 млрд. кубамэтраў па гранічнай цане $250 за м3 (сёлета Беларусь плаціць $168).

28 чэрвеня быў адменены візыт дэлегацыі “Газпрому” ў Беларусь, афіцыйны Менск заявіў, што патрэбы ў такім візыце няма, а дакумэнтамі можна абменьвацца на адлегласьці.

У гэты-ж дзень Лукашэнка на адмысловай нарадзе запатрабаваў ад ураду рашуча актывізаваць дывэрсыфікацыю паставак энэргарэсурсаў у Беларусь. “Сёньня ёсьць пытаньне аб надзейных пастаўках нафты ў Беларусь з сусьветных рынкаў і па розных маршрутах. Мы ні ў якім выпадку не павінны паўтарыць памылку, якая мела месца ў стасунках з Расеяй. Пастаўка з іншых рынкаў нафты па адным маршруце таксама небясьпечная, як зараз залежнасьць ад адной дзяржавы па пастаўках вуглевадароднай сыравіны”.

Лукашэнка заявіў, што гэта ня робіцца ў піку Расеі, але Беларусь ня можа залежаць ад адной дзяржавы, аднаго цэнтру паставак.

Абмяркоўваў беларускі кіраўнік пытаньне новых рынкаў энэрганосьбітаў і на сустрэчы з прэм’ерам Летувы Андрусам Кубілюсам, які 28 чэрвеня знаходзіўся зь візытам у Менску. У прыватнасьці, вялалася гаворка пра пастаўку ў Беларусь звадкаванага газу.

1 ліпеня “Газпром” і “Белтрансгаз” падпісалі пагадненьне, згодна зь якім транзыт расейскага газу празь Беларусь будзе каштаваць Расеі 1,88 даляра на км транзіту. Расея раней настойвала на $1,45

Прэзыдэнцкія выбары

Прэзыдэнцкая кампанія пачнецца не пазьней за 6 лістапада. А можа нават і раней – заявіла старшыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына, выступаючы 29 чэрвеня перад удзельнікамі сходу клюбу маладых дэпутатаў “Выбар маладых”.

Усё справядліва, паколькі выбары прэзыдэнта павінны, паводле заканадаўства, прайсьці да 6 лютага ўключна, то выбарчая кампанія пачнецца не пазьней за 6 лістапада, каб заставаліся належныя на яе тры месяцы.

Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі прызначае парлямэнт, а 30 чэрвеня дэпутаты разышліся на летнія вакацыі. Праўда, папрасілі Лукашэнку сабрацца на пазачарговую сэсію 7 верасьня. Гэта азначае, што калі ў гэты дзень будзе прынятае рашэньне пра выбары прэзыдэнта, то яны пройдуць не раней за 12 сьнежня – першая нядзеля праз вызначаныя тры месяцы.

Фэстываль беларусаў замежжа

Фэстываль беларусаў замежжа ўпершыню плянуецца правесці ў Менску і гарадох Беларусі летам 2011 году. Ініцыятыва правядзеньня такога сьвята належыць Міністэрству культуры, Упаўнаважанаму па справах рэлігій і нацыянальнасьцяў, якія і выступяць яго арганізатарамі. Дапамогу акажа і Міністэрства замежных спраў.

Фэстываль мяркуецца праводзіць раз на два гады. Чакаецца, што на першае сьвята, якое папярэдне намечана правесьці ў канцы чэрвеня – пачатку ліпеня, зьбяруцца ня менш за 300 удзельнікаў з розных краінаў сьвету. Узрост ня мае значэньня. Заключныя мерапрыемствы пройдуць на галоўных менскіх пляцоўках – у Белдзяржфілярмоніі і Палацы Рэспублікі. Асобна плянуецца зладзіць выставу мастакоў, фотавыставы.

Палажэньне аб фэстывалі беларусаў замежжа плянуецца распрацаваць у найбліжэйшы час і прадставіць аб’яднаньням беларусаў за мяжою да 1 верасьня, зазначае Міністэрства культуры.

Беларусаў паменела

Колькасьць насельніцтва Беларусі з пачатку 2010 г. зьменшылася на 10,3 тысячы. Як паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт (Белстат), на 1 чэрвеня ў краіне пражывала 9 млн. 469,9 тыс. чалавек. Скарачэньне колькасьці насельніцтва абумоўлена перавышэньнем на 14 тыс. 392 асобы колькасьці памерлых над колькасьцю народжаных пры станоўчым міграцыйным прыросьце 4 083 чалавекі.

Насельніцтва за гэты пэрыяд павялічылася толькі ў Менску.

Рэлігія ў школе

З прапановаю ўвесьці ўрокі рэлігійнае культуры выступіў Інстытут тэалёгіі Белдзяржунівэрсытэту, паведамляе БелаПАН. Кіраўнік Цэнтру міжнародных сувязяў і разьвіцьця тэалягічнай адукацыі гэтага Інстытуту Рыгор Даўгяла лічыць, што ўвядзеньне ўрока рэлігійнай культуры дазволіць данесьці да маладога пакаленьня традыцыйныя каштоўнасьці.

Прычым прапаноўваецца зрабіць гэтую абавязковую дысцыпліну па выбары: для праваслаўных – курс праваслаўнай культуры, для каталікоў – курс з акцэнтам на каталіцкія каштоўнасьці, для юдэяў – на юдэйскія, для мусульманаў – на мусульманскія. Разам з тым, кожная з дысцыплінаў па выбары павінна ўключаць веды аб традыцыях іншых рэлігійных канфэсіяў ці галінаў хрысьціянства. Дзецям няверуючых бацькоў прапануецца “вывучаць курс сьвецкай этыкі”.

Ідэя, магчыма, і добрая, але ці слушна дзецям ужо змалку ўводзіць такую “канфэсійную сэгрэгацыю”.

Сярэдні заробак – 1,158 тыс

Сярэдні налічаны заробак работнікаў у Беларусі склаў у траўні месяцы 1 158 373 рублі (386 даляраў), рабочых і служачых 1 176 361 рубель. У параўнаньні з красавіком сярэдні заробак вырас на 3,7%.

Але што такое сярэдні заробак: гэта, умоўна кажучы, сярэдняе паміж заробкам дырэктара прадпрыемства і шараговымі работнікамі. Апроч таго, заяўляецца, што да канца году будзе зроблена ўсё, каб павялічыць сярэдні заробак па краіне да 500 даляраў (у бюджэтнай сфэры да 405 даляраў), бо набліжаюцца прэзыдэнцкія выбары.

Кніга Алеся Салаўя

У менскім выдавецтве “Лімарыюс” выйшаў кніга Алеся Салаўя “Творы”. Гэта першая кніга пісьменьніка, выдадзеная на радзіме. У 1982 г. у Нью-Ёрку БІНіМам быў выдадзены том “Нятускная краса”. Вёска Крысава на Койданаўшчыне – Менск – Ільля – Рыга – Бэрлін – Прага – Зальцбург – Адэляіда – Мэльбурн. Апроч вершаў, у кнігу ўвайшло ліставаньне з Масеем Сяднёвым, Юркам Віцьбічам, Аляксеем Грыцуком, Вітаўтам Тумашам, Антонам Адамовічам, Ларысай Геніюш. Зьмешчаныя таксама ўспаміны Ігара Качуроўскага, Вольгі Грыцук, Яна Пятроўскага, Аляксандра Калодкі, Уладзімера Брылеўскага, Міколы Ганька.

Уклаў кнігу, напісаў прадмову і камэнтары Міхась Скобла. Прадавацца кніга будзе ў асноўных менскіх кнігарнях ды інтэрнэт-крамах prastora.by і knihi.by.


Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.
Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005
Хостынг — 1and1
Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы