Беларусь, Украіна, Усходняя Эўропа - тэрыторыя генацыду
Зянон ПАЗЬНЯК
У ХХ-м стагодзьдзі таталітарныя рэжымы Расеі і Нямеччыны забілі дзясяткі мільёнаў людзей мірнага насельніцтва. У Нямеччыне гэта рабілі ў канцэнтрацыйных лягерох сьмерці і часткова ў працоўных лягерох. У Савецкім Саюзе забівалі ў цёмных лясах, у падвалах НКВД, у прыстасаваных пад турмы беларускіх крэпасьцях і замках. Забойствы былі строга засакрэчаныя, і да 1988-га году пра іх амаль ніхто ня ведаў. Афіцыйна саветы прызналі ГУЛАГ, і гаворка была толькі пра яго. Але ГУЛАГ было сістэмаю працоўных лягероў. Пытаньне: дзе дзеліся мільёны людзей, якіх потым не далічыліся народы?
Расейскі камунізм трымаўся на НКВД і хлусьні. Але ў 80-х гадох хлусьня лопнула, і камунізм абваліўся. Тым часам колькасьць забітых у СССР дакладна не падлічаная да гэтага часу. Называюць лічбу ад 5 да 70 мільёнаў чалавек, і нават больш.
Істотна, аднак, іншае. За часы камуна-савецкай акупацыі (да сьмерці Сталіна ў 1953-м г.) і за часы нямецка-фашысцкага нашэсьця Беларусь, і ў цэлым Усходняя Эўропа (акрамя Расеі) была тэрыторыяй найбольш жорсткіх масавых забойстваў і вырабленага генацыду з абодвух бакоў. Гэтая тэма пачала, нарэшце, дасьледвацца і на Захадзе. Тыматы Снайдэр (амэрыканскі дасьледчык галакосту) сцьвярджае, што эпіцэнтар масавых забойстваў сярэдзіны ХХ-га стагодзьдзя ляжыць у Беларусі, Украіне і Польшчы – на тэрыторыі, якую і Гітлер, і Сталін хацелі расчысьціць ад насельніцтва для рэалізацыі сваіх геапалітычных праектаў. (http://www.learntoquestion.com/resources/database/archives/003384.html )
У Расеі падчас 2-е Сусьветнае вайны ад рук немцаў загінуў кожны дваццаць пяты цывільны жыхар, ва Ўкраіне і ў Польшчы – кожны 10-ы; тым часам у Беларусі – кожны пяты. Пасьля вайны савецкія камуністы называлі лічбу – “кожны чацьвёрты”, негалосна дадаўшы сюды тых забітых беларусаў, якіх зьнішчылі самыя перад вайною. Але калі падлічыць беларускія ахвяры, забітыя камуністамі з 1917 году, і скласьці іх з ваеннымі, то атрымліваецца жахлівы лік – каля паловы цывільнага насельніцтва Беларусі.
Тое-ж самае даводзіць Тыматы Снайдэр, сцьвярджаючы, што “Нямецкія войскі ў 1941-1944 гадох, морачы голадам савецкіх ваеннапалонных, душачы газам габрэяў, расстрэльваючы мірных жыхароў падчас антыпартызанскіх акцыяў, ператварылі Беларусь у мясцовасьць з найвышэйшай сьмяротнасьцю ў сьвеце. Палова жыхароў Савецкай Беларусі на працягу 2 - е Сусьветнае вайны былі забітыя ці гвалтам выселеныя; нічога падобнага нельга сказаць ні пра адну іншую эўрапейскую краіну”.
У гэтай сувязі брытанскі дасьледчык злачынстваў таталітарызму Марк Мазовэр ( на якога спасылаецца Снайдэр) адзначыў, што калі Эўропа была ў той час “змрочным кантынэнтам”, то Ўкраіна і Беларусь – “сэрцам змроку”, уяўлялі суцэльны магільнік.
Тым ня менш расейцам (у адрозьненьне ад немцаў) удавалася даволі глыбока схаваць сьведчаньні і інфармацыю пра генацыд у Беларусі і Ўкраіне, прыкрываючыся тэрмінам “сталінскія рэпрэсіі”, ГУЛАГам і разьвенчаным “культам асобы Сталіна”.
У 1988-м годзе змову маўчаньня ўзарвала адкрыцьцё Курапатаў пад Менскам. Потым была выяўленая “Біківня” пад Кіевам, пачалі друкавацца зьвесткі пра “Галадамор” ва Ўкраіне, зьявіліся новыя адкрыцьці ў Беларусі. Мне вядома больш дзясятка расстрэльных месцаў вакол Менску, і нават у цэнтры беларускай сталіцы. Горад-магіла, што стаіць на касьцях і сымбалізуе нашую гісторыю.
Як гэта ўсё сталася – застаецца ў памяці пакаленьняў (якая, на жаль, зьнікае). Дасьледуючы Курапаты, Лошыцу і іншыя мясьціны ў Менску, удалося высьветліць шмат уражваючых фактаў. Але найперш я стараўся знайсьці і апытаць сьведкаў, разумеючы, што час няўмольны, і трэба сьпяшаць.
Усе сьведкі адзначалі, што кожную ноч па гарадох і вёсках езьдзілі крытыя машыны-фургоны НКВД (“хапуны”) і забіралі людзей. Сьведка Тацяна Вікеньцеўна Матусевіч (1906 году нараджэньня) зь вёскі Зялёны Луг, хата якой стаяла пры дарозе на Курапаты, успамінала, што перад вайною на расстрэл вазілі цэлымі днямі безь перапынку, машына за машынаю. У гэты час, сьведчыла Матусевіч, “хапун” НКВД ноччу прыехаў у іхнюю вёску і забраў 25 чалавек. Людзям не было куды дзецца і куды ўцякаць, бо ўсюды езьдзілі фургоны і ўсюды хапалі. Ацалелыя сьведчылі, што спалі не распранаючыся, чакаючы, што прыедуць забіраць.
Высьветлена, што бальшыня людзей не разумела, чаму іх забіраюць і чаму забіваюць. Літаральна ўсе сьведкі з ваколічных вёсак ля Курапатаў, якія на працягу пяці гадоў (з 1937 па 23 чэрвеня 1941 года) кожны дзень і ноч чулі крыкі і словы людзей, якіх расстрэльвалі, а таксама тыя, хто бачылі працэс расстрэлу, – літаральна ўсе адзначалі, што перад сьмерцю, перад расстрэльнаю ямаю ўсе задавалі сваім катам адныя і тыя-ж пытаньні: “За што?”, “За што, у чым мая віна?”, “Скажыце, за што?”.
Гэта паказвае на тое, што іх расстрэльвалі без суду. Ці ў іншым выпадку завозілі ў суд, дзе аб’яўлялі толькі прысуд, судовага разьбіральніцтва не было. Ды й немагчыма было пры тым канвэеры сьмерці.
Сьведка Галіна Сьцяпанаўна Жукоўская зь Менску расказала мне, што калі ноччу фургон забраў яе бацькоў, назаўтра яна кінулася ў НКВД даведацца, што зь імі і за што забралі. У калідорах і ў двары НКВД былі тысячы людзей і дзяцей такіх, як яна. Ёй прышлося некалькі сутак стаяць у чарзе да сьледчага, і нават начаваць у гэтай чарзе на падлозе ў калідоры. Сьледчы ўсім адказваў адно і тое-ж (нават у сьпісы не глядзеў): “Десять лет без права переписки”. Потым Жукоўская даведалася, што бацькоў расстралялі ў Курапатах. Усё, што казалі сьледчыя, было звычайнаю расейскаю хлусьнёю. Усіх схопленых расстрэльвалі, але сваякам манілі, каб людзі ня ведалі, што адбываецца. І машына сьмерці круцілася далей.
Акрамя таго шырока практыкавалася пазасудовае вынясеньне прысуду, які рабілі так званыя “тройкі” – гэта кампанія з трох партыйных функцыянэраў, якіх прызначала камуністычнае кіраўніцтва і надавала ім права выносіць сьмяротныя і іншыя прысуды схопленым людзям.
Шмат якія беларусы не знаходзілі ніякага рацыянальнага вытлумачэньня таму, што адбывалася. Сьведка Надзея Апанасаўна Мікуліч (настаўніца з калякурапацкай вёскі Цна) расказвала мне, што калі НКВД прыехаў у яе вёску Малышэвічы пад Слуцкам, то забралі яе бацькоў і яшчэ мноства сялянаў і настаўнікаў. Сярод іншых схапілі шасьцідзесяцігадовую жанчыну Марылю Шпак. Яна была непісьменная і абсалютна глухая, жыла адна ў пограбе (склепе) ў страшэннай беднасьці, нават хаты сваёй ня мела. Расейцы яе катавалі жорстка і з “творчаю” выдумкаю: сыпалі ў горла пясок, дамагаліся ад яе нейкіх прызнаньняў. Потым, назьдзекваўшыся ўволю, яны стукнулі яе па галаве і забілі.
Тыя беларусы, што засталіся жыць, не разумелі зьместу такіх паводзінаў з боку энкавэдыстаў. Неразуменьне выяўлялася, як правіла, сярод людзей, якія ўспрымалі савецкую ўладу не як расейскую акупацыю, а як сваю савецкую беларускую ўладу (фармальна яно так выглядала). З гэтай-жа прычыны такія людзі схільныя былі верыць камуністычнай прапагандзе пра барацьбу з “ворагамі народу”, “дывэрсантамі”, “трацкістамі” – усім тым выдумкам, што служылі прыкрыцьцём для генацыду беларусаў.
Калі нямецкія фашысты забівалі габрэяў, усе габрэі ведалі і разумелі, што іх забіваюць за тое, што яны габрэі. Немцы пра гэта адкрыта казалі. Калі расейскія энкавэдысты забівалі беларусаў, беларусы ня ведалі, чаму, і задавалі пытаньне “за што?”. Наш народ ня мог усьвядоміць сэнс генацыду, ня мог зразумець, што іх забіваюць за тое, што яны беларусы, бо забойцы нічога не казалі, альбо казалі нешта незразумелае пра “ворагаў народу” ды “шпіёнаў”.
Вынішчэньне людзей у Беларусі расейскімі бальшавікамі было рацыянальна і адміністрацыйна прадумана, адбывалася мэтадычна і пад строгім кантролем Масквы. На кожны год у Маскве ствараўся плян для кожнай адміністрацыйнай тэрыторыі ў Беларусі на пастаўку адпаведнай колькасьці “ворагаў народа”. Гэта не было асабліваю таямніцаю, бо амаль у кожным міністэрстве быў створаны Аддзел ГУЛАГа, задача якога заключалася ў тым, каб паставіць заплянаваную колькасьць людзей за калючы дрот на патрэбы эканомікі сацыялізму. Таямніцаю была толькі заплянаваная колькасьць забойстваў.
Гэтым плянам валодала выключна Масква і выключна кіраўніцтва НКВД. Пракуроры, сьледчыя і судзьдзі ў Беларусі, якія недастаткова шмат выносілі сьмяротных прысудаў, самыя траплялі пад расстрэл. Канвэер сьмерці працаваў бязьлітасна. Наркома ўнутраных справаў НКВД БССР Аляксея Наседкіна, які кіраваў расстрэламі ў Беларусі ў 1938 г., самога арыштавалі і расстралялі. (Гэта было звычайнае правіла ў сталінскім СССР.) Але перад расстрэлам ён напісаў запіскі ў турме, якія дзіўным чынам захаваліся, і ў 80-х гадох былі надрукаваныя. (дарэчы, у газэце “Навіны БНФ”). Наседкін пісаў, што кожны дзень у адпаведны час павінен быў паведамляць у Маскву па адпаведным тэлефоне колькасьць расстраляных у Беларусі за “справаздачны” дзень з разьмеркаваньнем па раёнах.
Плян на пастаўку “ворагаў народу” на адпаведны квартал, месяц і год спускаўся на кожнага начальніка адміністрацыі (ад вобласьці да сельсавету) і на кожнага кіраўніка партыйнае арганізацыі камуністаў. Сьведкі зь вёскі Цна пад Курапатамі расказвалі мне, што з пастаўкамі ня справіўся аднойчы іхны старшыня сельсавету Цімох Бацян (трэба было здаваць сваіх людзей, і ён выкручваўся). Энкавэдысты забралі яго, адвезьлі ў Курапаты на край расстрэльнай ямы і, прыставіўшы наган да горла, крычалі: “Давай врагов народа”.
Аналіз матэрыялаў археалягічных раскопак, праведзеных намі ў 1988 г., таксама ўскосна пацьвярджае пазасудовую расправу над людзьмі. Археалягічнымі раскопкамі даказана, што магілы былі раскапаныя ў канцы 40-х гадоў, і асноўная колькасьць чалавечых касьцей была выбраная з магілаў.
Тое-ж самае пацьвярджаў адзін са сьведкаў. Расейскія энкавэдысты выдатна разумелі, што яны тварылі ў Беларусі, і стараліся замятаць сьляды. Але – не ўдалося.
Расстрэлы людзей энкавэдыстамі ня мелі ніякага праўнага абгрунтаваньня. Адпаведна, не выконвалася і “праўная” працэдура. У прынцыпе яе немагчыма было прыстасаваць да масавых забойстваў. Таму рабілася толькі бачнасьць некаторых фармальнасьцяў, а па сутнасьці адбываліся забойствы людзей з палітычнымі мэтамі, зьмест якіх ведалі толькі ў Маскве. Выканаўцы расстрэлаў, магчыма, верылі, што выконваюць волю камуністычнай партыі і ліквідоўваюць “ворагаў народу”. Але, як паказвае вопыт сутыкненьняў з такімі людзьмі, яны былі закончанымі забойцамі, дном чалавечай генэрацыі. Тут у масавым маштабе было зламанае асноўнае права людзкасьці – права на жыцьцё, недатыкальнасьць асобы (што, дарэчы, фармальна было запісана нават у “сталінскай” канстытуцыі СССР (арт. 127).
Надзвычай пачварныя формы набыў генацыд беларусаў у гады 2-е Сусьветнае вайны. Масква скінула на Беларусь ў тыл немцам мноства энкавэдысцкіх групаў, задача якіх была арганізаваць партызанскія атрады шляхам дэманстратыўнага забойства немцаў каля беларускіх вёсак, з мэтаю справакаваць нямецкі тэрор супраць беларускага насельніцтва, каб у выніку яно ўцякала ў лес да партызанаў. Ноччу беларускіх людзей рабавалі і забівалі савецкія партызаны, днём – нямецкія карнікі.
З партызанска-энкавэдзісцкіх справаздачаў, якія адсылаліся ў Маскву, вынікае, што толькі 10% ад агульнай колькасьці забітых партызанамі былі немцы. Астатнія – беларускія настаўнікі, інтэлігенцыя, сяляне, служачыя ў нямецкай адміністрацыі і іншыя беларусы.
Летам 1944 году, калі саветы зноў захапілі Беларусь, тысячы беларускіх мужчынаў мабілізавалі на фронт і потым гналі іх у наступ пад нямецкія кулямёты бяз зброі, паставіўшы за плячыма “заградотряды” НКВД. Забітых такім чынам беларусаў сьпісвалі як “загінулых на вайне”.
Паўстае пытаньне, чаму расейскія камуністы зьнішчалі беларускі народ, зь якімі мэтамі і навошта? Карэньні гэтай палітыкі сягаюць у гісторыю нашае цывілізацыі, якая існавала паміж двума экспансіямі: усходняй (мангола-маскоўскай) і заходняй (нямецкай). Барацьба нашых продкаў на два канцы заканамерна павінна была прывесьці да аб’яднаньня агрэсіўнай палітыкі Захаду і Ўсходу. Так яно і сталася ўжо ў канцы ХVIII стагодзьдзя. Далейшы працяг гісторыі – гэта непасрэднае сутыкненьне паміж усходнімі і заходнімі сыстэмамі (эканомікамі). Гэта дзьве сусьветныя вайны і вынішчэньне Беларусі (былога Вялікага Княства Літоўскага) з абодвух бакоў.
Гітлераўцы мелі два праекты зьнішчэньня людзей у Беларусі, Украіне, Польшчы, Чэхіі і Славакіі. Першы праект – гэта (як яны плянавалі) – “канчатковае вырашэньне габрэйскага пытаньня” (гэта значыць – ліквідацыя габрэяў); і другі праект – зьнішчэньне і анямечваньне славянаў. Другі праект падзяляўся на два пляны: “плян голаду” (Hungerplan), згодна якога ў Беларусі, ва Ўкраіне і ва ўсёй Усходняй Эўропе ў выніку створанага немцамі голаду павінны-б былі памерці 30 мільёнаў чалавек. Пасьля гэтага мусіў-бы ўступіць у дзеяньне “Generalplan Ost” – плян калянізацыі Ўсходняе Эўропы, які прадугледжваў фізычнае вынішчэньне 50-ці мільёнаў чалавек.
(Адзначу, што некаторыя дасьледчыкі сумняваюцца ў існаваньні “Генэральнага пляну Ост”, – пытаньне як-бы адкрытае, – але практыка гітлерскага фашызму, гэтак-жа як і ленінскага камунізму, гаворыць у карысьць існаваньня такога пляну.)
Аналягічны плян адносна Беларусі і Ўкраіны мелі расейскія камуністы. Але крамлёўцы “перагналі” немцаў і пачалі ажыцьцяўляць сваю палітыку яшчэ ў 30-х гадох. Адносна Ўкраіны быў прыняты плян голаду, у выніку якога вымерлае насельніцтва Ўкраіны зьбіраліся замяніць расейцамі. Галадамор 30-х гадоў, арганізаваны бальшавікамі, забраў тры мільёны ўкраінскіх жыцьцяў – па заходніх (заніжаных) ацэнках. Украінцы падаюць колькасьць ахвяраў каля 10 мільёнаў.
Адносна Беларусі, крамлёўцы ўжывалі іншую матрыцу, сфармаваную яшчэ ў ХVII ст. расейскімі царамі – фізычнае зьнішчэньне насельніцтва, з наступнай русіфікацыяй рэшты жывых беларусаў. Гэтая палітыка прадугледжвала абавязковае вынішчэньне беларускае мовы, культуры, гістарычнае памяці і адукацыі пры наступным засяленьні “вызваленай” тэрыторыі і сацыяльнай сфэры прыбышамі з расейскае Эўразіі. (Дарэчы, антыбеларускі рэжым Лукашэнкі цяпер адкрыта праводзіць такую русіфікацыйную палітыку.)
Так званыя “сталінскія рэпрэсіі”, якія адбываліся ў СССР, па колькасьці ахвяраў былі ў 6-7 разоў большыя ў Беларусі і ва Ўкраіне, чым у Расеі, бо вастрыём сваім былі накіраваныя супраць беларускага і ўкраінскага нацыянальнага існаваньня.
Чым небясьпечны цяпер расейскі камунізм (хаця фармальна ён ужо як-бы і не існуе)? Небясьпека ў тым, што галоўная рэпрэсіўная сіла расейскага камунізму, якая здзяйсьняла генацыд, зараз знаходзіцца ва ўладзе ў Расеі і праводзіць аналягічную палітыку кантролю над грамадзтвам, якую праводзілі камуністы (у тым ліку і міжнародную палітыку). Вынікам гэтай палітыкі ёсьць унутраная акупацыя Беларусі і падтрымка Расеяй прамаскоўскага пракагэбісцкага і антыбеларускага рэжыму Лукашэнкі.
Нешта падобнае, як на Беларусі, расейскі гэбізм хоча ўсталяваць ва Ўкраіне, на Каўказе і ў іншых месцах сьвету.
Расейскі гэбізм – гэта абсалютная ўлада КГБ у Расеі, дзе КГБ(ФСБ) выступае як галоўная палітычная сіла, як супэрпартыя, якая зьяўляецца адначасна дзяржаўнаю структураю, што сканцэнтравала ў сваіх руках усю ўладу і кантроль над грамадзтвам. Ідэалёгія і мэтодыка гэтай супэрпартыі ёсьць КАМУНІЗМ (хоць слова гэтае не называецца). Яна рэалізуе культ Сталіна, культ НКВД і савецкую гісторыю, зрабіла гімн СССР дзяржаўным гімнам сваёй улады. У дзеяньнях і ўнутраным разьвіцьці “супэрпартыі” мы назіраем сымбіёз камуністычных і фашысцкіх прынцыпаў, адбываецца фашызацыя яе камуністычнай ідэалёгіі на аснове прэтэнзіяў і інтарэсаў расейскага імпэрыялізму.
Небясьпека расейскага таталітарызму застаецца. Сьвет павінен супрацьстаяць гэтай небясьпецы супольнымі сіламі. Грамадзтва Ўсходняй Эўропы мусіць разьвітацца з мэтастазамі камунізму.
Палітыка масавых зьнішчэньняў людзей, якую праводзіў Савецкі Саюз у 1920-50-х гадох ва Ўсходняй Эўропе (і найперш – у Беларусі і ва Ўкраіне), павінна быць прызнаная генацыдам супраць народаў і злачынствам супраць чалавецтва.
Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.