Падзеі ў беларускай дыяспары ў сьвеце
Акцыя салідарнасьці ў Брусэлі
Паводле bielarus.eu

У Брусэлі 16 чэрвеня сёлета адбыўся пікет салідарнасьці. Падчас акцыі быў распаўсюджаны чарговы інфармацыйны бюлетэнь Беларуска-Эўрапейскага Задзіночаньня з аналізам актуальнай палітычнай сытуацыі ў Беларусі. Да матэрыялаў інфармацыйнага бюлетэня была праяўленая вялікая цікавасьць з боку эўрапейскіх палітыкаў і СМІ.
Акцыя салідарнасьці была зладжана раднымі БНР.
Паломніцтва да Беларускага Крыжа
belapc.org

Вернікі парафіі сьвятога Кірылы Тураўскага Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы ў Таронта супольна зь сябрамі Згуртаваньня Беларусаў Канады 12 чэрвеня зладзілі паломніцтва да Беларускага Крыжа, які знаходзіцца на тэрыторыі каталіцкага кляштара Паўночна-Амэрыканскіх Пакутнікаў у горадзе Мідлэнд (правінцыя Антарыё, Канада). Гэтае прыгожае месца, дзе многія народы ўсталявалі свае нацыянальныя крыжы, знаходзіцца на гары сярод Антарыйскіх азёраў, на адлегласьці 150 км на поўнач ад г. Таронта.
Беларускі Эўфрасіньнеўскі крыж быў тут усталяваны беларусамі Канады ў 1988 г. у памяць 1000-годзьдзя хрысьціянства ў Беларусі. Пазьней каля Крыжа быў усталяваны памятны знак ахвярам камуністычнага рэжыму ў Беларусі.
Япіскап Сьвятаслаў адслужыў паніхіду па ўсім загінулых за Беларусь каля Беларускага Крыжа.
Такое паломніцтва ладзіцца раз на некалькі гадоў.
Сьвяткаваньне ў Сыднэі
Яўгенія СУПРУНЮК
У суботу, 17-га красавіка, сыднэйская беларуская грамада сабралася, каб адзначыць дзьве вялікія даты: 92-я ўгодкі абвешчаньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі і 100-гадовы юбілей выбітнага беларуса Барыса Кіта.
Традыцыя сьвяткаваньня 25 Сакавіка склалася ў беларусаў Сыднэю вельмі даўно. Сёлета спачатку быў прачытаны гістарычны рэфэрат, які быў зь цікавасьцю выслуханы ўдзельнікамі сьвяткавньня. Падрыхтавала яго сп-ня Яўгеньня Супрунюк, адказная за культурна-грамадзкую працу суполкі. Яна таксама пазнаёміла ўсіх з навінамі зь Беларусі, зьвязанымі са сьвяткаваньнем Дня Волі.
Другою нагодаю для сьвяткаваньня быў юбілей Барыса Кіта. Прысутныя на сьвяткаваньні мелі нагоду пазнаёміцца з двума цудоўнымі кнігамі аб гэтым выбітным беларусе.
Адная зь іх, якую напісала Лідзія Савік, называецца “Космас беларуса”. Яна была надрукаваная ў 1998-м годзе. Пісьменьніца распавяла аб жыцьцёвым і творчым шляху славутага беларуса. Ягонае імя ўнесенае ў сьпіс вядомых амэрыканскіх вучоных, якія зрабілі вялікі ўнёсак у сусьветную касманаўтыку. Гэты сьпіс закладзены ў капсулу часу, якая замураваная ў сьцяне Капітоля.
Другая кніга пра Барыса Кіта выйшла ў сьвет у 2004-м годзе і мае назву “Грамадзянін сьвету”. Рыхтавала яе рэдакцыйна калегія на чале з Васілём Быкавым. Падрабязьней пра гэтую кнігу распавяла сп-ня Слава Лягенчанка. Ёй пашчасьціла ў свой час пазнаёміцца і пасябраваць з Барысам Кітом. Пра гэта яна і распавяла ўсім прысутным. Сп-ня Лягенчанка зьмясьціла ў кнізе “Грамадзянін сьвету” свой артыкул-успамін, які назвала “Мае сустрэчы з чалавекам-легендаю”. Сп-ня Лягенчанка адзначыла, што пры сустрэчы з Б. Кітом яна ўбачыла добрага маладога на выгляд чалавека з жывым позіркам маладых вачэй, хуткаю паходкаю і неверагоднаю прастатою.
Акадэмік Б. Кіт дасканала валодае беларускаю моваю і ведае шмат замежных. Ён вельмі ганарыцца сваім амэрыканскім грамадзянствам, таму што, “гнаны бальшавіцкаю навалаю з Бацькаўшчыны, – як напісаў Васіль Быкаў, – ён блукаў па Эўропе ў пошуках прыстанішча.” А знайшоў яго толькі ў Амэрыцы, якая першая ацаніла ягоны талент і дапамагла цалкам рэалізаваць свае здольнасьці. Але сэрца ягонае заўсёды рупілася і пра Маці-Беларусь.
Потым вельмі цёпла і ўзрушана гаварыў пра Барыса Кіта сп. Міхась Лужынскі. Справа ў тым, што ў 1943-44 гадох сп. Лужынскі быў вучнем Б. Кіта ў Маладэчанскай гандлёва-адміністратыўнай школе. Яны сустрэліся праз многія гады – настаўнік і вучань – і застаюцца сябрамі па сёньняшні дзень.
У жыцьці Барыса Кіта было шмат выпрабаваньняў. Ён стаў вядомым ва ўсім сьвеце навукоўцам, але ягонае імя заставалася амаль невядомым на Бацькаўшчыне ў Беларусі. Сёлета 6 красавіка ў Палацы мастацтваў у Менску была праведзеная імпрэза ў гонар юбілею славутага навукоўца. А сам ён сьвяткаваў юбілей ў нямецкім Франкфурце, дзе жыве зараз. У Наваградку адкрылі музэй імя Б. Кіта. Хутка таксама павінны выйсьці яшчэ адная кніга, якую рыхтуе ЗБС “Бацькаўшчына”.
Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.