Зь дзейнасьці гуртка БАЗА ў Вашынгтоне
Вячаслаў БОРТНІК
Шмат падзеяў адбылося пасьля лютаўскае сустрэчы Вашынгтонскага гуртка БАЗА; сябрам было што абмеркаваць на чарговым сходзе, якi прайшоў 9 чэрвеня.
Найбольш пасьпяховым з таго, што ладзiлася сябрамi гуртка апошнiм часам, было прызнанае сьвяткаваньне 92-х угодкаў БНР, у розных імпрэзах якога ўзялі ўдзел з 50 асобаў. Падчас ускладаньня кветак да Помнiка ахвярам камунiзму падтрымаць беларусаў прыйшлi дзеячы ўкраiнскай, балтыйскай i славацкай арганiзацыяў, а таксама прадстаўнiк швэдзкага парлямэнту. Пазьней адбылася лекцыя д-ра Вiтаўта Кiпеля i ўрачыстае прыняцьцё ў Амэрыканскiм Унiвэрсытэце.
Таксама ў сакавiку сябры гуртка ладзiлi кампанiю пад лёзунгам “Ганарышся быць беларусам цi беларускаю? Пацьвердзi гэта падчас перапiсу насельнiцтва 2010”.
У красавiку беларусы Вашынгтону бралi ўдзел у Фэстывалі iншаземных культураў у Амэрыканскiм Унiвэрсытэце. Наведнiкi Фэстывалю мелі магчымасьць пазнаёмiцца зь беларускаю культураю, дзейнасьцю БАЗА ды падпiсаць пэтыцыi да беларускiх ўладаў. Працягвалася супрацоўнiцтва зь Belarus Digest ды Belarusian Review. Сябры гуртка падрыхтавалi справаздачу пра кантроль над сеткаю Iнтэрнэт беларускiмi ўладамi для Гэльсiнскай Камiсii ў Кангрэсе ЗША. У сецiве пачаў працаваць сайт Галоўнай управы БАЗА (www.bazahq.org), над стварэньнем якога працавала сакратар гуртка Вольга Чарныш.
У траўнi актывiсты гуртка наведалi 11 амбасадаў краінаў Эўразьвязу ў традыцыйны Дзень адчыненых дзьвярэй. Падчас вiзытаў былi перададзеныя лiсты да амбасадараў з патрабаваньнямi БАЗА адносна сытуацыi ў Беларусi. Сустаршыня гуртка Вячаслаў Бортнiк асабiста сустрэўся з амбасадарам Люксэмбургу Жанам-Полам Сэннiнгерам ды амбасадаркаю Нiдэрляндаў Рэнэ Джонс-Бос. Лiст быў таксама перададзены адпаведным асобам у Дзярждэпартамэнце ЗША.
У траўнi таксама ладзiлiся прагляды фiльмаў Вiктара Дашука пра рэжым Лукашэнкi.
Яшчэ раней сябрамi вялася гаворка аб захаваньнi ды сыстэматызацыi iнфармацыi аб дзейнасьцi Вашынгтонскага гуртка БАЗА. У чэрвенi быў прафэсiйна выдадзены фотаальбом, які iлюструе асноўныя падзеi гуртка цягам апошнiх амаль трох гадоў.
Урачыстасьці, прысьвечаныя 3-м угодкам усталяваньня Помнiка ахвярам камунiзму

Сьвяточная цырымонiя ўскладаньня вянкоў да помнiка адбылася 10 чэрвеня з удзелам 14-цi амбасадаў, а таксама прадстаўнiкоў каля 20 дыяспаральных арганiзацыяў ды iншых гасьцей. Адчыняючы цырымонiю, старшыня Фундацыi Помнiка ахвярам камунiзму д-р Лi Эдвардз выказаў абурэньне фактам усталяваньня бюсту Сталiна ў Бэдфардзе (Вiрджынiя). З прамовамi таксама выступiлi прадстаўнiк швэдзкага парлямэнту Гюран Лiндблад ды кангрэсмэн Тадэвуш МакКоттэр. Гонар ускласьцi бел-чырвона-белыя кветкi ад Беларуска-Амэрыканскага Задзiночаньня быў даручаны маладым сябрам вашынгтонскага гуртка Мiкiце Iльяшэвiчу i Iрыне Герасiмовіч.
Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.