Сустрэча з Франкам Вячоркам
Сяржук СОКАЛАЎ-ВОЮШ

У залі сабору сьв. К. Тураўскага ў Брукліне 1-га ліпеня адбылася сустрэча прадстаўнікоў дыяспары з Францішкам Вячоркам, які перад тым наведаў Вашынгтон, дзе меў сустрэчы на ўзроўні кіраўніцтва і экспэртаў у Бюро па пытаньнях дэмакратыі, правоў чалавека й працы Дзяржаўнага дэпартамэнту, а таксама ў Гэльсінскай камісіі (Камісіі бясьпекі й супрацы ў Эўропе – CSCE) Кангрэсу ЗША, у Інстытуце дэмакратыі ва Ўсходняй Эўропе, Міжнародным рэспубліканскім інстытуце ды інш.
Падчас сустрэчы, у якой узялі ўдзел каля трох дзясяткаў чалавек, Франак на ўласным прыкладзе распавёў пра службу беларуса ў так званым беларускім войску, дзе ўсё беларускае вычарпаецца пераважна месцам дысьлякацыі вайсковай часткі. Апрача гэтага, прысутныя пачулі шмат цікавага пра выбарчую кампанію ў Мазыры, дзе Франак, яшчэ як вайсковец, балятаваўся на дэпутата мясцовага савету. Адная з галоўных высноваў гэтай кампаніі ў тым, што людзі патрабуюць жывых кантактаў. Яны слаба інфармаваныя аб падзеях у Беларусі па-за межамі тэлеэкранаў і траскучай дзяржаўнай прапаганды.
Напрыканцы выступу Франак Вячорка адказаў на шматлікія пытаньні прысутных, бальшыня зь якіх цікавілася сытуацыяй з антырэжымнымі кандыдатамі на будучыя прэзыдэнцкія выбары. “Кандыдат павінен быць адзін” – з гэтаю тэзаю пагадзілася бальшыня ўдзельнікаў сустрэчы. Асабліва прыемна было бачыць, што малады палітык не ўхіляецца ад вострых пытаньняў і добра арыентуецца як у падзеях на Бацькаўшчыне, так і ў тым, чым сёньня жыве беларуская грамада ў Злучаных Штатах.
З асабліваю ўдзячнасьцю выступоўца згадаў акцыі дыяспары ў падтрымку незаконна й гвалтоўна забраных у войска маладых змагароў супраць дыктатарскага рэжыму на Бацькаўшчыне. У прыватнасьці, высока былі ацэненыя кампанія віншаваньняў і лістоў падтрымкі маладых вайскоўцаў, а таксама пікет, арганізаваны “Беларускім Моладзёвым Рухам Амэрыкі” ля штаб-кватэры ААН 7 лютага 2009 году, у якім, нагадаю, узялі ўдзел блізу сарака чалавек.
Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.