У памяць майго брата
Тамара СТАГАНОВІЧ
6-га чэрвеня 2010 году споўнілася два гады ад дня сьмерці майго дарагога брата Лёвы. Цяжка мне прыняць ягоную сьмерць і паверыць, што яго больш няма. Ён быў маім старэйшым братам і апекуном ад самага майго маленства. У школе ён пераймаў абавязкі бацькоў у маім выхаваньні. Шкадую вельмі, што мае першыя школьныя гады (у Нясутычах) так хутка прамінулі, бо вайна перарвала нашае сямейнае жыцьцё.
Будучы ўжо ў Баварыі пасьля вайны (у Фюссэне і Міттэнвальдзе) мы вучыліся ва ўкраінскай гімназіі разам толькі адзін год, бо ён, як здаў матуру, адразу паступіў на факультэт мэдыцыны ў Марбургскім унівэрсытэце.
Сёньня без яго мне вельмі сумна ды цяжка. Кожны званок тэлефону ўзрывае мяне: бо гэта-ж можа Лёва звоніць. А мінула ўжо два гады, як ён пайшоў на вечны супакой.
Наогул ня ведаю, як-бы я перажыла ягоную сьмерць, калі-б ня людзі добрага сэрца, якія акружылі мяне цеплынёю спачуваньнямі ды шчырасьцю. Яны сталіся мне сям’ёю, бо з нашае сям’і Стагановічаў адыйшло ў вечнасьць шэсьць асобаў. Таму цяпер хачу выказаць маю ўдзячнасьць ды пашану ўсім парафіянам нашае царквы Жыровіцкае Божае Маці на чале з айцом Зіновіем Жалобакам. Дзякую шчыра за цудоўна адпраўленыя паніхіды і службы.
Дзякую хору, дырыгентам якога Лёва быў доўгі час, за чульлівыя сьпевы і поўную прысутнасьць. Дзякую ўсім, хто кветкамі ўпрыгожылі ягоную труну і магілу. Дзякую ўсім Вам, хто злажылі шчодрыя ахвяры на царкву ў ягоную памяць ды на паніхіды па ім.
Шчыра дзякую ўсім за прысутнасьць на трапезе ды ўсім, хто сваімі ўспамінамі аддалі пашану майму дарагому брату. Асабліва крануў мяне ўспамін др. Янкі Запрудніка пра характар Лёвы ды ягоныя дасягненьні, як чалавека, занятага штодзённым абавязкам да царквы. Пачуўшы ад іншага чалавека аб тым, наколькі Лёвіна праца была патрэбнаю і карыснаю, я была вельмі ўсьцешаная. Так, бо часта ў жыцьцёвых клопатах шмат што не заўважаецца ды не даацэньваецца, асабліва членамі сям’і.
Вечная табе памяць, дарагі браток!
Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.