Васіль Быкаў па-ангельску
Аповесьць “Мёртвым не баліць” выдадзеная ў перакладзе Джозэфа Мозура
Ванкарэм НІКІФАРОВІЧ
У літаратурным жыцьці Злучаных Штатаў Амэрыкі адбылася значная падзея: выйшла з друку асобнаю кніжкаю аповесьць Васіля Быкава “Мёртвым не баліць” у перакладзе на ангельскую вядомага літаратуразнаўцы-дасьледчыка Джозэфа Мозура. У нашай прыватнай гутарцы перакладчык паведаміў, што праца гэтая заняла ў яго апошнія тры гады. Тэкст “Мёртвым не баліць” перакладаўся зь беларускае мовы з арыгіналу, надрукаванага ў 3-м томе апошняга “Збору твораў” Васіля Быкава ў 14 тамах.
Джозэф Мозур прызнаецца, што творчасьцю гэтага выдатнага беларускага пісьменьніка ён зацікавіўся ўжо шмат гадоў таму, прачытаўшы “Мёртвым не баліць” у часапісе “Новый мир” у 1981 годзе ў Маскве, калі ён быў там у якасьці асьпіранта на летніх курсах у Маскоўскім дзяржунівэрсытэце.
Нарадзіўся Джозэф Мозур у 1949 годзе ў штаце Алябама. Ягоныя бацькі – дзеці эмігрантаў зь Летувы, якія прыехалі ў ЗША яшчэ да Першай сусьветнай вайны. Бацька Джозэфа, Джозэф Мозур-старэйшы, у час Другой сусьветнай вайны служыў на базе цяжкіх бамбардыроўшчыкаў ў Вялікабрытаніі. Сам Джозэф скончыў унівэрсытэт у 1971 годзе. З 1971 па 1975 гады служыў у ваенна-паветраных сілах ЗША ў Англіі і Нямеччыне. Потым, вывучыўшы нямецкую мову, паступіў у вядомы ўнівэрсытэт у Рэгенсбургу (Нямеччына). Тады яго ўжо вельмі цікавіла гісторыя, гуманітарныя навукі, з замежных моваў – расейская і польская. А ў 1979 годзе ён вяртаецца дадому ў Амэрыку і зноў ідзе вучыцца ва ўнівэрсытэт Паўночнай Караліны.
З гэтага часу Джозэф Мозур сур’ёзна пачынае цікавіцца і вывучаць літаратуру, якая ствараецца ў дзяржаве, што называлася СССР, прычым зьвяртае спэцыяльную ўвагу на лепшыя творы выдатных пісьменьнікаў, якія пішуць на сваіх родных мовах, а не па-расейску. Ён даследуе творчасьць Іёна Друцэ, Чынгіза Айтматава, Юрыя Рытхэу, Надара Думбадзе, Алжаса Сулейменава і Васіля Быкава. У 1983 годзе Джозэф Мозур абараняе доктарскую дысэртацыю, прысьвечаную творчасьці Чынгіза Айтматава (асобнаю кнігаю – “Parables from the Past: The Prose Fiction of Chingiz Aitmatov” – выйшла ў 1995 годзе).
З 1983 году па цяперашні час ён працуе прафэсарам ва ўнівэрсытэтах Новага Арлеану (Tulane), Паўночнай Караліны (Duke), Паўднёвай Алябамы (г. Мобіл), выкладае славістыку, расейскую мову і літаратуру, літаратуру на розных мовах, што стваралася ў краінах былога СССР. У гэтыя гады яго запрашаюць працаваць перакладчыкам на перамовы па раззбраеньню ў Жэневу, на сустрэчы кіраўнікоў дзяржаваў у Вашынгтон і Маскву, на розныя перамовы па праблемах ядзернай бясьпекі.
Паступова творчасьць Васіля Быкава робіцца адным з асноўных захапленьняў Джозефа Мозура – дасьледчыка і перакладчыка. У адным зь лістоў да мяне ён прызнаецца, што яго “вельмі ўразіў драматызм твораў гэтага пісьменьніка, незвычайная шчырасьць і праўдзівасьць аўтарскага апісаньня падзеяў вайны і – самае галоўнае – сьмелая ў падтэксце крытыка нэасталінізму, той сыстэмы, што існавала тады ў Савецкім Саюзе”.
Джозэф Мозур спэцыяльна займаецца паглыбленым вывучэньнем беларускае мовы, набывае ўсе магчымыя слоўнікавыя і граматычныя даведнікі, усё часьцей, як ён піша, “зьвяртаецца да беларускіх рэсурсаў інтэрнэту”. Сярод яго цікавых публікацыяў – водгук на аповесьць Васіля Быкава “Знак бяды” (“World Literature Today”, vol. 65, № 2, 1991), дасьледчыя артыкулы “Hope in Despair: Vasil Bykau’s Long Road Home” (“World Literature Today”, vol. 79, № 3 – 4, 2005) i “Доўгая дарога дадому Быкава” (“Дзеяслоў”, № 21, люты 2006).
Першыя пераклады прозы Быкава, зробленыя Джозэфам Мозурам, выходзяць асобнаю кніжкаю “Prypavesci (Parables) by Vasil Bykau” у Львове ў 2007 годзе (разам з перакладамі Ігара Козака). І вось, нарэшце, сёлета выдавецтва выпускае славутую аповесьць Васіля Быкава “The Dead Feel No Pain” (“Мёртвым не баліць”) у выдатным перакладзе на ангельскую мову. Прадмову да гэтага выданьня напісаў вядомы беларускі літаратуразнаўца Міхась Тычына; цікавае і ўступнае слова самога перакладчыка, дзе ён дзякуе ўсім, хто дапамагаў яму.
“Мэта маёй працы, – піша Джозэф Мозур у згаданым вышэй лісце, – пазнаёміць амэрыканскіх чытачоў (хоць і са спазьненьнем у 45 гадоў) з адным з лепшых літаратурных твораў пра Другую сусьветную вайну і даць ім (асабліва моладзі, студэнтам) уяўленьне пра ўмовы, у якіх ваявалі простыя салдаты на ўсходнім фронце”. Джозэф Мозур зьвяртае ўвагу і на тое, што аповесьць Васіля Быкава ўдакладняе “заходняе разуменьне часоў так званай “адлігі” ў былой савецкай краіне”. Прывядзем і яшчэ адно красамоўнае прызнаньне перакладчыка: “Я перакананы, што калі-б аповесьць “Мёртвым не баліць” была-б выдадзена на ангельскай не ў 2010-м, а ў 1966-м годзе, імя Васіля Быкава было-б на Захадзе вядомае ня меней, чымсьці імя Аляксандар Салжаніцын”.
Сорак пяць гадоў таму ў ЗША ў выдавецтве Міколы Прускага ўпершыню на мове арыгіналу выйшла асобнаю кніжкаю аповесьць Васіля Быкава “Мёртвым не баліць”. І вось сёлета мы маем яшчэ адное выданьне: пераклад гэтага найвыдатнейшага твору на ангельскую мову. У гэтым бачыцца вельмі добрая і знамянальная сымболіка.
Падзякуем-жа Джозэфу Мозуру за зробленую працу і пажадаем яму новых творчых посьпехаў на ніве перакладаў зь беларускае літаратуры.
Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.