Рассылка

Апытаньне



 
№570 ВЕСТКІ Маладзёвая бачынаАб’явыПрэмія ЮхнаўцаКрама

Купальле ў Нью-Ёрку

Валянціна ЯКІМОВІЧ

Выдалася надзвычайнае надвор’е, калі беларусы Нью-Ёрку і ваколіцаў сабраліся ў парку Крос-Рывэр, каб адзначыць у ноч з 19 на 20 чэрвеня сваё традыцыйнае нацыянальнае сьвята Купальле. З самае раніцы па-гаспадарску на нашых, стаўшых ужо традыцыйнымі, пагорках завіхалася сям’я Пятра і Алены Рыжых, што ўзвалілі на свае плечы вялікія арганізацыйныя турботы. Кожнага прыехаўшага радасна сустракаў руды сабачка сямейкі Рыжых, у якой, акрамя Пятра і Алены, яшчэ трое сыночкаў – Янка, Алеська і нованароджаны Марцін.

А я прывезла ў гэты раз калекцыю сваіх строяў, як аўтэнтычных, так і зробленых мною. Кожны меў магчымасьць выбраць строй сабе па густу. Самым прыемным для ўсіх нас быў прыезд гэтым разам на Купальле сп. Антона Шукелойця, каму ў ліпені сёлета спаўняецца 95 гадоў, і хто 37 гадоў быў Старшынём Галоўнай управы БАЗА. Гэта дзякуючы яму, БАЗА, аснову якога, як тады, так і цяпер, складаюць аддзелы Нью-Ёрку і Нью-Джэрзі, змагла ня толькі працягваць сваю дзейнасьць, але і пашыраць свае шэрагі.

Да 8-й вечара амаль ўсё было прыгатаванае да пачатку сьвяткаваньня. Адбылася вясёлая сяброўская супольная вячэра без алькаголю, як і павінна быць перад пачаткам сьвята. Калі сьцямнела, народ сабраўся ля падрыхтаванага, але яшчэ не распаленага, вогнішча з замацаваным пасярод яго купальскім дрэвам і з колам наверсе. Гэтае кола сымбалізавала сувязь жыцьця зямнога і касьмічнага, а таксама што ўсе мы – часьцінкі сусьвету.

Хлопцы й мужчыны сабраліся з аднаго боку купальскага дрэва і абралі Купалішам 24-гадовага Зьмітра Табакіна. Дзяўчаты абралі Купалінкаю Ірыну Храпаву, на якой быў ўнікальны няглюбскі строй. Гэты строй з старадаўняю дзявочаю тканаю панёваю – нясшытаю спадніцаю. Ужо мала хто й памятае, як яе трэба апранаць. Акрамя яе строй складаюць чорныя гарсэт і фартушок, чырвоныя боцікі й тканая “ў пагоны” кашуля, а завяршаў гэтае хараство галаўны ўбор “крабель”. Нават няглюбскія жанчыны даўно забыліся, як яго вырабляць, а мяне навучыў няглюбскі дзед Анатоль Халюкоў, якога даўно ўжо няма.

Купалінка ў тым строі выглядала надзвычай прыгожа. Дзяўчаты, зрабіўшы тры кругі пад песьню: “Ішла Купалка па вуліцы, кліча Ільлішча на ігрышча”, падвялі Купалінку да Купаліша, якому я, як распарадчыца сьвята, уручыла дубовы вянок, як знак вылучанасьці і цараваньня. Усе сталі ў круг. Распарадчык сьвята Пятро Рыжы ўручыў паходню Князю-Купалішу, а той перадаў яе Княжне-Купалінцы, якая й распаліла вогнішча. Прагучэла зазыўная песьня: “Добры вечар добрым людзям, клічам мы вас на Купальле”, каб усе, хто яшчэ ня скончыў на суседніх пагорках сваю вячэру, далучыліся да нас.

Уся грамада, рухаючыся “па сонцу”, сьпевамі пачала ўсхваляць сонца, месяц, Йвана-Купалу, Купаліша і Купалінку. Я запявала, а ўсе падхоплівалі паўторам: “Сягодня Купала, заўтра Ян, да зайграй, сонейка, зайграй нам!” Купальскі сьпеў, што палюбіўся ўсім – песьня з Калінкавіцкага раёну Гомельскай вобласьці. Я пачула яе ад Івана Агеева – саліста менскага сьпеўнага гурта “Дзяньніца”, да якога некалі належала і я. Гэтая песьня стала як-бы нашым купальскім гімнам:

“Со-о-нейка! Ляцелі гусі зь Белае Русі. Со-о-не-е-йка!
Со-о-нейка! Яны лятучы, шчэ й гаворылі: Со-о-не-е-йка!
Со-о-нейка! Нідзе не ляпей, як у крывічэй: Со-о-не-е-йка!”

Потым перайшлі на жартаўлівыя песьні-карагоды: “Купалінка, ноч маленька, хоць маленька, ды ўдаленька”, “Пойдзем, дзеўкі, каля саду, няхай мальцам на дасаду”, “Перад Пятром пятам днём разгуляўся Йванаў конь” ды інш.

Тым часам нячысьцікі, калі Зьмітрок-Купаліш зазяваўся, не драмалі і скралі Ірынку-Купалінку, павялі ў цёмны лес. Кінуўся Князь-Купаліш з дружынаю шукаць яе. А купальшчыкі працягвалі свае сьпеўныя карагоды. Вярнуў Купаліш Купалінку да купальскай грамады і вогнішча, стаў зь ёю поруч.

Купалінка павіншавала прысутных з Купальлем і прамовіла: “Я, Купалка, сваёю ўладаю замаўляю і ўгаворваю – першым разам, другім разам і трэйцім разам, з травою, з грамамі і з маланкамі на яснае лета, на буйнае зерне, на лён доўгі, на год добры, на вернае каханьне, на працяг роду нашага і ўсім людзям на добрае здароўе!”

Пад гучны сьпеўны карагод з прытупам і прыскокам, які ўсё больш набіраў хуткасьць, рухаючыся па сонцу”, то набліжаючыя, то адыходзяы ад вогнішча, спалілі ляльку Марэну, як вобраз цемры, зла і сьмерці пад рытуальны сьпеў:

Сягодня ў нас Купала, то-то-то!
Ня дзеўка агонь клала, то-то-то!
Сам Бог агонь раскладаў, то-то!
Усіх сьвятых да сябе зваў, то-то-то!

Пайшлі гульні з пацалункамі: “Цяцерка”, “Баяры”, “Гульнёвы карагод”, “Падушачка”. Тым часам Пятро Рыжы згатаваў знакаміты купальскі крупнік на мёдзе з гарэлкаю, а для сябе і дзяцей без алькаголю, для якога Алена Рыжая на сваім агародзе насадзіла й назьбірала адпаведныя лекавыя травы. Як раз на крупнік прыехаў Сяржук Сокалаў-Воюш з жонкаю Ганнаю і сынамі Сьвятавітам і Славамірам. Народ ўтульна разьмясціўся ля вагню.

Нашыя госьці зь Беларусі, якія аўтастопам адправіліся ў арт-экспэдыцыю “З табурэтам праз кантынэнт”, выступілі зь невялікім канцэртам. У склад экспэдыцыі ўваходзяць: кіраўнік 31-гадовы Кірыл Краўцоў з Гомелю; Верасень з Гомелю, 25 гадоў, студэнт варшаўскага ўнівэрсытэту; ягоная сяброўка, зь якою ён пашлюбаваўся ў Нью-Ёрку, 25-гадовая Аўгіньня Манцэвіч – журналістка зь Вялейкі; паэтка, скрыпачка і сьпявачка; і гамельчанка Вікторыя Малаева, 27 гадоў, яна грала на старадаўняй акарыне і, нечакана плястычна і прыгожа прадставіла нам незвычайны пэрфоманс-шоў з вагнямі.

Потым сьпяваў Сокалаў-Воюш, а хто мог, падпявалі яму. Нехта пачаў скакаць праз агонь, а некаторыя адправіся на возера плаваць.

Акрамя беларусаў сёлета на Купальлі былі паляк Марцін, грузін Іраклі, украінец Міхаіл, украінка Ліля, кіргізка Гала і албанец Хэггі. Нажаль, сёлета не было баўгарына Станіслава, што актыўна ўдзельнічаў у папярэніх Купальлях.

А самае галоўнае, што тут ніхто ня быў гледачом, а ўсе былі ўдзельнікамі. Купальле зьзвявае нас між сабою сяброўскімі адносінамі і зьнітоўвае з беларускімі традыцыямі і з нашай Беларусьсю.


Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.
Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005
Хостынг — 1and1
Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы