Рассылка

Апытаньне



 
№570 ВЕСТКІ Маладзёвая бачынаАб’явыПрэмія ЮхнаўцаКрама
90-я ўгодкі БНР
ЗВАРОТ

Iвонка СУРВІЛЛА, Старшыня Рады БНР

Дарагія Суродзічы!

У 2008 годзе беларусы ўва ўсім сьвеце адзначаюць 90-я ўгодкі БНР.

90 гадоў таму, у надзвычай цяжкіх умовах, наш народ знайшоў у сябе адвагу і сілу абвесьціць сьвету, што ён таксама хоча быць гаспадаром ў сваей хаце. Устаўныя Граматы БНР, і менавіта Акт 25-га сакавіка, ёсьць найбольш каштоўнымі дакумэнтамі ў гісторыі беларускага народу. Бязь іх Беларусаў магчыма ўжо не было-б на гэтым сьвеце. Угодкі іх мы з удзячнасьцю мусім адзначыць.

Песымісты між намі магчыма скажуць, што няма чым цешыцца, бо-ж мы ўсё яшчэ не дасягнулі нашай мэты стацца вольнай эўрапейскай краінай, такой, якімі ёсьць сёньня нашыя заходнія суседзі.

Тых, хто так думаюць, прашу прыпомніць перажытае ў ХХ-м стагодзьдзі, нашую вытрываласьць, нашую непахісную веру ў лепшую будучыню нашага народу.

Змагаліся мы на працягу 90 гадоў супраць шалёнай русіфікацыі, баранілі нашыя найбольшыя каштоўнасьці, нашую мову і культуру, усюды дзе маглі прыпаміналі сьвету, што Беларусь жыве, і што народ беларускі мае права, так як і ўсе народы сьвету, на волю і незалежнасьць.

Ёсьць чым ганарыцца, ёсьць што сьвяткаваць.

Дарагія Суродзічы, абавязкам кожнага з нас ёсьць зьдзейсьніць гэты апошні высілак, які зробіць нас вольнымі людзьмі. У краінах сьвету, дзе Вы пражываеце, дайце да ведама Вашым уладам пра нязносныя адносіны лукашэнкаўскай намэнклятуры да нашай моладзі, найлепшых дачок і сыноў Беларусі, да нашай мовы і да нашай спадчыны.

Адначасна, зьвярніцеся да Вашых урадаў, каб далі да ведама лукашэнкаўскаму рэжыму, што сьвет ня будзе вечна талераваць зьдзеку на нашых вуліцах і праспэктах над мірнымі дэманстрантамі, якія 25 Сакавіка будуць жадаць урачыста адзначыць 90-ю гадавіну БНР, наш Дзень волі і незалежнасьці.

Разам мы асягнем нашую мэту - волю і дэмакратыю для нашага народу.

Жыве Беларусь!


Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.
Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005
Хостынг — 1and1
Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы