Беларусь за месяц14 лютага
Прайшла штогадовая маладафронтаўская "Акцыя любові". Маладыя людзі ўжо некалькі гадоў запар, апрануўшыся ў прыгожыя строі, абыходзяць амбасады эўрапейскіх краін і ЗША, дораць валянцінкі ды прызнаюцца ў любові да народаў гэтых дзяржаў.
Гэтым разам акцыя сабрала няшмат народу, але і абыйшлося без затрыманьняў.
15 лютага
На волю выйшаў палітвязень Андрэй Клімаў. Яго выпусьцілі з Мазырскай калёніі, дзе ён адбываў пакараньне, у "сувязі са зьменай пакараньня на мякчэйшае".
Нагадаем, што Клімава арыштавалі 3 красавіка 2007 г. за апублікаваныя ў інтэрнэце (на сайце апазыцыйнай Аб'яднанай грамадзянскай партыі) артыкулы. 1 жніўня суд Цэнтральнага раёну Менску прызнаў яго вінаватым у зьдзяйсьненьні злачынства паводле арт. 361-3 Крымінальнага кодэксу (публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады або гвалтоўнай зьмены канстытуцыйнага ладу з выкарыстаньнем СМІ). Клімава тады асудзілі на два гады калёніі строгага рэжыму.
22 лютага
Было перагледжана пакараньне рэдактару газэты "Згода" 50-гадоваму Аляксандру Зьдзьвіжкову. Калегія судзьдзяў Вярхоўнага суду пастанавіла, што Зьдзьвіжкоў сапраўды вінаваты: ён перадрукаваў карыкатуры з дацкай газэты "Юлэнд-Постэн" на прарока Мухамэда, і асудзіла на тры гады турмы. Але былі ўлічаныя абставіны: старэнькая маці, у якой Аляксандар адзін, ды стан здароўя асуджанага. Тры гады турмы былі замененыя трыма месяцамі арышту, якія А. Зьдзьвіжкоў ужо адседзеў у СІЗА, пакуль ішло сьледзтва.
Па вызваленьні журналіст заявіў, што мае намер зьехаць з краіны, заняцца напісаньнем раманаў ды зьмяніць грамадзянства. Вызваленьне Клімава і Зьдзьвіжкова варта разглядаць як вынік націску на Беларусь з боку ЗША і Эўразьвязу ў справе вызваленьня палітвязьняў. І Клімаў, і Зьдзьвіжкоў не ўяўляюць вялікай небясьпекі рэжыму, у адрозьненьне ад галоўнага беларускага палітвязьня - Аляксандра Казуліна.
23 лютага
Памерла Ірына Казуліна - праваабаронца, жонка кандыдата ў прэзыдэнты на выбарах 2006 Аляксандра Казуліна. Яна некалькі гадоў была хворая на рак малочнай залозы, але да апошняга дня змагалася за вызваленьне мужа, а таксама дапамагала іншым жанчынам.
Апошнія яе дні не былі лёгкімі. 15 лютага Лукашэнка заявіў, што прапаноўваў Казуліну вызваленьне ў абмен на выезд у Нямеччыну. Лукашэнка тады ляпнуў: "Пытаньне было ў тым, што ягоная жонка хворая. (…) Я згадзіўся - хай вязе, лечыць жонку. Але (...) ён адмовіўся нават пасьля таго, як ягоныя дочкі паехалі і ўгаворвалі ўратаваць маму, яму гэтая мама ўжо даўно не была патрэбна. (…) Жыцьцё ўсе расставіць па сваіх месцах". Сьмяротнахворая Ірына Казуліна ўжо не магла гаварыць, але знайшла сілы адказаць адкрытым лістом: "Зачапіла за жывое грэблівае стаўленьне да нашай сям'і. Хоць часам здаецца, што нічога падобнага ўжо ня можа вывесьці зь сябе, цынізм зьдзіўляе. Тыя прапановы, якія былі агучаныя яго пасланцом нам, былі непрымальнымі. Гэта было-б ганебнымі ўцёкамі з краіны".
23 лютага Ірыны Казулінай ня стала. Яе мужа доўга не хацелі адпускаць на пахаваньне, генпракуратура заяўляла, што гэтае пытаньне не ў яе кампэтэнцыі. Тады дочкі Юля і Вольга адмовіліся хаваць маці ды абвесьцілі галадоўку да таго часу, пакуль бацьку ня выпусьцяць з калёніі. Увечары 25 лютага ў Менску прайшла шматлюдная акцыя ў падтрымку сям'і Казуліных. Урэшце Аляксандру Казуліну далі тры дні адпачынку.
Разьвітацца з Ірынай Казулінай у Чырвоны касьцёл і на могілкі ў Тарасава прыйшлі некалькі тысяч чалавек.
27 лютага
Скончылася сьледзтва ў крымінальнай справе 22-гадовага Андрэя Кіма. Хлопца затрымалі 21 студзеня пасьля мітынгу прадпрымальнікаў, асудзілі на 10 сутак, аштрафавалі на мільён рублёў (парушэньне паводле складзеных двух пратаколаў), але і паралельна завялі крымінальную справу. Кіма вінавацяць у тым, што ён расьсек брыво супрацоўніку ДАІ падчас сутычкі дэманстрантаў з работнікамі ДАІ на праспэкце.У пачатку сакавіка справа была перададзена ў суд. Андрэю пагражае зьняволеньне да шасьці гадоў.
Апроч таго, хлопец праходзіць таксама як абвінавачаны па справе 10 студзеня - першага мітынгу прадпрымальнікаў. Тады некалькі тысячаў чалавек перакрылі праспэкт Незалежнасьці ў цэнтры сталіцы, абараняючы свае правы. Апроч Кіма, па справе 10 студзеня праходзіць яшчэ 13 чалавек - усе яны моладзёвыя актывісты. Мяркуецца, што суд над імі пачнецца ў пачатку красавіка.
29 лютага
У Менску прайшла цырымонія ўганараваньня айчынных рок-гуртоў "Рок-каранацыя-2007". Галоўны прыз атрымаў колісь апальны "Neuro Dubel".
Адкрыцьцём году прызнаны гурт "Дзецідзяцей", кліпам году і песьняй - "Капітал" "Ляпіса Трубяцкога", выканаўцам году Лявон Вольскі, альбомам году стаў дыск "Stasi" "Neuro Dubel", рок-князёўнай Вольга Самусік (гурты "Тарпач", "Zygimont Vaza"), праектам году - праект дзіцячага фонду ААН (UNISEF) - "Калыханкі".

7 сакавіка
На брыфінгу ў Менску прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Андрэй Папоў заявіў, што амбасадар Беларусі ў ЗША Міхаіл Хвастоў адклікаецца з гэтай краіны для кансультацый у сувязі з увядзеньнем дадатковых эканамічных санкцый у дачыненьні да канцэрну "Белнафтахім". МЗС таксама "рэкамэндавала" амбасадарцы ЗША ў Беларусі Карэн Ст'юарт пакінуць Менск.
Санкцыі супраць беларускага дзяржаўнага канцэрну "Белнафтахім" былі ўведзеныя адміністрацыяй Джорджа Буша 13 лістапада. Нагодай для замарожваньня рахункаў стала тое, што канцэрн, паводле амэрыканскіх уладаў, кантралюецца асабіста Лукашэнкам. Санкцыі Міністэрства фінансаў ЗША датычаць усіх прадстаўніцтваў "Белнафтахіму" ў Нямеччыне, Украіне, Латвіі, Расеі ды Кітаі, а таксама даччынага падразьдзяленьня канцэрну "Belneftekhim USA". Санкцыі прадугледжваюць замарожваньне ўсіх рахункаў "Белнафтахіму" на тэрыторыі ЗША і забарону для амэрыканскіх прадпрыемстваў на супрацоўніцтва з канцэрнам і яго даччынымі прадпрыемствамі. Менавіта празь "Белнафтахім" рэалізуюцца прадукты нафтаперапрацоўкі зь Беларусі, што ёсьць асноўным пунктам папаўненьня беларускага бюджэту. Блякаваньне рахункаў "Белнафтахіму" - адчувальны ўдар па нацыянальнай эканоміцы.
9 сакавіка
У гэты дзень мелася прайсьці Цэнтральная Рада Маладога фронту, сябры якога сабраліся ў офісе Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў. Празь некалькі хвілін пасьля пачатку ў офіс уварваўся спэцназ і ўсіх затрымаў (32 чалавекі). Моладзь адвезьлі ў пастарунак, адкуль хутка пасьля складаньня пратаколаў адпусьцілі.
Цікава, што трыма тыднямі раней, 16 лютага, міліцыянты таксама не далі прайсьці Цэнтральнай Радзе МФ. Тады маладыя людзі сабраліся за Менскам, у вёсцы Заямачнае. Сюжэт аналягічны: празь некалькі хвілін уварваўся спэцназ, усіх затрымаў, адвёз у пастарунак, празь некалькі гадзін адпусьціў.
Заробак зьнізіўся
Сярэдні наяўны заробак (г. зн. "бруднымі") у студзені ў Беларусі склаў 756 тыс. 332 рублі ($352). У параўнаньні з папярэднім месяцам ён зьнізіўся: у сьнежні 2007 г. сярэдні наяўны заробак складаў 795 386 рублёў.
Затое зь 1 лютага на 6% вырасьлі пэнсіі. Цяпер сярэдняя пэнсія па ўзросьце складае 365 тыс. рублёў, у той час як у Расеі такая пэнсія ў тры разы вышэйшая.
Іран можа дапамагчы
Пра гатоўнасьць Ірану дапамагчы Беларусі ў будаўніцтве АЭС заявіў на прэс-канфэрэнцыі амбасадар Ірану ў Менску Адбольхамід Фекры. Гэтая дапамога можа быць ва ўсіх сфэрах: выдзяленьне фінансавых сродкаў, навучаньне спэцыялістаў, абмен досьведам і г. д.
Зазначым, што рашэньне будаваць АЭС было канчаткова прынята на нарадзе ў Лукашэнкі 31 студзеня. Першы энэргаблёк будзе ўзьведзены ў дзеяньне ў 2016 г. Мяркуецца, што АЭС найхутчэй пабудуюць на Магілёўшчыне (ёсьць таксама варыянт на ўсходзе Гарадзенскай вобласьці). Невядомы краіна-падрадчык. Сярод кандыдатаў называюць Расею, Францыю, Нямеччыну і нават Японію.
Адмянілі "залатую акцыю"
У Беларусі адмяняецца інстытут асаблівага права дзяржавы ("залатой акцыі") на ўдзел у кіраваньні гаспадарчымі таварыствамі. Адпаведны ўказ Лукашэнка падпісаў 4 сакавіка. Экспэрты называюць адмену "залатой акцыі" яшчэ адным крокам да лібэралізацыі эканомікі.
Перавыданьне кнігі
Перавыдадзена "Беларусь пад нямецкай акупацыяй" Юрыя Туронка. Кніга, што выйшла на беларускай мове ў 1993 г. у Менску, адразу стала бэстсэлерам. Сёлетняе выданьне зроблена з улікам аўтарскіх правак і дапаўненьняў. Пад адной вокладкай зьмешчана і дасьледаваньне "Людзі СБМ", якое выйшла асобнай кнігай пры канцы 2006 г. Шукайце кнігу Ю. Туронка на www.knihi.net і незалежных распаўсюднікаў.
Уласны карэспандэнт
Даклад аб рэпрэсіях
У Варшаве апублікаваны даклад па выніках дасьледваньняў палітычных рэпрэсіяў у Беларусі, якім займалася польская няўрадавая арганізацыя - Фонд "Свабода й дэмакратыя".
У рапарце раскрываеццца мэханізм перасьледваньня людзей па палітычных матывах, апублікаваны ня толькі сьпіс пацярпелых, але, і гэта найважней - сьпіс дзяржаўных чыноўнікаў і міліцыянтаў, што прычыніліся да парушэньня правоў чалавека ў Беларусі. У гэтым "чорным сьпісе" пазначана 472 прозьвішчы, паведамляе "Польскае радыё".
Галоўнай мэтай дасьледваньня было паказаць тым, хто парушае правы чалавека ў Беларусі й адчувае сябе беспакараным, што яны таксама дачакаюцца суду за свае ўчынкі.
Дасьледчыкі палітычных рэпрэсіяў у Беларусі намераныя зьвярнуцца да Міністэрства ўнутраных справаў і адміністрацыі Польшчы з просьбай забараніць указаным ў рапарце асобам уезд на тэрыторыю Польшчы.
сharter97.org
Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.