Рассылка

Апытаньне



 
№570 ВЕСТКІ Маладзёвая бачынаАб’явыПрэмія ЮхнаўцаКрама
Незвычайная вобразнасьць мастака Дзьмітрыя Башка

Ванкарэм НІКІФАРОВІЧ

У Чыкага ў цэнтры для эмігрантаў старэйшага веку "Forever Young" адбылася выстава вельмі цікавага беларускага мастака Дзьмітрыя Башка, які вось ужо 14 гадоў жыве і працуе ў Амэрыцы. Ён нарадзіўся ў Салтанаўшчыне каля старажытнага Нясьвіжа. Па ягоным уласным прызнаньні, ён ужо ў дзяцінстве аблазіў і дасьледваў падмуркі ўсіх навакольных замкаў і храмаў, прычым вельмі падрабязна і дасканала. Асаблівы калярыт і містыка Нясьвіжу і ягонага навакольля будуць потым прысутнічаць ува многіх жывапісных працах Дзьмітрыя. Як і вобразы Наваградчыны, адкуль родам бацька Дзьмітрыя Башка. Ён - сьвятар, якога амаль кожныя чатыры гады пераводзілі на працу ў другі прыход, і сям'я пераяжджала разам зь ім.

Маляваць хлапец пачаў вельмі рана, але бацькі хацелі, каб ён стаў музыкам. Яго аддалі вучыцца ў Нясьвіскую музычную школу, потым ён займаўся ў Маладэчанскай мастакоўскай студыі. У Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут зь першага заходу не прынялі. Забралі ў войска, давялося служыць спачатку ў Чыце ў вучэбцы, потым у спэцыяльным танкавым палку ў Манголіі, дзе тры роты з чатырох былі беларускія. Пасьля вайсковай службы яго прынялі ў тэатральна-мастацкі інстытут, дзе адразу заўважылі ягоны талент. Ужо на першым курсе ён атрымаў першую прэмію за свой плякат, створаны па матывах жыцьця і творчасьці Янкі Купалы. У той час Дзьмітры Башко сустрэўся зь вядомым рэстаўратарам Ракіцкім, які працаваў над помнікамі архітэктуры Полацка, і той паказаў яму сапраўдныя росьпісы, створаныя ў часы Еўфрасіньні Полацкой і ў пазьнейшыя часы, паказаў, як яны ўзаемадзейнічаюць, перагукаюцца між сабою. Усё гэта зрабіла вельмі моцны ўплыў на далейшую творчасьць маладога мастака.

Потым Дзьмітры Башко паехаў вучыцца ў Маскоўскую духоўную сэмінарыю і ў славутую Школу іканапісу ў Загорску. Навучаньне там вельмі моцна паўплывала на тэматыку і стылістыку ягонага жывапісу. Ён стварае многа жывапісных карцінаў і графічных прац, актыўна ўдзельнічае ў мастакоўскім жыцьці. Прымае ўдзел у розных выставах, многія ягоныя творы захоўваюцца ў прыватных калекцыях у Беларусі, Расіі, Нямеччыне, Злучаных Штатах. У 1994 годзе мастак зь сям'ёю прымае рашэньне пераехаць у Амэрыку: трэба было лячыць дачку, якая сур'ёзна захварэла пасьля Чарнобылю. У Чыкага Дзьмітры быў сьвятаром у беларускай праваслаўнай царкве сьвятога Юр'я, закончыў каледж, атрымаў спэцыяльнасьць графіка-дызайнэра. Зараз працуе ў адной з дызайнэрскіх кампаніяў. Увесь вольны час прысьвячае жывапісу. Ягоныя творы выстаўляліся ў Чыкага на калектыўных экспазыцыях, у тым ліку і на памятнай выставе мастакоў зь Беларусі "Зямля пад белымі крыламі".

У многіх працах мастака апошняга часу прысутнічае сымболіка і вобразнасьць, навеяныя роднай Беларусьсю. "Крывавая зямля" - так называецца карціна, дзе на пярэднім узроўні - каменьні ля полацкага храму і каменныя ансамблі, якія засталіся на беларускай зямлі пасьля разбурэньня гістарычных помнікаў падчас шматлікіх войнаў. Блізкая тэма і тая-ж крывавая зямля і на палатне "Начное лета". Бачыцца пэўная тэматычная сувязь з гэтым адчуваньнем аўтара і ў складанай па задуме карціне-загадцы "Чацьвёрты ідал". Мастак тлумачыць, што ў сьвядомасьці кожнага з нас з нараджэньня існуюць нейкія ідалы, якія не даюць успрымаць многае ў сусьвеце як трэба, як гэта ёсць на самой справе... Сваеасаблівы аўтабіяграфічны сымбал-вобраз чытаецца ў адной з апошніх карцін "Птушка". Аўтар нібы падкрэсьлівае, што птушка, якая ў цэнтры кампазыцыі, прыляцела, як і ён, менавіта зь Беларусі сюды, у Амэрыку. А на радзіму вяртае правая частка кампазыцыі - так званая "Слуцкая брама", якая помніцца многім, якая і сёньня сустракае ўсіх, хто прыяжджае ў Нясьвіж, вядомы сваёй гісторыяй, сваімі замкамі і храмамі. На заднім фоне кампазыцыі - сілуэты іншых гістарычных помнікаў гэтага гораду. А там, куды прыляцела гэтая птушка, чытаюцца абрысы Сіэрс-таўэра ў Чыкага. Зноў-такі злучае ўсё гэта крывавая беларуская зямля, выпісаная мастаком вельмі сакавіта і эмацыйна.

Шмат якія працы Дзьмітрыя Башка аб'ядноўваюць тэмы старадаўняй гісторыі, біблейскія і міталягічныя вобразы. Мастак піша ў рознай тэхніцы - яічнай тэмпэрай, алеем, у апошні час пераважна акрылікам. Яічнай тэмпэрай, напрыклад, напісаная сымбалічная карціна "Вайна", дзе мы бачым узброенага коньніка ў цяжкіх абарончых латах, які сядзіць на вялізным гіпэрбалічным кані. У гэтай працы, створанай яшчэ да падзей 11 верасьня, чытаецца прадчуваньне будучай трагедыі. Не выпадковыя тут, на зямлі, што гарыць, і абрысы амэрыканскіх будынкаў-вежаў.

Піша мастак і ў жанры нацюрморту, але і ў гэтых працах чытаюцца ўласьцівыя аўтару інтанацыі, эмацыйныя і калярыстычныя матывы. Сымболіка "Грэцкай вазы" - павага да гісторыі, да старадаўніх легендаў. Кантрастнымі колерамі прыцягвае ўвагу карціна "Папараць-кветка"; экспрэсіяй, сваеасаблівым перагукам чырвонага, сіняга, зялёнага, жоўтага колераў - карціна "Ноч. Месяц." Цікавая калярыстычная загадка і ў працах "Усяночная", "Індзейскі танец" і іншых.

...Карціна "Муза" сустракае нас дапытлівым і прыветлівым паглядам жаночага пэрсанажу. Жанчына нібы пытаецца: "Я вось такая, а хто вы?" Сымболіка працы - паэтычны пачатак і ў вобразе самой Музы, і ў распрацоўцы фону, усяго, што вакол жаночага партрэту, у загадкавых каляровых злучэньнях і пераходах. А каля карціны "Альтыст" мы чуем гукі музыкі: так натхнёна і выразна напісаў мастак партрэт свайго сябра-музыкі. Пэрсанаж паказаны ня ў час канцэрту, а ў сябе дома, ён падкрэсьлена іграе дзеля сябе. Адсюль і такая сымбалічная рама, якая абрамляе ўсю кампазыцыю. А вось напісаны сангінай "Партрэт старога" прыцягвае на дзіва падрабязнай перадачай усіх характэрных рысаў твару пэрсанажу, які з асаблівым настроем сур'ёзнасьці аналізуе ўсё навакол з вышыні сваіх гадоў. І тут, несумненна, ёсьць свая загадка...

Мы спыніліся толькі на некаторых працах Дзьмітрыя Башка, якія экспануюцца на гэтай выставе. Кожная зь іх прымушае падоўгу пастаяць каля яе, пільна паўзірацца, задумацца, убачыць многія цікавыя выяўленчыя дэталі за асноўнымі рысамі кампазыцыі. Павіншуем таленавітага мастака з гэтай цікавай выставай і пажадаем яму новых творчых посьпехаў.





На малюнках карціны Дзьмітрыя Башка "Птушка" (зьверху і " Партрэт старога".


Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.
Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005
Хостынг — 1and1
Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы