| | | | Адкрылася беларуская нядзельная школкаГаліна ПАДЛЕСКАЯУ царкоўна-грамадзкай залі катэдральнага сабору сьв. Кірылы Тураўскага, што разьмешчаны па адрасу 401 Atlantic Avenue, Brooklyn, NY 11217, распачала 2-га сакавіка сваю працу беларуская нядзельная школа для дзетак. Вельмі доўга бацькі й іхныя дзеткі марылі пра такую школу, і вось, нарэшце, іхняя мара зьдзейсьнілася!
Асноўныя мэты заняткаў у школцы - у цікавай і даступнай форме пазнаёміць дзетак са Словам Божым і паглыбляць веданьне роднай мовы. Заняткі будуць уключаць гісторыі зь дзіцячай Бібліі, сьпевы, маляваньне, выцінаньне альбо майстраваньне. Плянуецца праводзіць такія заняткі двойчы на месяц па нядзелях падчас набажэнстваў зь 10 да 12 гадзіны. Спадзяемся, што гэта дазволіць бацькам, якія маюць дзетак, далучацца да набажэнстваў, а іхным дзецям - вучыць Слова Божае і родную мову, карысна і цікава праводзіць гэтыя дзьве гадзіны, а таксама пазнаёміцца і пагуляць зь іншымі беларускамоўнымі дзецьмі.
На першых занятках прысутнічала восем дзетак дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту. Першая тэма - стварэньне сьвету. Дзеці сьпявалі, слухалі адпаведную гісторыю зь дзіцячай Бібліі, малявалі, паглядзелі і паслухалі пару цікавых кніжак з малюнкамі і нават паспрабавалі зрабіць выраб з паперы й аднаразовых талерак - краба-скрыпача. Спадзяемся ўжо з наступнага разу напрыканцы заняткаў паказваць дзецям мультфільм альбо дыяфільм па-беларуску (пераклады робяцца намаганьнямі саміх бацькоў), а таксама пачаць развучваць беларускія гульні. Хочацца зрабіць усё магчымае, каб нашым дзеткам было цікава, весела і карысна.
У арганізатараў штораз зьяўляюцца новыя ідэі. Зараз мы абмяркоўваем ідэю пасьля кожных заняткаў разьмяшчаць тэксты ўрокаў з малюнкамі, пытаньнямі, тэкстамі сьпеваў і музыкай на сеціве. Наколькі мы ведаем, у інтэрнэце яшчэ не існуе такой беларускай нядзельнай школкі, ды і ў самой Беларусі ня так шмат беларускамоўных нядзельных школак. Лічым, што ў цяперашніх умовах гэта будзе вельмі актуальна і карысна. Гэта зможа дапамагчы беларускамоўным бацькам у выхаваньні сваіх дзетак па ўсім сьвеце.
Калі ласка, паведаміце пра нашую школу ўсім сваім знаёмым, дапамажыце распаўсюдзіць вестку пра яе, каб людзі ведалі і далучаліся.
Шчыра запрашаем усіх дзетак прыходзіць да нас!
Па інфармацыю і з пытаньнямі тэлефануйце Галіне Падлескай па нумару (914) 779-4342. 
Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.
| | Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005 Хостынг — 1and1 Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы |
| | |