Сьв. памяціСьв. пам. пратаярэй Аляксандар СІДАРОВІЧ
(15.02.1932 - 15.01.2008)
Спачыў у Богу 15 студзеня 2008 году пратаярэй Аляксандар Сідаровіч, настаяцель трох прыходаў у Англіі.
Айцец Аляксандар нарадзіўся ў вёсцы Машэвічы на Наваградчыне, дзе і прайшло ягонае дзяцінства. Але жыцьцё ягоных бацькоў і яго самога рэзка перамянілася з надыходам 2-й сусьветнай вайны. А ў 1944 годзе малады Аляксандар разам з бацькамі пакінулі Беларусь і выехалі на Захад Нямеччыны, дзе жылі аж да заканчэньня вайны.
Потым сям'я Сідаровічаў пасялілася ў беларускім лягеры Ватэнштэт, дзе Аляксандар паступіў ў беларускую гімназію. Браў чынны ўдзел у дзейнасьці скаўтаў і іншых вучнёўскіх гуртках. У 1948 годзе Аляксандар разам з бацькамі прыехалі ў Англію да брата Хведара, які служыў там у польскім войску.
У Англіі Аляксандар працаваў на розных работах аж да залажэньня сваёй уласнай будаўнічай кампаніі. Фірма працавала пасьпяхова, але, нажаль, пачало псавацца здароўе, і дзеля гэтага Аляксандар быў змушаны пакінуць гэты занятак.
Выхаваны ў пабожнай праваслаўнай сям'і, ён цікавіўся сваёй рэлігіяй, хадзіў да царквы, запрашаў і прымаў сьвятароў, якія прыяжджалі служыць Божыя службы ў горадзе, дзе ён жыў. У сэрцы і ў душы ён адчуваў сьвятарскае пакліканьне.
У 1976 годзе Аляксандар быў рукапакладзены на дыякана япіскапам Віленскім Мацьвеем. А ў 1996 годзе ў Манчэстэры (Англія) айцец Аляксандар быў рукапакладзены на сьвятара ў грэцкай праваслаўнай царкве юрысдыкцыі Ўсяленскага Патрыярхату.
Стаўшы сьвятаром, а. Аляксандар распачаў вельмі актыўную рэлігійную дзейнасьць. У Манчэстэры ў беларускай царкве сьв. Мікалая стаў ён часова заступнікам настаяцеля. А ў Лёндане рэгулярна, раз на месяц, адпраўляў Божыя службы ў беларускай царкве сьв. Еўфрасіньні Полацкай. Аднавіў ён таксама парафіі ў гарадох Вольвэргэмптан (Wolverhampton) і Сток-он-Трэнт (Stoke-on-Trent). Акрамя пастырскай дзейнасьці ён займаўся і дабрачыннымі справамі, як дапамога пацярпелым ад чарнобыльскай катастрофы.
У ліпені 2007 году а. Аляксандар перажыў паралюш, а 15 студзеня 2008 году перастала біцца ягонае сэрца.
Абрад пахаваньня адправілі архімандрыт Кірыл Гэннэр (ангелец) і а. Аляксандар Мундзік (сэрб). Пахаваны а. Аляксандар 29 студзеня 2008 году на могілках у вёсцы Астбуры (Astbury) каля гарадка Конглтон (Congleton), дзе пахаваная таксама ягоная дачка Галіна.
Нябожчык пакінуў у вялікім смутку жонку Тэрэсу, дачку Элеанору, сына Аляксандра, чацьвёра ўнукаў і дзьве сястры ў Беларусі.
Вечная яму памяць.
М. Ш.
30 гадоў таму (1 сакавіка 1978 году) перастала біцца сэрца вернага сына Беларусі Ўладзіслава Рыжага-Рыскага, які стаяў ля вытокаў адраджэньня беларускага нацыянальнага хрысціянскага руху на Бацькаўшчыне і ў свеце ў пасьляваенны час. Гэта быў вядомым рэлігійным і грамадзкім дзеячом беларускай эміграцыі, навукоўцам і тэолягам, пэдагогам, выдаўцом і паэтам, які пакінуў значны сьлед у культуры Беларусі і замежжа.
Памяні, Госпадзе, у валадарстве Тваім душу супачылага 30 гадоў таму назад слугі Твайго Ўладзіслава, усьцеш яго агляданьнем Сваім і ўчыні яму вечную памяць.
Сынод БАПНЦ на Бацькаўшчыне
Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.