Рассылка

Апытаньне



 
№570 ВЕСТКІ Маладзёвая бачынаАб’явыПрэмія ЮхнаўцаКрама
Да 100-годзьдзя Станііслава Шушкевііча

Пятрусь КАПЧЫК, філёляг

Хачу падзяліцца сваімі ўражаньнямі пра Станіслава Шушкевіча - таленавітага, рознабаковага па творчасьці паэта, зь якім мяне лёс зьвёў у далёкім 1968 годзе...

Нарадзіўся будучы паэт на Койданаўшчыне ў вёсцы Бакінава 6 (19) лютага 1908 году. І гэта ягоны сын Станіслаў Шушкевіч разам з Л. Краўчуком і Б. Ельцыным падпісалі ў Вікулях акт распаду СССР. Заўважу, што бацька Старшыні Вярхоўнага Савету Беларусі не дажыў да гэтай падзеі толькі 11 месяцаў.

Зь дзядзькам Стасем я сустрэўся ў рэдакцыі газэты "Літаратура і Мастацтва", калі зьявіўся там са сваім допісам. З лагоднаю ўсьмешкаю на твары ён спытаў, ці ня ведаю я "нейкага Станіслава Шушкевіча". Я адказаў, што сустракацца зь ім мне не даводзілася, але я шмат ягоных кніжак ужо чытаў і назваў сярод іх па памяці "Лясную калыханку", "Грушы на вярбе"... Калі я гэта гаварыў, то заўважыў, як пасьвятлеў твар майго суразмоўцы (я і згадкі ня меў, што гэты невысокі хударлявы чалавек і ёсьць Станіслаў Шушкевіч). Ён выслухаў мяне і спытаў: "А ці хацеў-бы ты з Шушкевічам пазнаёміцца асабіста?" "З задавальненьнем!", - адказаў я. І тут чую: "Ну дык вось, хлопча, я і ёсьць той самы Станіслаў Шушкевіч!" Сказаўшы гэта, ён працягнуў мне руку і... запрасіў зайсьці ў ягоны рэдакцыйны кабінэт, бо да гэтага моманту ўся нашая размова адбывалася ў фае рэдакцыі на вуліцы Захарава, 19.

Нашая гутарка доўжылася амаль дзьве гадзіны. Спадар Шушкевіч распавёў пра сваё жыцьцё, творчасьць. Менавіта тады я даведаўся шмат праўды пра сталінскі тэрор і забойствы ў СССР. Не пазьбег рэпрэсіяў і сам паэт: яго беспадстаўна асудзілі на 20 гадоў і выслалі ў Сібір, дзе ён працаваў на цяжкіх работах. Сп. Шушкевіч прагледзеў і ўхваліў прынесены мною допіс, параіў і надалей супрацоўнічаць з газэтай, распытваў пра маё жыцьцё-быцьцё, пра маё захапленьне беларускай літаратурай. На памяць падараваў мне сваю толькі што выдадзеную кнігу ўспамнаў і нататкаў "Вяртаньне ў маладосьць". Скажу шчыра, што гэтую кнігу я зьбярог і часта перачытваю і цяпер, каб лепш зразумець тыя часы нашай гісторыі, калі мяне яшчэ і на сьвеце не было.

Бяручыся за гэты допіс у "Беларус", я ўважліва прагледзеў паліцы свае хатняе бібліятэкі з кнігамі беларускіх аўтараў і падлічыў, што маю дзевяць кніг Станіслава Шушкевіча. А ўвогуле было выдадзена 28 кніг гэтага паэта, у тым ліку "Выбраныя творы" ў 2-х тамах (1987). Бальшыня кніг прызначана дзецям: на творчасьці Станіслава Шушкевіча выхавана не адно пакаленьне беларускіх дзетак! Вось адзін з такіх твораў, прачытайце яго сваім дзецям ці ўнукам:

Не магу жыць без Радзімы

У дуброве каля рэчкі
Віснуць сонныя парэчкі,
У пералеску ля крыніцы
Зьзяюць сьпелыя суніцы.

І вясной, і цёплым летам
Тут наўкола многа кветак.
Нівы жыта і пшаніцы,
У стаўку вада іскрыцца.

Журавель зь вядром, калодзеж...
Дзе-ж такое месца знойдзеш?
Ну куды-ж пайсьці, падацца,
Па якой прайсьці мне кладцы?

Хараство, куды ні глянеш,
Ад сьвітаньня да зьмярканьня.
І парэчкі - каля рэчкі,
І суніцы - ля крыніцы...

Безь цябе жыць немагчыма,
Мая любая Радзіма.

Так, сп. Шушкевіч, цяжка жыць на чужыне. І Вы заўсёды вярталіся зь прымусовых высылак на Радзіму, дзе Вас і асуджалі, і прыніжалі, ня даўшы ніводнай узнагароды. "Судзімасьць" была перашкодаю, як патлумачыў мне адзін высокапастаўлены чынуша. Але для мяне асабіста Станіслаў Шушкевіч ня толькі народны паэт, ён таксама выдатны бацька, які выхаваў такога знакамітага сына фізыка-акадэміка, які ўвайшоў у найноўшую гісторыю Беларусі як чалавек, які спрычыніўся да аднаўленьня незалежнасьці краіны, вяртаньня нацыянальных сымболяў: гербу Пагоня і бел-чырвона-белага сьцягу.

У заканчэньні допісу заўважу, што творы С. Шушкевіча перакладаліся на шэсьць моваў: азэрбайджанскую, латыскую, летувіскую, украінскую ды расейскую. Што тычыцца перакладаў на ўкраінскую мову, то ў 1979 годзе ў Кіеве выйшла кніга вершаў "Лісова колиска" (у Менску па-беларуску гэтая кніга была выдадзена ў 1958 годзе).

Многія вершы паэта беларускія кампазытары Чуркін, Цікоцкі, Семяняка паклалі на музыку. Мне прыемна адзначыць, што ўкраінскі кампазытар Л. Лявітава напісала 24 песьні на словы Шушкевіча, бо ўкраінцы шануюць сапраўды музычную паэзію Станіслава Шушкевіча.


Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.
Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005
Хостынг — 1and1
Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы