Матэрыяльная спадчына Вяліікага КнястваДзьмітры ГУЛЕЦКІ, dhulecki@belcoins.comКолькі гадоў таму прайшло сьвяткаваньне 750-годзьдзя каранацыі Міндоўга - першага летапіснага ўладара Вялікага Княства Літоўскага - гаспадарства, зь якога выводзіць сваю дзяржаўнасьць вялікая частка сёньнешніх беларусаў. Гэты, некалі найвялікшы ў Эўропе край, праіснаваў больш за паўтысячагодзьдзя, пасьля чаго быў падзелены і апанаваны суседзямі. З тых часоў прайшло ўжо болей за 200 гадоў і гісторыя абрасла вялізнай колькасьцю мітаў. Больш за тое, гісторыю пішуць пераможцы, і сучасны беларус ужо мала што ўяўляе пра тое, як жылі, чым карысталіся ягоныя продкі ў той, забытай і міталягічнай вялікай эўрапейскай краіне.
А гэтыя рэчы нікуды ня зьніклі. Натуральна, дзеля войнаў, пажараў, працяглых акупацыяў, іх на беларускай зямлі значна паменела. Але яны засталіся - дзякуючы Яго Вялікасці Выпадку, рупліўцам-патрыётам і... беларускай зямлі. Больш за тое, надыход інфармацыйнае эпохі дазволіў беларусам адарвацца ад здабыцьця вылучна чаркі і скваркі, схамянуцца, аддыхацца ды заняцца вяртаньнем некалі вывезенае матэрыяльнае спадчыны на радзіму. А колькі яшчэ ў гэтай справе працы! Колькі новых захапляльных адкрыцьцяў слаўнага мінулага! Колькі неспадзяваных і сэнсацыйных знаходак! Законы жыцьця спрыяюць таму, што рэчы, створаныя людзьмі з моцнай самаідэнтыфікацыяй, заўжды імкнуцца вярнуцца туды, дзе іх радзіма. Ці, прынамсі, туды, дзе жывуць духоўныя спадкаемцы іх творцаў. І вяртаюцца. Бо яны патрэбныя тут. Каб успомніць.
У нашай размове гаворка пойдзе не пра вылучна рэдкія, музэйныя экспанаты, а пра рэчы, якіх засталося шмат - рэчы дзяржаўнае важнасьці, і разам з тым, паспалітыя, даступныя кожнаму, хто мае веру, сьмеласьць і прагу да дзеяньняў. Некаторыя зь іх яшчэ сто гадоў таму... проста выкідваліся ці пераплаўляліся (у выпадку манэтаў), як непатрэбная старына. Сёньня-ж ні ў кога ўжо ня ўзьнікне думкі чыніць гэткае блюзьнерства, бо што інакш будзе цьвяліць нам гістарычную памяць і прыносіць незабыўнае пачуцьцё повязі зь мінулым? Апроч таго, гэтыя рэчы маюць неаспрэчную калекцыйную вартасьць, і цікавяць штораз болей аматараў старажытнасьці. У сучасных эканамічных умовах апошнія ўсё часьцей займаюцца навуковым дасьледваньнем улюбёных рэчаў, пераўзыходзячы ў гэтым профі - музэйных працаўнікоў.
Галоўная задача, якую стаўлю сабе, пачынаючы гэты цыкль артыкулаў - паказаць усё багацьце і размаітасьць паспалітае матэрыяльнае спадчыны Вялікага Княства. Згублена далёка ня ўсё. Ёсьць чым натхняцца і ганарыцца. Пачаць, зразумела, хочацца з манэты - каралевы гістарычных артэфактаў і геніяльнага вынаходніцтва чалавека. Цяжка прыдумаць нешта нагэтулькі-ж інфарматыўнае, эстэтычнае і трывалае. І ўсё-ж сьпярша - пра іншы грашовы сродак - ізрой, які стаўся першым у Вялікім Княстве і запачаткаваўся, верагодна, у найбольш эканамічна і культурна разьвітым здавён рэгіёне гаспадарства - Віцебска-Полацкім.
Першыя летапісныя ўпаміны ізроя зьвязаныя зь Віцебскам. Час іх узьнікненьня - канец 13 стагодзьдзя - супадае зь першай згадкай назову "рубель" у адносінах да наўгародзкіх грыўняў. Гэтак, у грамаце рыскіх ратманаў да віцебскага князя Міхала Касьцянцінавіча (каля 1300 г.) выказваецца скарга рыжанаў на крыўду, учыненую князем купцам-"немчинам". Міхал прапаноўваў купцам 10 ізрояў за ўпадабанага каня, але ў выніку ашукаў гандляроў. У іншай грамаце таго часу рыжане крыўдуюць ужо на князева брата, які "торговал... на 30 изроев. 17 изроев заплатил, а тринадесят изроев не заплатил". Гэтыя пісьмовыя зьвесткі сьведчаць пра тое, што ізрой у канцы 13 стагодзьдзя ўжо быў досыць распаўсюджанай грашовай адзінкай на Віцебшчыне. Разам з тым, ізрой пашырыўся і на іншых старажытнабеларускіх землях. У знакамітым Вішчынскім скарбе з сучаснае Гомельшчыны, датаваным сярэдзінай 13 стагодзьдзя, ізроі знойдзеныя разам з кіеўскімі і наўгародзкімі грыўнямі.
Што-ж ён ўяўляў сабой? Ізрой меў паўкруглае сячэньне і вагу ў межах 102-110 грамаў. Вялікая доля ізрояў мела зарубкі ці запілы, што сьпярша служылі для праверкі якасьці кову, а потым, верагодна, засталіся проста як прадстаўнічыя, атрыбутыўныя элементы гэтага віду прутка.
Ізрой - першы пэўны аўтэнтычны, пацьверджаны пісьмовымі жароламі, назоў грашовае адзiнкi, што выраблялася на беларускіх этнічных тэрыторыях. Назоў, верагодна, паходзiць ад стараславянскага "изрыть", што адлюстроўвала тэхналёгію вытворчасьцi пруткоў (адлiцьцё ў формах у зямлi). Вядомыя таксама графіці з словам "ізрой" на гэтых пруткох.
Раз-пораз ізрой мянуецца дасьледнікамі заходнерускай ці літоўскай грыўняй, што залішне, бо захаваўся летапісны назоў. Паводле яго першыя летапісныя ізроі дапушчальна называць віцебскімі грыўнямі, што, адылі, не азначае, што вытворчасьць ізрояў трывала адзначалася найбольшымі памерамі менавіта ў гэтым месьце. Шматлікія знаходкі гэтых пруткоў далей на захад, на Віленшчыне, кажуць пра тое, што маладая дзяржава Вялікае Княства Літоўскае пераняла гэты від грыўні як першую собскую грашовую адзінку. Тамтэйшыя скарбы пераважна датуюцца ўжо першай паловай 14 стагодзьдзя. Апошні скарб, які-б месьціў ізрой, датаваны 1365 годам. З часу выпадзеньня з абарачэньня кіеўскае грыўні, ізрой, натуральна - найчасьцей сустраканы від срэбнага прутка ў скарбах Беларусі.
Увесь пэрыяд цыркуляваньня ізрояў гаспадарства ня мела собскіх манэтаў, таму гэты час называецца ў навуцы "даманэтным". Праўда, край карыстаўся з іншаземных манэтаў. Але пра гэта ўжо наступным разам. Славутае-ж імя ізроя беларускага паходжаньня не прыжылося ў іншых мовах, і таму ўзьнікаюць вышэйменаваныя штучныя назовы. Толькі ў апошні час гэтае забытае слова адраджаецца - сьпярша ў навуковых публікацыях беларускіх нумізматаў, а ў наш інфармацыйны век і ў назове першага беларускага нумізматычнага партала, які гэтак і завецца - Ізроем.
Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.