Рассылка

Апытаньне



 
№570 ВЕСТКІ Маладзёвая бачынаАб’явыПрэмія ЮхнаўцаКрама
Нашая фанатэка

Анатоль МЯЛЬГУЙ, музычны аналітык

"Testamentum Terrae": таямніца беларускіх дудароў прыадчыненая!

Мне ўжо даводзілася распавядаць на прыкладзе творчасьці гурта "Стары Ольса" пра беларускі культурніцкі фэнамэн апошніх гадоў - адраджэньне беларускай дуды, як найстаражытнейшага нацыянальнага музычнага інструмэнта. Мэдыявальны (гэта значыць, cкіраваны на сярэдневечную тэматыку) музычны рух ў Беларусі культывуе свае адметнасьці, назапашвае гістарычны рэпэртуар і таму мае поўнае права на сваё пачэснае месца ў аналах нацыянальнай культуры ХХІ стагодзьдзя.

Сам панятак музычнага руху, на маю думку, вымагае ад яго чыньнікаў ня толькі стварэньня ці адраджэньня твораў азначанай (у нашым выпадку - сярэднявечнай) тэматыкі, але і наяўнасьці хоць нейкай арганізацыйнай структуры. У выпадку з рухам за адраджэньне беларускай дуды мы маем ўжо некалькі важнейшых дасягненьняў. Па-першае, сучасныя беларускія дудары стварылі ў Менску свой "Дударскі клюб", у якім могуць абменьвацца вопытам ў тэхніцы выкананьня на дудзе розных тыпаў. Па-другое, штогод у Беларусі ладзіцца міжнародны "Дударскі фэст", дзе дудары з розных краінаў дэманструюць практыку выкананьня на інструмэнце, які, нагадаю, па міжнароднай тэрміналогіі завецца bagpipers.

Адно з важкіх дасягненьняў беларускіх дудароў - гэта тое, што больш спрактыкаваныя выканаўцы і майстры перадаюць маладым дударам свой бясцэнны вопыт, назапашаны дзясяткамі гадоў дасьледваньяў і экспэрымэнтаў. Неафіты беларускай дуды прагнуць спасьцігнуць гэтую навуку як мага больш дакладна, з мэтай яшчэ шчыльнейшага набліжэньня да аўтэнтычных узораў. Адным з такіх дапытлівых і карпатлівых выканаўцаў на айчыннай мэдыявальнай сцэне быў прызнаны малады беларускі дудар Юрась Панкевіч - першы вучань знакамітага даследчыка і майстра-дудара Тодара Кашкурэвіча. Працэс ягонага росту як выканаўцы і прызнаньня быў распачаты на традыцыйным менскім "Лошыцкім фэсьце" ў 2006 годзе, калі на конкурсе маладых дудароў Юрась быў названы лепшым. І гэта была не выпадковасьць: музыка валодае ўнікальнай "закрытай" выканаўчай манэрай, характэрнай для беларускай школы (адроджанай па захаваных нотных запісах і фанаграмах дударамі Алесем Ласём і Тодарам Кашкурэвічам). Да таго-ж, Юрась выдатна валодае ня толькі беларускай, але і нямецкім і швэцкім тыпам bagpipers. Сам-жа Ю. Панкевіч адзначае, што такая незвычайная выканаўчая манэра і дамапагла яму тады перамагчы: "Думаю, што першае месца я заняў таму, што выканаў праграму беларускай сярэднявечнай музыкі. Акрамя гэтага, на фэсьце практычна ніхто, акрамя мяне, ня граў у "закрытай" манэры, якая характэрная для беларускай традыцыі. Гэтую манэру мне ўдалося засвоіць дзякуючы Тодару Кашкурэвічу. Цяпер я магу граць як ў "закрытай", так і ў "адкрытай" манэрах" ("Музычная газета" № 15, 19.04.2007 г.)

І ўсё-ж, што гэта за такая нацыянальная беларуская таямніца - "закрытая" манэра выкананьня, пра якую так шмат гавораць у асяродках беларускіх дудароў? Адказ на гэтае пытаньне можна знайсьці на трэках розных музычных плыт, ад беларуска-летувіскага праекту Тодар Кашкурэвіч-Гвідас Ковера-Петрас Вішняўскас "Tylos Labanoro" ("Цішы Лабаноры") да CD "Дударскі фэст", на якім гучаць трэкі з запісамі прадстаўнікоў розных дударскіх школ і стыляў выкананьня, як на эўрапейскіх bagpipers, так і на беларускіх дудах.

Але паказальным ў гэтым сэнсе дыскам можна назваць дэбютны альбом гурта "Testamentum Terrae" ("Запавет зямлі"), які названы аўтарамі "Слаўны паніч". І гэта ня дзіўна, бо кіраўніком гэтага гурта зьяўляецца той самы беларускі дудар-самародак Юрась Панкевіч! Бо ягоная манера стала асноватворчай для гучаньня "Testamentum Terrae". І вось у беларускіх слухачоў зьявілася магчымасьць ацаніць іх дэбютны альбом. Зьвернем ўвагу на гучаньне галоўнага ансамблевага інструмэнта - дуды. Непараўнальны тэмбр інструмэнта, дынаміка гуку, яе выканаўчыя магчымасьці ў кожнай краіне розныя і нават ў многім непадобныя. Вось і "закрытая" беларуская традыцыя адрозьніваецца наяўнасьцю ў кожнай выкананай на інструмэнце ноце падвоенага фаршлага (кароткага мэлядычнага ўпрыгожваньня, які выконваюць перад асноўным гукам), што вельмі характэрна для граньня ў беларускай нацыянальнай традыцыі. Такія гарманічныя ўпрыгожваньні робяць мэлядычную лінію дуды яскравай, гнуткай і цалкам не падобнай ні на што іншае. І няма лепшай кампазыцыі для ілюстрацыі адзначаных адрозьненьняў, чым фірмовая "тэстамэнтаўская" "Полька". Не выпадкова, што яе мэлёдыя была прадстаўлена тэлегледачам праграмы ОНТ "Контуры". Праграмы гэтага каналу можна толькі ўмоўна назваць беларус-кімі. Тым больш важна, што выканаўцы з гурта "Testamentum Terrae" змаглі данесьці тэлегледачам ОНТ тую ісьціну, што жыве ня толькі арыгінальная беларуская дуда, але і цудоўная беларуская мова: на расейскамоўныя пытаньні вядучага Аверкава музыкі гурта прынцыпова адказвалі па-беларуску, пацьвярджаючы свае словы цудоўнымі старажытнымі мэлёдыямі для дуды!

Але вернемся да музычнага зьместу альбому "Слаўны паніч", неад'емнай часткай якой зьяўляюцца яскравыя танцавальныя рытмы. Упэўнены, што слухачы з аднолькавым задавальненьнем пазнаёмяцца з мэлёдыяй традыцыйнага для нашых краёў "Кракавяка" і з эўрапейскімі рытмамі "Branle Neversit". Бо як ужо я адзначаў, Юрась Панкевіч валодае ня толькі беларускімі дудамі, але і грае на bagpipers іншых канструкцыяў, якія былі распаўсюджаны ў краінах Эўропы і ў Вялікім Княстве Літоўскім. Добрым дадаткам да дуды, у гэтых кампазыцыях сталі інструмэнтальныя партыі іншых ўдзельнікаў гурта. Маю на ўвазе скрыпачку і вакалістку Надзею Працько і лютніста Алеся Сушкова. Разам гэтыя "траістыя" музыкі і стварылі непаўторную акустычную аўру гурта "Testamentum Terrae" ў інструмэнтальных творах, якія прадстаўленыя на дыску - "Быліна", "Журба".

Але "разынкай" рэпэртуару, эмацыйным цэнтрам дыску "Слаўны паніч" зьяўляюцца іншыя кампазыцыі. Для выканаўцаў характэрна таксама і выкананьне драматычнага рэпэртуару, які яны адшукалі ў зборах вядомага этнографа ХІХ стагодзьдзя М. Федароўскага. І гэтыя творы прадстаўляюць той пласт нашай культуры, на які ня шмат зьвярталі ўвагі іншыя мэдыявальныя выканаўцы. Цікавай ў гэтым сэнсе зьяўляецца гістарычная баляда "Слаўны паніч", узятая з запісаў згаданага навукоўцы. Але асобная размова пра рэкруцкія песьні, якія былі знойдзеныя музыкамі ў зборах М. Федароўскага. Безумоўна, цяпер гэтыя пярліны нацыянальнага фальклёру сталі неад'емнай часткай гераічнага эпасу нашага народу. Напрыклад, кампазыцыя "Праводзіны на вайну" пабудаваная ў дыялёгавай форме, што надзвычай падкрэсьлівае драматызм моманту расстаньня маладога рэкрута і ягоных састарэлых бацькоў. А вось песьня "Шэры гусі" - шчымлівы працяг папярэдняй тэмы, у якой маці (сьпявае Н. Процька) просіць за свайго сына, каб таго "адпусьцілі, хай ён дома будзе". Але "прыёмшчыкі" няўмольныя: "Але-ж яго нельга адпускаці, дадзім яму шаблю ў рукі, будзе ваяваці!" Далей рэкрутаў ужо кліча ў бой вайсковы бубен і невядома, ці вернецца беларускі жаўнер да роднай хаты...

А вось што лучыць гурт "Testamentum Terrae" са старэйшымі сябрамі - музыкамі "Старога Ольсы", дык гэта тое, што ў іх рэпэртуары зьявіліся кавэры на гіты сусьветнавядомых рок-зорак. На альбоме "Слаўны паніч" ёсьць такі твор - пераствораная на сярэднявечна-акустычны лад кампазыцыя з рэпэртуару брытанскага мэтал-гурта IRON MAIDEN "Fear of the Dark". Тут трэба адзначыць вельмі ўдалую, рытмаствараючую функцыю, якую нясуць ў гэтай кампазыцыі бубначы "Testamentum Terrae" Віталь Касавец і Генадзь Гірыловіч. Іх намаганьнямі кавэры набываюць рысы сапраўднай рок-кампазыцыі. Хоць і ў акустычным варыянце.

Зразумела, такія кавэры - даніна модзе, якая пануе сярод прыхільнікаў "цёмных" плыняў сярэдневечнай музыкі. Але прысутнасьць апрацовак рок-кампазыцыяў ў рэпэртуары мэдыявальных гуртоў спрыяе іх большай папулярнасьці. У тым ліку, і па прычыне павялічэньня слухацкай аўдыторыі за кошт прыхільнікаў фэнтэзійнай тэматыкі ў літаратуры і музыцы, якія складаюць немалую частку аўдыторыі мэдыявальных гуртоў.

Важна адзначыць тое, што гурт "Testamentum Terrae" запісаў і выдаў дыск дзякуючы падтрымцы суайчыньнікаў за мяжой - беларусаў Злучаных Штатаў Амэрыкі. У прыватнасьці музыкі выказваюць шчырую падзяку за дапамогу ў выданьні гэтай плыты кіраўніку Дабрачыннай фундацыі "Ethnic Voice Of America" спадарыні Ірэне Калядзе-Сьмірновай. Музыкі таксама дзячаць за арганізацыйную падтрымку МГА "Згуртаваньне беларусаў сьвету "Бацькаўшчына" і яе кіраўніцу А. Макоўскую. Як бачым, намаганьнямі беларусаў з розных куткоў сьвету можна ажыцьцяўляць важкія мастацкія праекты, зьдзяйсьняць сапраўды вартыя культурніцкія акцыі. Важна, каб гэтая нябачная сувязь не гублялася, не марнела пад цяжарам асабістых прыхільнасьцяў і густаў.

Фота аўтара.


Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.
Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005
Хостынг — 1and1
Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы