Рассылка

Апытаньне



 
№570 ВЕСТКІ Маладзёвая бачынаАб’явыПрэмія ЮхнаўцаКрама
Слоўнік, зроблены на энтузіязме
На 90-я ўгодкі ад нараджэньня і 2-я ад сьмерці Валянтыны Жукоўскай-Пашкевіч (1916 - 2004)

Раіса ЖУК-ГРЫШКЕВІЧ, сястра

"Ангельска-беларускі слоўнік" Валянтыны Пашкевіч пад рэдакцыяй Сяргея Шупы, Менск 2006

Праца над слоўнікам пачалася вельмі даўно. Каб зразумець вытокі й яго першапрычыну, трэба хоць коратка расказаць пра жыцьцё Валянтыны Пашкевіч.

25-га сакавіка 2004 году перастала біцца сэрца беларускага пэдагога, грамадзкае і на ніве культуры дзяячкі Валянтыны Пашкевіч. Усё сваё жыцьцё прысьвяціла яна працы, накіраванай да асягненьня ідэалаў Акту 25 Сакавіка і 25 сакавіка памерла.

Нарадзілася Валянтына Пашкевіч у сям'і радавітых пружанцаў Берасьцейшчыны 5 лютага 1916 году - у дзень сьмерці Аляізы Пашкевіч-Цёткі.

Ад калыскі да апошняга дыханьня Валянтына была носьбітам жывое беларускае мовы. Сям'я Жукоўскіх была нацыянальна сьведамая. Бацька яе Мікола атрымоўваў зь Вільні беларускую літаратуру - календары, газэту "Крыніца" ды іншую пэрыёдыку, і чытаў яе для ўсяе сям'і ўголас. І сілай рэчаў узгадоўваў і перадаваў дзецям свой беларускі патрыятызм.

У Пружанах Валянтына скончыла польскія (беларускіх тады там не было) пачатковую і сярэднюю (гімназію) школы. На заканчэньне сямігодкі, пачатковае школы, яна, як найлепшая вучаніца, атрымала першую ўзнагароду: том нямецка-полькага й польска-нямецкага слоўніка. Тады яна не здавала сабе справы з таго, што ейная ўзнагароды была свайго роду прароцтвам. Пачынаючы зь пяцідзесятых гадоў свайго жыцьця, яна праз 25 год пільна працавала над складаньнем ангельска-беларускага слоўніка. Але гэта ўжо пасьля, у Таронта, Канада.

У 1935 годзе пасьля заканчэньня гуманістычнага тыпу гімназіі імя Адама Міцкевіча ў Пружанах Валянтына, тады Жукоўская, паступіла на факультэт клясыкі - грэкі й лаціны - мовы культуры старажытных Грэцыі й Рыму ўнівэрсытэта Сьцяпана Батуры ў Вільні. Там яна адразу ўключылася ў бурнае тады беларускае жыцьцё. Сталася сяброўкаю Беларускага Студэнцкага Саюзу ў Вільні. Як сябра ўправы гэтае арганізацыі поўніла функцыю скарбніка, наведвала лекцыі беларусаведы др. Янкі Станкевіча. У Беларускім музэі імя Івана Луцкевіча ў Вільні, калі надавалася патрэба, поўніла функцыю правадніка.

Пасьля двух гадоў студыяў клясыкі, пераканаўшыся, што цікавыя навукі старажытных моваў і культураў у жыцьці могуць быць непрактычнымі, бо лаціну і грэцкую перасталі вучыць у сярэдніх школах, яна перайшла на факультэт фізыка-матэматычны.

У верасьні 1939 году Заходнюю Беларусь акупавала савецкая Расея. Сталін адрэзаў Вільню - сэрца Беларусі - ад беларускае нацыянальнае тэрыторыі й аддаў яе Жамойці (Жмудзі). Увосень, калі беларускім студэнтам прыйшоў час ехаць на ўнівэрсытэт на навуку, Кацярына Стаўбунік, ведамая беларуская дзяячка, дзякуючы якой у Пружаншчыне, Кобрыншчыне і Піншчыне пашыралася беларуская літаратура зь Вільні, а зь ёю і беларуская сьведамасьць, сабрала нас усіх беларускіх студэнтаў з Пружаншчыны і сказала: "Дзеці, цяпер ня час на навуку. Усім вам трэба ісьці ў школы выкладаць беларускую мову. Інакш, у школах Пружаншчыны беларускае мовы ня будзе." І так па адным беларускім студэнце зь Беларускага Студэнцкага Саюзу ў Вільні Кацярына Стаўбунік паслала ў школы Пружаншчыны выкладаць беларускую мову. Валентыну Жукоўскую, як найвыдатнейшую, накіравалі ў былую польскую гімназію імя Адама Міцкевіча. Так ёй давялося выкладаць беларускую мову ў гімназіі, у якой раней вучылася. Апача працы ў школе яна была выкладчыцай беларускае мовы й на курсе для настаўнікаў - колішніх сваіх прафэсараў. І тут яна пераканалася, якімі бясцэннымі былі студыі на філялягічным факультэце грэкі й лаціны.

Як і шматлікім сябрам Беларускага Студэнцкага Саюзу ў Вільні Валянтыне Жукоўскай наканавана было пакінуць Беларусь. У другой палове 40-х гадоў мінулага стагодзьдзя яна ў Ангельскай зоне акупацыі Нямеччыны ў беларускім ДП (перамешчаных асобаў) лягеры Ватэнштэт выкладае ў беларускай гімназіі фізыку і апрача таго праз некаторы час ёсьць кіраўнічкай - сьцяжной - беларускага жаночага скаўтынгу ў беларускім лягеры Ватэнштэт. Многія пазьнейшыя беларускія дзяячкі й патрыёткі замежжа: Лёля Міхалюк, шматгадовая старшыня Згуртаваньня Беларусаў у Вялікай Брытаніі, сьв. пам. Вера Бартуль у Нью-Ёрку, Кацярына Вініцкая зь Лёс-Анжэлесу, Ірэна Пілецкая-Ільчук з Чыкага, вучаніцы беларускай гімназіі й скаўткі ў лягеры Ватэнштэт - гэта гадунцы Валянтыны Жукоўскай.

Зь ліпеня 1949 году Валянтына ў Таронта, Канада. Як сяброўка Згуртаваньня Беларусаў Канады (ЗБК) на 2-м Агульным Зьезьдзе гэтае арганізацыі ў травені 1950 году поўніць функцыю сакратара. Дакумэнтуе важную падзею беларускай нацыянальнай арганізацыі ў Канадзе.

У красавіку 1950 году Валянтына Жукоўская выйшла замуж за беларуса з Ашмяны Міхася Пашкевіча. Яны маюць двое дзяцей: Паўлюка й Эву і дзьве ўнучкі Ларысу й Галіну. У 50-60-х гадох Валянтына Пашкевіч арганізатар і кіраўнік танцавальнага гуртка, які танцуе перадусім "Лявоніху" і "Крыжачок". "Лявоніху" Валянтына вучыла танцаваць яшчэ за савецкіх часоў сваіх вучняў у былой гімназіі імя Адама Міцкевіча ў Пружанах. Песьня і танец "Лявоніха" сёньня выкрэсьленыя з гісторыі беларускай культуры, бо яны, як і беларуская мова, адрозьніваюць беларусаў ад расейцаў, украінцаў, палякаў ды балтаў. Ніхто апрача беларусаў ня мае "Лявоніхі".

Валентына заўсёды была абаронцам беларушчыны. Калі ў 1939 годзе Саветы занялі Пружаны, іхныя камандзіры, палітрукі хадзілі па хатах. Вось першаму камандзіру, які зайшоў у нашу хату і пачаў гутарку, зь якое вынікала, што ён беларус, Валянтына з абурэньнем паставіла пытаньне: "Чаму дапусьцілі рэформу-зьнішчэньне беларускай мовы ў 1933 годзе?" Палітрук нічога не адказаў, толькі глядзеў шырока адкрытымі вачыма на абурэньне маладой жанчыны.

Вось-жа наша "Лявоніха" ў 50-я і 60-я гады мінулага стагодзьдзя красавала ў выкананьні таронцкага танцавальнага гуртка пад кіраўніцтвам Валянтыны Пашкевіч. А ў 70-я гадох функцыю гэтую пераняла дачка Валянтыны Эва Пашкевічанка.

Калі народжаныя ў Канадзе беларускія дзеці падрасьлі да школьнага веку, Валянтына Пашкевіч зарганізавала і праз 15 год сыстэматычна вяла беларускую суботнюю школу пры царкве Сьв. Еўфрасіньні Палацкай у Таронта. Апрацавала для сваіх вучняў "Першую чытанку пасьля лемантара для беларускіх дапаўняльных школаў". Чытанка выйшла друкам у Кліўлендзе ў 1968 годзе. Валентына Пашкевіч, як пэдагог, разумела, што для навучаньня беларускае мовы ў чужым асяродзьдзі абавязкова патрэбны англямоўны падручнік, якога дагэтуль нідзе не было. Над складаньне яго яна пільна год за годам працавала. Рэдактарам падручніка быў сьв. памяці мовавед праф. Антон Адамовіч у Нью-Ёрку. У выніку Валянтына Пашкевіч стала аўтаркай англямоўнага падручніка "Беларуская мова - Fundamental Byelorussian" - адзінага сыстэматычнага і найбольш поўнага курсу беларускай мовы для навучальных мэтаў за межамі Беларусі. Падручнік апіраецца на правапіс Браніслава Тарашкевіча. Як у прадмове падручніка сказана: "Кніга "Беларуская мова - Fundamental Byelorussian" мае служыць ня толькі падручнікам беларускай мовы для вучняў, што прайшлі ўжо лемантар, але таксама й дапаможнікам для настаўнікаў. Дзеля гэтага некаторы граматычны матэрыял у ёй пададзены крыху шырэй, чым гэта трэба было-б даць толькі для вучняў. Наагул дадзены кароткі, але поўны курс беларускай фанэтыкі й марфалёгіі."

Два тамы падручніка "Беларуская мова - Fundamental Byelorussian", Кнігу 1 і Кнігу 2, выдаў друкам у 1974 і 1978 гадох Выдавецкі камітэт пры Каардынацыйнай Радзе Беларусаў Канады ў Таронта.

Працуючы над англямоўным падручнікам, аўтарка балюча адчувала неабходнасьць ангельска-беларускага слоўніка, якога, дзеля тых самых ганебных прычынаў, якія прывялі акупантаў БНР у 1933 годзе да рэформы беларускай мовы, у БССР не было. Не было яго нідзе.

І так, скончыўшы працу над падручнікам "Беларуская мова - Fundamental Byelorussian" Валянтына Пашкевіч узялася за складаньне слоўніка. Падрыхтавала яна вялікі (каля 50000 слоў) "Ангельска-беларускі слоўнік", рэдагаваньнем і выданьнем якога заняўся Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва ў ЗША. Апублікавала яна артыкул "Навучаньне беларускае мовы ў ангельскамоўным асяродзьдзі" (Запісы БІНіМ, Нью Ёрк. 1983. №17).

Пра Валянтыну Пашкевіч ёсьць біяграфічная даведка ў Беларускай Энцыкляпэдыі (Мінск. 1994). Дзеці яе Паўлюк і Эва, калісь вучні беларускай суботняй школы, пішуць, чытаюць і размаўляюць па-беларуску.

Такая была пілігрымка жыцьця, і такую спадчыну пакінула Валянтына Пашкевіч. Кіраўніцтва БІНіМ у ЗША назвала яе "ўзгадавальніцай маладога пакаленьня". Др. Янка Запруднік, які праводзіў рэдактарскую працу над слоўнікам, падставу для якога дала Валянтына Пашкевіч, сказаў: "Слоўнік гэты будзе манумэнтам для яе."

Валянтына, як чалавек, была з натуры ўраўнаважаная і ўмела ў розных абставінах утрымаць, ня раз з самавырачэньнем, раўнавагу і гармонію там, дзе жыцьцёвымі турбуляцыямі гармонія была парушана.

Валянтына памерла, але душа яе жыве ў кожным, чыё жыцьцё яна кранула, на каго зрабіла ўплыў, хто быў яе вучнем, хто браў зь яе прыклад, хто шанаваў і любіў яе. Жыве яна ў кожнай справе, у якую ўклала свае здольнасьці, сілы, сваю няўтомную працу, сваё сэрца й душу.

Вечная ёй памяць! А душы яе супакой!

Перафразоўвачы твор Максіма Танка, скажам:

І сёньня вы, каго Валянціна любіла, з кім разам жыла
У сьмерць яе
- ня верце.
І ў час, калі яна зморана спачыла;
На стражы станьне
Славы й бясьсьмерця.

Любіла Валянтына Пашкевіч усіх, хто працаваў для дабра беларускай вызвольнай справы, для разьвіцьця і захаваньня роднай беларускай мовы, культуры й гісторыі. Любілі яна ўсіх, хто рупіўся і працаваў, каб "Ангельска-беларускі слоўнік" у выданьні друкам пабачыў сьвет, а перад усім Беларусь. Калі ўнівэрсытэт Таронта прапанаваў ёй выдаць слоўнік сваім коштам і даць ёй, як аўтарцы, пэўную колькасьць паасобнікаў, то яна адказала: "Гэта мяне ня ўладжвае, маім жаданьнем ёсьць, каб кожная школа ў Беларусі мела паасобнік слоўніка."

Беларуская служба Радыё Свабода 29 жніўня 2006 году паведаміла: "Выдадзены ангельска-беларускі слоўнік на аснове "тарашкевіцы".

"Тарашкевіца" - скажаце, што адыходжу ад тэмы. Не - усё на тую самую тэму пра змаганьне за беларускую вызвольную справу. Браніслава Тарашкевіча, змагара за гэтую справу, расейска-савецкія ўлады ў БССР расстралялі 29 лістапада 1938 году. Выдаўцы слоўніка, як і мы ўсе, што пішам "тарашкевіцай", стаім на стражы яго - Браніслава Тарашкевіча - славы й бясьсьмерця. У Беларускую рэдакцыю Радыё Свабода ў лютым 1954 году паехаў з Таронта ў Мюнхэн арганізоўваць, накіраваны Старшынём Рады БНР інж. Міколам Абрамчыкам, др. Віцэнт Жук-Грышкевіч. І беларуская перадача Радыё Вызваленьне-Свабода выйшла ў этэр 20 травеня 1954 году. І з таго часу яно бесперапынна весьціць на беларускай мове. І Мікола Абрамчык і Вінцэнт Жук-Грышкевіч ужо нябожчыкі. І заснавальнікі газэты "Наша Ніва" браты Іван і Антон Луцкевічы ды іхныя супрацоўнікі адыйшлі ў вечнасьць. А "Наша Ніва" й сёньня надалей фармуе беларускую нацыю. І так у нас адно пакаленьне, будуючы падмурак, перадае наступнаму пакаленьню заданьне на сваіх асягненьнях будаваць далей сьвятыню нашых ідэалаў незалежную Беларускую Беларусь. І таму што новыя пакаленьні, ня гледжячы на цяжкасьці й безупыннае варварскае нішчэньне здабытых каштоўнасьцяў, пераймаюць і вядуць далей працу папярэднікаў, Беларуская Беларусь "на злосьць крывавым перашкодам" будзе збудавана нашымі супольнымі высілкамі, так як супольнымі высілкамі выйшаў друкам "Ангельска-беларускі слоўнік" аўтарства Валянтыны Пашкевіч, рэдагаваны калектывам пад кіраўніцтвам Зоры Кіпель, Янкі Запрудніка ды агульнай рэдакцыяй прафэсійнага лексыкографа Сяргея Шупы.

Слава і бясьсьмерце вам, працаўнікі!

ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!


Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.
Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005
Хостынг — 1and1
Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы