Рассылка

Апытаньне



 
№570 ВЕСТКІ Маладзёвая бачынаАб’явыПрэмія ЮхнаўцаКрама
Мы выйдзем шчыльнымі радамі?

У. ХАЛІП, charter97.org

Нарэшце - сакавік. Час нашай Волі. І новых спадзяваньняў. Месяц бел-чырвона-белы. Што там ні кажы, а набліжаецца, нібы экзамэн у студэнта, адметная дата. Можа нават рубеж. Дзевяностыя ўгодкі БНР. І хочам мы таго ці не, а пэўныя вынікі падводзіць давядзецца. Чаго-ж мы дамагліся ў адбудове Бацькаўшчыны за гэтыя дзесяцігодзьдзі?

Заводы й будоўлі пакінем у спакоі. Будуюць і кляпаюць што-небудзь жалезнае і пры сацыялізме, і пры фашызме, і пры ўсіх іншых "ізмах". Гэта норма і толькі. Нічога болей.

Найперш, напэўна, узгадаем мы цану, якую заплаціў народ за тое, што мы сёньня маем. І цана гэта - страшная. Мільёны і мільёны зьнішчаных людзей. Амаль задушаная мова. Гістарычная памяць у стане амнэзіі. Расколатая нацыя. Пустыя душы. Краіна, у якой няўтульна і нялёгка жыць. Ні адзін народ Эўропы не набываў за гэткую цану надзіва сьціплы дабрабыт. Як-жа магло здарыцца, што так неабачліва і легкадумна ашукалі мы саміх сябе?

Ня хочацца ўзгадваць няшчаснага Сізіфа. Няхай ён коціць свой кляты камень на гару. Але-ж сёньня нават клясыкаў нашых страшна перачытваць. Усё тое, пра што пісалі некалі Багушэвіч, Купала, Колас, Багдановіч ды Гарэцкі застаецца актуальным. Гады ідуць, а мы - на тым-жа старце. І ўсё ў нас наперадзе.

Так, напэўна можна сябе і суцешыць. Маўляў, ёсць-жа ў нас краіна. Незалежная. І ўрад яе распавядае што ні дзень пра неверагодныя посьпехі, якія заможным краінам Эўропы нават і ня сніліся. Але хіба краіна гэта наша? Сцяг гэты - наш? І герб нагадвае надта Пагоню? А каму служыць войска? Чые інтарэсы бароніць міліцыя? І хіба ня нас спрабавалі ўзрадаваць паведамленьнем, што канстытуцыйны акт гатовы да падпісаньня, і можна чакаць неўзабаве інтэграцыйны рэфэрэндум? Цень Паўночна-Заходняга краю ўжо блукае каля ўсходняй мяжы.

Беларусам пашчасьціла, што да кастрычніцкага перавароту пасьпела сфармавацца супольнасць таленавітых, высокаадукаваных людзей, якія ў момант катастрофы ўзялі на сябе адказнасьць за лёс краіны. У варунках безнадзейных і жахлівых. Сусьветная вайна перарастала ўжо ў вайну без правілаў. А яны ўпарта і настойліва будавалі дзяржаву Беларусь. І выдатна разумелі, што аднавіць яе можа толькі воля народу.

Ужо ў снежні 1917 году, адолеўшы ўсе рознагалосьсі, яны склікалі ў Менску Першы Ўсебеларускі зьезд, на які сабралася 1872 дэлегаты з усіх беларускіх абшараў. Ні аднаму з народаў былой імпэрыі гэткага прадстаўнічага кангрэсу ў той час склікаць не ўдалося. Нават на Другі Ўсерасейскі зьезд Саветаў, якім так ганарылася потым бальшавіцкая ўлада, сабралася толькі 649 дэлегатаў. Новыя ўладары так спалохаліся самавыяўленьня беларусаў, што на разгон зьезду кінулі ўзброеных салдат. З куляметамі і бронетэхнікай. Вунь куды сягаюць традыцыі сёньняшніх уладаў!

Але той зьезд, адбіваючыся ад бальшавіцкіх пагромшчыкаў, пасьпеў прагаласаваць за самавызначэньне Беларусі. Абраная дэлегатамі Рада зьезду атрымала ўсе паўнамоцтвы на далейшую пабудову дзяржавы. І ў адпаведнасьці з гэтым 25 сакавіка 1918 году Беларуская Народная Рэспубліка была абвешчана.

Наша краіна дзяржаўнасць аднавіла. І працэдура гэта была юрыдычна бездакорнай. Усходні сусед цудоўна тое разумеў. А таму пачаў настойліва даводзіць, што БНР створана нямецкімі акупацыйнымі ўладамі. Не паважалі савецкія правадыры сваіх партнёраў-немцаў. А тыя выконвалі старанна ўсе пункты мірнай дамовы з бальшавіцкай Расеяй. Нямеччына не прызнала БНР. І зрабіла ўсё магчымае, каб перашкодзіць стварэньню войска Беларусі. Калі-б ня гэты магутны супраціў, хто ведае, як павярнулася-б гісторыя. Было-ж у тым сакавіку Трэцяй Устаўной Граматай даведзена да ўсіх: "Ад гэтага часу Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца незалежнаю і вольнаю дзяржавай".

Чаму-ж мы сёньня так ўпарта ігнаруем волю ўласнага народу? Хто даў нам права перакрэсліць ягонае волевыяўленьне, выказанае ў неверагодна цяжкі час? І падмяніць яго прымітыўным муляжом дзяржаўнасьці - незабыўнай БССР? Яе стварылі нам суседзі. Яны і ёсьць сапраўдныя гаспадары свайго стварэньня. Што захочуць, тое зь ім і зробяць.

Гэта толькі цёмным і малаадукаваным людзям, якіх процьма ў кіраўніцтве сёньняшнім, падаецца выгодным і прэстыжным дэкляраваць паходжаньне РБ ад той марыянэткавай ССРБ, абвешчанай пасьпешліва і мітусьліва 1 студзеня 1919 году. А то як-жа - у агні народжаная!

На вялікі жаль для калгасных прапагандыстаў у расейскіх архівах захаваўся тэкст тэлеграфных перамоваў наркама нацыянальнасьцяў Сталіна і Мяснікова, пагромшчыка Першага Ўсебеларускага зьезду. Пасьля ўцёкаў падчас нямецкага наступу ён заснаваў ў Смаленску гэтак званы "Облисполкомзап". Месца было ціхім і спакойным, пакуль не адстукаў тэлеграф сталінскія словы: "ЦК партии решил по многим соображениям, о которых теперь говорить не приходится, согласиться с белорусскими товарищами на образование Белорусского советского правительства". Мяснікоў быў проста агаломшаны - гэта што, уладу адбіраюць? Але таварыш Сталін супакоў - ЦК яшчэ і Літоўскую рэспубліку стварае, і ў тым нічога нечаканага няма: "Практически это нужно понять так, что работающие в Облисполкомзапе партийные товарищи должны будут разделиться на две группы по указанным ветвям".

Вось і ўся "слаўная гісторыя". Шчыра і адкрыта. І гэтая бюракратычная валтузьня ў межах адной канторы - той самы "агонь", у якім гартавалася савецкая рэспубліка?..

Колькі-б ні стаялі мы на гістарычным раздарожжы, а выбіраць усё-ж давядзецца. Рана ці позна, а трэба вызначыць, з якога мы вытоку - з БНР ці БССР. І гэта розныя шляхі. Адзін - у супольнасць эўрапейскіх народаў. Другі - у імпэрскую правінцыю, у нябыт.

25 сакавіка, дзевяностыя ўгодкі БНР. Слова "юбілей" і ўвогуле варта было-б вынесьці за дужкі. Напэўна, не просталінейных урачыстасьцяў чакалі-б у гэты дзень ад сваіх нашчадкаў тыя, хто ў ліхалецьце ратаваў Краіну Беларусь. А найперш разуменьня таго, што дзяржаве нашай ужо тысяча гадоў. І мы памятаем тое і шануем. І плошча, поўная няскораных, вольных людзей, сакавіцкага ветру і нашых сьцягоў - гэта ня проста прыкмета вялікага сьвята. Гэта наш выбар.

Выбар назаўсёды.


Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.
Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005
Хостынг — 1and1
Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы