Сьв. памяцiЯзэп САЖЫЧ (05.ІХ.1917 - 19.ХІ.2007)
Яшчэ пару тыдняў перад сьмерцю 90-гадовы др. Язэп Сажыч, кволы целам, але моцны духам і розумам, тэлефанаваў сваім знаёмым, каб падзякаваць за віншаваньні, пагаварыць, паўспамінаць, пажартаваць. Цешыўся сям'ёй - дзецьмі і ўнукамі. Жыццьцё ягонае, што пачалося ў вёсцы Гарадэчна на Наваградчыне, было багатае дасягненьнямі, прыгодамі, вынікамі працы на прафэсійнай і грамадзкай ніве. Сьціплае сялянскае паходжаньне, польская й беларуская школа, ваенная акадэмія, польска-нямецкі фронт, уцёкі з палону, афіцэрства ў беларускім войску, падпольная дзейнасьць у часе нямецкай акупацыі, вышэйшая мэдыцынская асьвета ў Нямеччыне, доктарская праца ў Амэрыцы. Праз усе гэтыя фазы Язэп Сажыч заставаўся верны ідэалам маладосьці - справе нацыянальнага вызваленьня й адраджэньня Беларусі. На эміграцыі ў Амэрыцы ён быў адным з арганізатараў грамадзкага й рэлігійнага жыцьця ў Дэтройце. У гадох 1982-1997 займаў стано вішча Старшыні Рады БНР. У 1993 годзе наведаў Беларусь, сустракаўся зь дзяржаўнымі дзеячамі, узважваў прапанову перадаць ураду РБ паўнамоцтвы Старшыні Рады БНР, але прыняў разумную пастанову чакаць да поўнай незалежнасьці Беларусі.
Пра адыход з жыцьця Язэпа Сажыча паведамілі радыё "Свабода" й "Наша Ніва". Апошняя апублікавала ўспамін нябожчыка з кнігі Аляксандра Адзінца "Паваенная эміграцыя: скрыжаваньні лёсаў". Нэкралёгі пра яго зьмясьцілі газэты New York Times (November, 23) і Home News Tribune (NJ, November 25). Паніхіда па нябожчыку была адслужаная ў Дэтройце, дзе ён жыў апошнім часам, а пахаваньне адбылося ў Гайленд-Парку (Нью-Джэрзі) ў царкве Маці Божай Жыровіцкай. Пакрытую бел-чырвона-белым сьцягам труну несьлі сын і ўнук нябожчыка, абодвы зь імём Язэп, ды былыя супрацоўнікі.
Абрад пахаваньня выканаў настаяцель царквы а. Зінові Жалобак. Памінкі прайшлі ў саўт-рывэрскім Беларуска-Амэрыканскім Цэнтры. Сям'я - сын з жонкай і трыма дзяцьмі - сябры, знаёмыя ўшанавалі памяць памерлага. Сын-пастар, выкладчык тэалёгіі, які чатыры разы наведаў Беларусь, расказаў пра бацьку, ягонае паходжаньне, прыгоды ваеннага часу, адданасьць сям'і, зацікаўленасьць нацыянальнай справай, рэлігійным жыцьцём, палітычнай дзейнасьцю, культурнымі каштоўнасьцямі. На паховіны ня здолелі прыбыць хворая дачка Алена Тымэрман з дачкой Лёрэн.
Старшыня Рады БНР Івонка Суравілла, гаворачы пра жыцьцё нябожчыка, сказала: "Для гісторыкаў др. Сажыч застанецца прадстаўніком тае хвалі эміграцыі, якая сваёй ахвярнасьцю, сваім патрыятызмам і вытрываласьцю захавала для беларускага народу той скарб, якім ёсьць і сёньня Рада БНР. Тыя ідэалы, якія будуць трымаць нас на духу, так доўга, пакуль край наш ня станецца той Беларускай Дэмакратычнай Рэспублікай, за якую змагаліся й ваявалі нашыя продкі. За гэта доктару Сажычу, Старшыні Рады БНР ў экзылі, належыцца нашая ўдзячнасьць і нашая пашана".
Успамінамі пра памерлага падзяліся др. Алла Орса-Романо й старшыня БАЗА Вячка Станкевіч. Янка Запруднік, зьвяртаючыся да сям'і нябожчыка, сказаў пра патрэбу сабраць архіўны матэрыял пра яго й аддаць у надзейнае сховішча для доступу будучым гісторыкам.
Усяго пра чалавека ніколі ня знаеш. Некаторыя прысутныя даведаліся толькі ў дзень пахаваньня, што ён быў аўтарам песьні, якую моладзь сьпявала ў ваенным і паваенным часе на эміграцыі - "Падняты родны сьцяг дзяржавы". Пад гэтым сьцягам ды пад гукі жалобнага маршу "Сьпі пад курганам герояў" Язэп Сажыч і быў пахаваны 27 лістапада на беларускім могільніку ў Іст-Брансўіку (штат Нью-Джэрзі) побач з жонкай Барбарай. Вечная яму памяць. (Я.З.)
Мітрапаліт ІЗЯСЛАЎ (22.I.1926 - 26.XI.2007)
Супачыў у Богу 26 лістапада 2007 году Першагерарх Беларускай Аўткефальнай Праваслаўнай Царквы рэлігійны і грамадзкі дзеяч беларускай грамады ў ЗША і Канадзе Мітрапаліт Ізяслаў (Іван Бруцкі).
Уладыка Ізяслаў нарадзіўся 22 студзеня 1926 году ў вёсцы Белавуша на Століншчыне, у шматдзетнай сялянскай сям'і. Хадзіў у польскую і два гады ў савецкую школы, дапамагаў бацькам у сялянскай працы.
Бацька, Мікалай Бруцкі, меў вялікую гаспадарку, абіраўся на пасады мясцовага самакіраваньня. У 1940 годзе бацька быў кінуты расейцамі ў турму, а пасьля вывезены ў Казахстан.
У 1943 годзе Іван Бруцкі быў вывезены на працу ў Нямеччыну. Пасьля вайны, пазьбегшы прымусовай рэпатрыацыі, скончыў у Нямеччыне гімназію. У 1947 годзе выехаў у Канаду, у Вініпэг, дзе знайшоў працу. У 1949 годзе дапамог прыехаць у Канаду свайму бацьку, які з казахстанскай высылкі трапіў у армію Андэрса і апынуўся па вайне ў Афрыцы.
У 1954 годзе Іван Бруцкі здабыў дыплём інжынэра ў Манітобскім унівэрсытэце. Разам з бацькам браў актыўны ўдзел у беларускім грамадзкім і рэлігійным жыцьці ў Таронта, быў старшынём Згуртаваньня Беларусаў Канады. Пасьля пераезду ў 1962 годзе ў ЗША працаваў у Дэтройце, быў старшынём дэтройцкага аддзелу БАЗА, быў актыўны ў Камітэце Паняволеных Народаў і этнічнай групе Рэспубліканскай партыі. Пераехаўшы працаваць у Лёс-Анжэлес, узначаліў мясцовы аддзел БАЗА. У 1969 годзе пераехаў у Кліўленд, дзе таксама далучыўся да грамадзкай працы, стаў старшынём парахвіяльнае рады царквы Жыровіцкай Божае Маці БАПЦ.
Вярнуўшыся ў 1971 годзе ў Дэтройт, Іван Бруцкі актыўна працаваў на пасадах скарбніка, сакратара, а затым старшыні парахвіяльнай рады. У якасьці дзяка браў удзел у адправе Божых службаў. У 1972 годзе Іван Бруцкі быў абраны сябрам Рады БАПЦ і дэлегатам Сабору БАПЦ, які адбыўся ў Гайленд-Парку, Нью-Джэрзі.
Адчуваючы сьвятарскае пакліканьне, 29 красавіка 1979 году Іван Бруцкі быў усьвячаны сьв. пам. Мітрапалітам Андрэем на дыякана, а 26 жніўня таго-ж году архіяпіскапам Мікалаем высьвечаны на сьвятара.
Архімандрыт Іван Бруцкі быў з манаскім імём Ізяслаў хіратанізаваны 22 лютага 1981 году ў япіскапскую годнасьць у царкве-помніку сьв. апостала Андрэя Першпакліканага (Баўнд-Бруку, Н.-Дж.) Мітрапалітам БАПЦ Андрэем, Мітрапалітам УПЦ Мсьціславам (пазьней першым Кіеўскім Патрыярхам), і архіяпіскапам УПЦ Арэстам.
У траўні 1983 году на Трэцім Саборы БАПЦ у Манчэстэры (Англія) япіскап Ізяслаў стаў галавой БАПЦ, атрымаўшы тытул мітрапаліта.
Уладыка напрацягу двух дзесяцігодзьдзяў кіраваў парафіямі БАПЦ па сьвеце, асабіста адпраўляў рэгулярныя Божыя службы ў Саборы сьв. Кірылы Тураўскага ў Брукліне (Нью-Ёрк), прадстаўляў БАПЦ у беларускай грамадзе па ўсім сьвеце і ў зносінах з братнімі цэрквамі, часта рабіў пастырскія візыты, а ў 1998 годзе, падчас наведаньня Ўкраіны, меў нагоду правесьці некалькі гадзін на зямлі Бацькаўшчыны.
Да 2003 года Ўладыка ўзначальваў адну зь дзьвюх галінаў БАПЦ, а пасьля аб'яднаўчага царкоўнага сабору 2003 году стаў начале аб'яднанай БАПЦ.
У апошнія гады, дзеля цяжкое хваробы, Уладыка адыйшоў ад актыўнага кіраваньня, што было скарыстана непрыяцелямі Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы і беларускага народу.
Пахаваны Ўладыка Ізяслаў 1 сьнежня 2007 году на беларускіх могілках у Іст-Брансўіку, Нью-Джэрзі.
Кастусь МЕРЛЯК (25.ХІІ.1919 - 25.ХІ.2007)
Жыцьцё ягонае, за выняткам апошніх 12 гадоў нямогласьці, было поўнае дзеяньня на палітычнай і грамадзка-рэлігійнай ніве ў пяцёх краінах. Шлях пралёг з роднае Наваградчыны ў Нямеччыну, Італію, Аргентыну (1944-54) ды Злучаныя Штаты Амэрыкі (з 1954).
Праз усё жыцьцё нябожчык выяўляў энэргію й працавітасьць як у прафэсійнай дзейнасьці бухгальтара, а тады - фінансавага кантралёра вялікай вадаплаўнай кампаніі, гэтак і ў грамадзкіх справах. Кастусь Мерляк пакінуў трывалыя вынікі ў гісторыі беларускай паваеннай эміграцыі ў краінах ягонага прабываньня. Заснавальнік і старшыня Згуртаваньня Беларусаў Аргентыны, старшыня Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня, а пасьля - Беларуска-Амэрыканскага Аб'еднаньня ў Нью-Ёрку ды іншых грамадзкіх структураў, ініцыятар і ўдзельнік розных палітычных праектаў. Ва ўсёй гэтай дзейнасьці, пры ягонай напорыстай натуры, не абыходзілася бяз спрэчак і канфліктаў, але канчальнай мэтай заўсёды заставалася дабро нацыянальнай справы.
Сьляды "жыцейскіх бураў" засталіся ў падшыўках багатага асабістага архіву, які ён мэтадычна зьбіраў, ды на старонках шматлікіх публікацыяў. Біяграфічная даведка пра Кастуся (Канстанціна) Мерляка зьмешчана ў "Энцыклапедыі гісторыі Беларусі" (т. 5, Мінск, 1999), у якой сказана пра яго: "беларускі грамадзка-палітычны дзеяч у эміграцыі... Аўтар артыкулаў па гісторыі бел. эміграцыі, пытаньнях культуры, рэлігіі, грамадзка-палітычнага жыцьця Беларусі". Там-жа названа ягоная кніга "Дзейнасьць Кастуся Мерляка на эміграцыі" (Нью-Ёрк, 1992). У бібліяграфіі Вітаўта й Зоры Кіпеляў "Belarusian Publishing in the West" (New York - Warsaw, 2006) пад прозьвішчам К. Мерляка 29 бібліяграфічных спасылак. Шмат з друкаванае спадчыны нябожчыка раскідана па эміграцыйнай і айчыннай пэрыёдыцы. Прыкладам, у нумарох менскай "сацыяльна-экалягічнай газэты" "Набат" (№№ 7 /47/ - 11/51/, люты-сакавік 1992) была апублікавана Мерлякова востра палемічная "ВОДПАВЕДЗЬ" з па дзагалоўкам "Хто каго мае судзіць?" У ёй ён аргумэнтавана запярэчыў паклёпам камуністычнай прапаганды на беларускую паваенную эміграцыю ды на ўвесь нацыянальна-вызвольны рух. Архівы й друкаваная спадчына Катуся Мерляка могуць стацца добрай асновай для напісаньня грунтоўнай манаграфіі пра адну з плённых постацяў беларускай гісторыі.
Пра сьмерць Кастуся Мерляка як пра заслужанага дзеяча паведамілі радыё "Свабода" й газэта "Наша Ніва", падалі біяграфічныя весткі пра яго.
Паховіны адбыліся 28 лістапада. У Рычманд-Гіле (частка гораду Нью-Ёрку) у царкве сьв. Кірылы Тураўскага, у пабудове якой нябожчык адыграў вядучую рою й прыхаджанінам якое ён быў, а. Васіль Андраюк адслужыў паніхіду й адпяваньне. Зь Нью-Ёрку цела прывезьлі на беларускі могільнік ў Іст-Брансўіку, штат Нью-Джэрзі, дзе абрад пахаваньня выканаў а. Зінові Жалобак.
За памінальнымі сталамі ў Саўт-Рывэры сям'я - удава Ганна, сыны др. Юліян, др. Даніла й Вінцэнт з жонкамі, ды прыяцелі ушанавалі памерлага ўспамінамі пра яго. Сын Даніла даў нябожчыку характарыстыку чалавека адданага палітыцы, рэлігіі, сваёй грамадзе й сям'і, расказаў, як яны з бацькам наведвалі Беларусь у 1992 годзе, якія шчодрыя й зацяжныя былі застольлі з сваякамі, як бацька сустракаўся зь дзяржаўнымі й рэлігійнымі дзеячамі, палітыкамі, літаратарамі. Прамоўца падзякаваў таксама сваёй маці, якая аддана апекавалася мужам на працягу ягонае хваробы. Прамаўлялі таксама Ларыса Клінцэвіч, Янка Запруднік, Вячка Станкевіч, Васіль Шчэцька. Вечная памяць памерламу.
(Я.З.)
Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.