| | | | Аб’яўленьне незалежнасьці БеларусіЗянон ПАЗЬНЯК, Старшыня БНФ “Адраджэньне” і КХП–БНФВяршыняй палітыкі Беларускага Народнага Фронту было аб’яўленьне Незалежнасьці Беларусі 25 жніўня 1991 году. Гэта была вялікая падзея ХХ стагоддзя ў жыцьці нацыі. Першае гістарычнае аб’яўленьне незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі адбылося 25 сакавіка 1918 году, але ўжо ў сьнежні таго-ж году краіна была стлумлена расейскай бальшавіцкай акупацыяй, якая працягвалася 73 гады.
Барацьба за незалежнасьць супала са змаганьнем супраць камунізму і КПСС. Гэтая акалічнасьць дапамагала сабраць значныя сілы і падтрымку людзей, хоць у цэлым беларускае савецкае грамадзтва і савецкія эліты былі слаба падрыхтаваныя да незалежнай палітыкі. Пакаленьні людзей былі выхаваныя ў сфэры савецкай прапаганды і зрусіфікаванай, скамунізаванай школы.
Беларуская нацыянальная інтэлігенцыя і нацыянальная адміністрацыя былі фізычна вынішчаныя расейскімі камуністамі за часы сталінскага генацыду і пасьлядоўна тлуміліся ў пасьлясталінскія часы. Акупанты ўжо ў 60-х гадах мінулага стагодзьдзя зачынілі ў Менску ўсе беларускія школы. Адбывалася татальнае вынішчэньне нацыянальнай культуры і яе лепшых прадстаўнікоў.
У гэтакіх умовах пачыналася змаганьне з камунізмам і акупацыяй. Узначаліў гэтую барацьбу Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне”, створаны ў 1988 годзе. Рашаючае значэньне меў прарыў праз выбарчыя рагаткі ў парлямэнт невялікай часткі фронтаўцаў на выбарах 1990 году. Адразу-ж на пачатку дзейнасьці таго савецкага парлямэнту, дзе было амаль 90 адсоткаў камуністаў, дэпутаты-фронтаўцы стварылі парлямэнцкую апазыцыю БНФ і прапанавалі праект Дэклярацыі аб незалежнасьці. Дэклярацыя была заваленая камуністамі. Але праз некалькі месяцаў фракцыя БНФ удала скарыстала маніпуляцыю Гарбачова з сувэрэнітэтам рэспублікаў СССР (калі Гарбачоў рыхтаваў новы саюзны дагавор) і, ужываючы бліскучую парлямэнцкую тактыку, дамаглася прыняцьця Дэклярацыі аб сувэрэнітэце Беларусі, тэкст якой таксама амаль цалкам падрыхтавалі дэпутаты-фронтаўцы.
У жніўні 1991 году, пасьля правалу маскоўскага камуністычнага путчу, гэтая Дэклярацыя была скарыстаная апазыцыяй БНФ для канстытуцыйнага афармленьня незалежнасьці. Выкарыстаўшы страх і разгубленасьць камуністаў пасьля правалу путчу, дэпутаты-фронтаўцы, якіх было толькі восем адсоткаў у парлямэнце, зноў дастасавалі бліскучую тактыку і прымусілі камуністычны парлямэнт зьмяніць старшыню парлямэнту (камуніста Дземянцея), спыніць дзейнасьць камуністычнай партыі Савецкага Саюзу і камсамолу ў Беларусі і галоўнае – прагаласаваць за незалежнасьць краіны ад СССР. Гэта быў трыюмф дэпутатаў Народнага Фронту. Тысячы людзей стаялі на плошчы пад вокнамі Вярхоўнага Савета і падтрымлівалі незалежнасьць.
Такім чынам незалежнасьць Беларусі ў канцы ХХ ст., дзякуючы рашучым і беспамылковым дзеяньням, адваяваў і вярнуў нешматлікі беларускі палітычы авангард – дэпутацкая апазыцыя Беларускага Народнага Фронту, якая абапіралася на падтрымку структураў БНФ і перадавую, сьведамую частку беларускага грамадзтва.
Далейшае нацыянальнае дзяржаўнае будаўніцтва адбывалася зь вялікімі цяжкасьцямі, бо засталася старая камуністычная ўлада, якая цягнула назад – у СССР; і другое – беларускае грамадзтва ў цэлым не сасьпела яшчэ да разуменьня каштоўнасьці свабоды і незалежнасьці і да разуменьня задачаў нацыянальнага дзяржаўнага будаўніцтва.
Авангард павіс у заваяванай ім крэпасьці і без падтрымкі высільваўся, каб яе ўтрымаць. Асноўная маса людзей пасіўна была на баку Фронту і спакойна назірала, што адбываецца.
Пералом настаў у кастрычніку 1992 году, калі кіруючая былая камуністычная намэнклятура незаконным чынам спыніла правядзеньне рэфэрэндуму аб зьмене ўлады і магчымасьці новых выбараў.
Працэсы, якія адбываліся пасьля 1992 году – гэта ўзмацненьне прысутнасьці і ўплыву КГБ ва ўсіх сфэрах улады ў Беларусі і амаль непрыкрытая інфільтрацыя расейскіх спэцслужбаў у дзяржаўнае і грамадзкае жыцьцё краіны. Гэтыя спэцслужбы і КГБ падрыхтавалі прыход Лукашэнкі да ўлады і стварэньне цяперашняга прамаскоўскага антыбеларускага рэжыму, які характарызуецца адметнымі рысамі рэжыму ўнутранай акупацыі.
* * *
Вяртаючыся да тых гадоў беларускай нацыянальнай рэвалюцыі ці Беларускага Адраджэньня (1988—1995 гг.), мушу адзначыць факт сапраўднай міжнароднай салідарнасьці ў тыя часы, найперш паміж Беларусяй, Украінай, Польшчай і Летувой. Гэта значыць паміж краінамі Ўсходняй Эўропы і Польшчай, фактычна, паміж краінамі Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай.
Гэты факт далёка не выпадковы і вельмі сымптаматычны, бо відавочна, што Ўсходняя Эўропа – гэта была і ёсьць цалкам асобная культурная, эканамічная і геапалітычная тэрыторыя.
Ідэя Беларускага Народнага Фронту пра Балта-Чарнаморскую супольнасьць бянтэжыла і Маскву, і Захад. Пазьней з ініцыятывы Польшчы гэтая ідэя перарасла ў канцэпцыю Міжмор’я, куды ўлучалася і Цэнтральная Эўропа.
Пасьля ўступленьня Польшчы ў Эўразьвяз гэтая канцэпцыя фармальна стала часова неактуальнай. Але яна нікуды ня зьнікла, бо адпавядае глыбіннай сутнасьці дачыненьняў і падзелаў на эўрапейскім кантыненце. Далейшыя чакаемыя перамены на Ўсходзе і на Захадзе (развал Эўразьвязу) ужо ў бліжэйшай будучыні ажывяць натуральныя працэсы ўсходнеэўрапейскай салідарнасьці, якія дэкляруюць больш дасканалае і натуральнае грамадзтва, чым тое, якое цяпер прапагандуе Захад і прапануецца ў Эўразьвязе. Усходняя Эўропа патрабуе больш дастасаванага і жыцьцёвага грамадзтва, таксама – рэальнага сувэрэнітэту і рэальнай свабоды грамадзянаў ва ўласнай краіне. Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.
| | Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005 Хостынг — 1and1 Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы |
| | |