| | | | Прэзэнтацыя альманаху “Беларус”Прысутны14 кастрычніка ў залі пры саборы сьв. Кірылы Тураўскага ў Нью Ёрку адбылася прэзэнтацыя альманаху “Беларус 2007”, на 200 старонках якога зьмешчаныя творы 18 аўтараў зь 9 краінаў сьвету.
Распачаў імпрэзу рэдактар газэты “Беларус” і аўтар ідэі выданьня альманаху Марат Клакоцкі. Ён падзякаваў усім, хто спрычыніўся да выданьня, і ў прыватнасьці др. Я. Запрудніка, які фінансава падтрымаў друк. Але найперш слова ўдзячнасьці належыцца самім аўтарам, што адгукнуліся на заклік газэты й даслалі свае творы, – як пачаткоўцы, гэтак і ўжо знаныя пісьменьнікі. На старонках альманаху зьмешчаныя рознажанравыя творы Ніны Аксёнчык, Віталя Воранава, Яны Ліцьвінавай, Макса Шчура (Чэхія), Станіслава Бабкевіча (Латвія), Ірыны Варабей, Пётры Мурзёнка (Канада), Зьміцера Давыдзенкі (Масква), Віталя Зайкі, Сяржука Сокалава-Воюша (Нью-Ёрк), Янкі Запрудніка, Вольгі Прысмыцкай (Нью Джэрзі), Антося Зелянкоўскага, (Флёрыда), Віктара Кавалеўскага (Аўстралія), Пятруся Капчыка, Іны Снарскай (Украіна), Анатоля Маўчуна (Польшча). Напрыканцы свайго выступу Марат Клакоцкі запэўніў, што альманах мае выдавацца штогод, а таму прэзэнтацыю альманаху-2007 можна лічыць пачаткам збору матар’ялаў для альманаху-2008.
Наступным слова меў дырэктар Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва др. Кіпель. Ён распавёў прыстуным пра традыцыю выданьня падобных анталёгій на эміграцыі, і сярод папярэднікаў “Беларуса” назваў гэткія прыкметныя ў гісторыі беларускай культуры друкі, як альманах “Беларусь” пад рэдакцыяй Рудольфа Абіхта (1919), “Замежная Беларусь” Пётры Крэчэўскага (1926), “Ля чужых берагоў” Станіслава Станкевіча (1955) ды іншыя. Зьвярнуўшыся да ўласнай біяграфіі, др. Кіпель адзначыў важнасьць беларускага друкаванага слова ў выхаваньні моладзі, асабліва цяпер, калі клясычны правапіс, так званая “тарашкевіца”, зноў апынуўся пад пагрозаю забароны.
Пасьля выступаў Лявон Юрэвіч, які ў свой час таксама рэдагаваў газэту “Беларус”. Згадваючы няпростую сытуацыю з кадрамі на эміграцыі, нават у такой немалой грамадзе ў Нью Ёрку, ён зазначыў, што прасьцей напісаць кнігу – і выдаць яе, з дапамогаю рэдактара, карэктара, мастака, выдаўца, як штомесяц аднаму рабіць газэту. І таму ён віншаваў М. Клакоцкага з такім плёнам – і ўсіх людзей слова па-за межамі Беларусі, бo цяпер яны маюць сваю пляцоўку для самавыяўленьня. Падобны альманах, на думку Л. Юрэвіча, значыць болей для сьведчаньня нашай прысутнасьці, як маніфэстацыі перад ААН.
Напрыканцы было дадзена слова аўтарам альманаху. Зразумела, далёка ня ўсе маглі ўзяць удзел у прэзэнтацыі. Але прысутныя В. Зайка й С. Сокалаў-Воюш цікава гаварылі пра ўласную творчасьць, пра гісторыю зьмешчаных пад вокладкаю “Беларуса” твораў. Гэтак, Сокалаў-Воюш распавёў, што выдрукаваны пераклад В. Набокава быў выкананы некалькі год таму, але ніводнае выданьне ў Беларусі не пагадзілася яго друкаваць. Мабыць, занадта пазнавальныя алюзыі ў расейскага пісьменьніка-эмігранта на падзеi ў сучаснай Беларусі.
Пасьля прэзэнтацыі прысутныя маглі набыць асобнік альманаху “Беларус” і, карыстаючыся нагодаю, узяць аўтографы ў аўтараў. Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.
| | Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005 Хостынг — 1and1 Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы |
| | |