Рассылка

Апытаньне



 
№570 ВЕСТКІ Маладзёвая бачынаАб’явыПрэмія ЮхнаўцаКрама
Гармонія (нарыс)

Данута ЛЕБЕДЗЕВА

Восеньскае сонейка сьвяціла неяк асабліва ярка. Яно нібыта даравала свае фарбы расьлінам, а Яны ўспрымалі гэты падарунак весела, радасна ператвараючыся ў сонечныя водблескі. Блакіт неба бязьмежным фонам распасьціраўся навокал. Ён быў галоўным чараўніком, бо менавіта на Яго нябеснай аснове дрэвы, хмызы, кветкі выглядалі вельмі ўрачыста. Прыгажосьць ня толькі бачылася, Яна адчувальна струменілася з самых глыбокіх крынічак падсьвядомасьці і пацьвярджалася вось тут, у рэальнасьці. Чароўнасьць восеньскай прыгажосьці таксама ў тым, што яна нерукатворная. Хоць гэта ня вельмі дакладна, бо ўсе-ж такі дрэвы садзіў менавіта чалавек. Вось яшчэ-б чалавек і зьвяртаў увагу, бачыў, успрымаў і дзякаваў прыродзе за суаўтарства стварэньня гэтай прыгажосьці. Хараство восеньскага дзянька – гэта адчуваньне цяпла ня толькі фізычнага, але і душэўнага – наогул усялякага.

Хлопчык гадоў пяці бегаў вакол дрэваў па дыване з апалых сухіх лісьцяў. Ён падскокваў, падкідваў іх угору і ўтвараў вакол сябе нейкі целы віхар з каляровых лісткоў. Вецер таксама быў удзельнікам гэтай гульні, ён падхопліваў лістоту, і яна кружыла над хлопчыкам, шапацела пад ягонымі нагамі, нібыта размаўляла зь ім. Гэты-ж гарэза няўпынна нешта шчабятаў у адказ. Стваралася прыгожая гармонія паміж чалавекам і прыродай. Адчувалася агульнае адзінства, якое немагчыма дзяліць на часткі.

Але неўзабаве штосьці прыцягнула ўвагу хлопчыка. Ён падыйшоў да групкі людзей, якія размаўлялі між сабой. Некалькі хвілін хлопчык стаяў нерухома, што было вельмі нязвыкла для ягоных паводзінаў. Ён уважліва слухаў і глядзеў на незнаемых людзей.

Што магло так зацікавіць гэтага гарэзу?

– Ну, зараз прыбяжыць с чарговымі пытаньнямі, накшталт, а ці можаш купіць мне вось гэтага пакемона ці чалавека-павука? – падумала маці хлопчыка. Ад такіх думак ёй рабілася неяк вусьцяшна на душы. Хоць хлопчык вельмі старанна тлумачыў, чаму гэтыя цацкі добрыя, але ёй чамусьці хацелася назваць іх нейкімі пачварамі.

Хутка хлопчык прыбег да маці і вельмі эмацыйна пачаў тараторыць:

– Мама, мама там говорят так… так, что прямо вот от сюда, - і ён паказваў ручкамі на сэрца, то аднімаў, то прыкладваў іх да грудзей.

– Там говорят так, как наша бабушка.

Вочкі ягоныя сьвяціліся асаблівым сьвятлом. Не, цяперашнія цацкі ня могуць выклікаць гэткага сьвятла.

Подыйшоўшы бліжей, маці з сынам убачылі групу людзей, якія вялі гаворку на беларускай мове.

* * *

Вечарам, кладучыся спаць, хлопчык прыслухаўся і, почуўшы з радыёэтэру голас дыктара ўжо сам на сваей роднай мове сказаў:

– Чуеш, там гавораць так, як на вуліцы мы чулі.

– Добрай ночы, мой хлопчык, я цябе вельмі люблю.

Гэта вельмі добра, калі глядзіць – і бачыць, слухае – і чуе.


Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.
Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005
Хостынг — 1and1
Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы