Рассылка

Апытаньне



 
№570 ВЕСТКІ Маладзёвая бачынаАб’явыПрэмія ЮхнаўцаКрама
“Аляксандра і Канстанцін”: жыцьцё зь любоўю да беларускай песьні
Нашая фанатэка

Анатоль МЯЛЬГУЙ, музычны аналітык

Аляксандра & Канстанцін. Аўтаномная НавігацыяВядома, які моцны псыхалягічны прэсінг вытрымоўваюць незалежные беларускамоўныя выканаўцы цяперашнім часам. Ім бракуе канцэртаў, сродкаў на выданьне дыскаў і відэа-кліпаў, неаобходных для прамоцыі альбомаў. Іх ігнаруюць дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі. Галоўная небясьпека тоіцца ў тым, што існуюць так званыя “чорныя сьпісы”, у якія заносяць артыстаў, якія не выклікаюць даверу ў сёньняшніх уладаў. Хоць факт існаваньня гэтых сьпісаў чыноўнікамі адмаўляецца, але канцэрты, фэсты з удзелам “ненадзейных” музыкаў знаходзяцца пад заўсёдным кантролем нябачнага “старэйшага брата” альбо ўвогуле забараняюцца. Каб чаго ня выйшла…

Ня меншыя выпрабаваньні выпадаюць і на долю тых выканаўцаў, якія воляй лёсу, апынуліся па той бок ідэалягічных барыкадаў, што паўсталі апошнім часам па ўсіх кірунках нацыянальнай культуры. Асабліва гэта актуальна для тых “дзяржаўных” артыстаў, каму сумленьне не дазваляе прыніжацца ды, як казаў У. Караткевіча, “схіляць галаву ніжэй плахі”. А такое назіраецца цяпер паўсюдна ў асяродзьдзі апалягетаў так званай “белорусской эстрады”, ці дакладней, другасных эпігонаў расейскай папсы. Адзін перадвыбарны агіт-канцэрт “За Беларусь!” чаго варты: ганьба і сьмех на ўсю Эўропу!

І зноў-жа, усё залежыць ад сумленьня музыкаў: калі яно не здратаванае страхам, дык нават са сцэны дзяржаўных канцэртаў “За Беларусь!” можна прапагандаваць Беларускае Слова, лепшыя ўзоры нацыянальнага фальклёру, даводзіць, што ў беларусаў ёсьць ня толькі лапці ды песьні пра сумную долю, бо беларусам важна выглядаць маладымі, прывабнымі й таленавітымі, быць па-сучаснаму дынамічнымі. Як гэта атрымліваецца ўдзельнікам легендарнага беларускага фольк-дуэту “Аляксандра і Канстанцін” – адзіных беларускамоўных выканаўцаў сярод усёй шматнацыянальнай абоймы дзяржаўнай расейскамоўнай эстрады.

Такі стан дазваляе музыкам, знаходзячыся ў коле афіцыйных выканаўцаў, выконваць беларускую песьню, даводзіць слухачам тое, што ёсьць вартая альтэрнатыва таму другасортнаму шырспажыву, які дамінуе на дзяржаўнай поп-сцэне. Пра тое, што Алеся Кірсанава і Кастусь Драпеза робяць гэта з годнасцью, сьведчаць нязьлічоная колькасьць ляўрэацкіх званьняў шматлікіх эўрапейскіх конкурсаў і фэстаў. Толькі за апошнія гады дуэт “Аляксандра і Канстанцін” стаў ляўрэатам фэсту “Sunflower-2007”, што праходзіў у сэрбскім Белградзе, XV Міжнароднага конкурса выканаўцаў папулярнай-музыкі «Discovery 2006», якія адбыўся ў баўгарскай Варне. На ім Алеся Кірсанава была празнаная самай прыгожай і чароўнай сьпявачкай і была адзначаная супер-каштоўным прызам. А раней дуэт стаў ляўрэатам фэсту “Palangos Gaida 2005”, што прайшоў ў летувіскай Паланзе. На фэсьце “Астана 2003” у казахскай сталіцы музыкі сталі ляўрэатамі і атрымалі прыз за лепшую аранжыроўку песьні сваёй краіны (за беларускую народную песьню “Сена”, у аранжыроўцы К. Драпезы, А. Кірсанавай). У 2004 годзе “Аляксандра і Канстанцін” упершыню прадстаўлялі нашу краіну на Эўрабачаньні…

Што-ж так прываблівае слухачоў многіх краінаў Эўропы ў песьнях, якія выконвае “Аляксандра і Канстанцін”? На гэтае пытаньне адкажа апошні дыск дуэту, які выканаўцы назвалі “Аўтаномная навігацыя”. На дыску пад маляўнічай вокладкай слухачы знойдуць апрацоўкі беларускіх народных песень, аўтарскія стылізацыі, а таксама поп-рок-кампазыцыі на ангельскай мове. Зьяўленьне англамоўных песень музыкі тлумачаць патрабаваньнямі эўрапейскага музычнага рынку. Але гэтая акалічнасьць, на іх думку, не зьяўляецца брутальнай для агульнай творчай канцэпцыі дуэту. Беларускія песьні застаюцца крыніцай іх творчага натхненьня!

Па-сутнасьці, музычную афарбоўку кампазыцыяў дуэту можна разгалінаваць на некалькі важных аспэктаў. Першы – народныя песьні альбо апрацоўкі песень з аўтарскай музыкай выканаўцамі заўсёды аранжыруюцца ў стылістыцы world-music з суправаджэньнем і сола на акустычнай гітары, якімі славіцца гітарыст дуэту Кастусь Драпеза. Гэта надае кампазыцыям пранікнёнасьць, падкрэсьлівае прыродны мэлядызм беларускага фальклёру. Да таго-ж, жывыя інтрумэнты арганічна стасуюцца з арыгінальным тэмбрам голасу вакалісткі Алесі Кірсанавай. У гэтым можна ўпэўніцца, калі праслухаць іх вэрсіі народных песень “Рана на Івана” ды цудоўны “Сьвяты вечор”, аўтарамі музыкі да якіх зьяўляюцца ўдзельнікі дуэту. Цудоўным дапаўненням да музычнай канвы сталі мяккія сола на акарыне і вусным гармоніку. Гэтак Алеся дадавала сваю “жаночую ноту” да фольк-рокавых аранжыровак песень Кастуся Драпезы і сола стыль-гітары Віктара Малчанава.

Іншы аспэкт – абрадавыя рытмічныя кампазыцыі. Маю на ўвазе такія песьні альбому “Аўтаномная навігацыя”, як “Калядачкі, нашы нежачкі”, “А дзе была тая вуціца?”, “Ду-Ду, Да-Да” (музычная фантазія паводле калядкі “Саўка ды Грышка ладзілі дуду”)… У іх удала спалучаюцца сучасныя танцавальныя рытмы з эфэктамі электронных інструмэнтаў, кідкім мэлядызмам і вакальнымі экспэрымэнтамі Алесі Кірсанавай. Так, у рэпэртуары дуэту “Аляксандра і Канстанцін” зьяўляюцца гіты, якія трапляюць у радыё-фармат тутэйшых FM-станцыяў. Бяз гэтых песень іх этэр быў-бы цалкам небеларускамоўным…

А вось кампазыцыя паводле традыцыйнай беларускай песьні “Юр’я” выяўляе мелядычную і рытмічную стыхію даўгачаканага веснавога сьвята, у час якога “коні бушуюць, бо вясну чуюць!” Выконваецца гэта з фантазіяй і густам, каб песьня не губляла сваіх мэлядычных каранёў і несла слухачам энэргетыку сьветаадчуваньня нашых продкаў.

Не цураюцца музыкі рамантычных інструмэнтальных п’есаў, сярод якіх вылучаецца ўзьнёслая гітарная баляда “Па-за аблокамі” і лірычная польская песьня ў аранжыроўцы дуэта “Kalino-malino”, якую музыкі адмыслова рыхтавалі для фэстывальных выступаў у суседняй Польшчы.

Калі працягваць размову пра іншамоўныя кампазыцыі дуэта “Аляксандра і Канстанцін”, то тут вылучу вядомы ў Беларусі гіт “The Money & The Mountains”. Прывабная для слыху рок-баляда, запісаная ў клясычнай для такіх твораў гукавой атмасфэры. Аўтарам тэксту для яе стаў вядомы беларускі паэт і знаўца ангельскай мовы, супрацоўнік амбасады ЗША ў Беларусі Аляксей Саламаха. Мо таму гэты твор пазбаўлены моўнага прымітывізму, якім грашаць усе тутэйшыя ангельскамоўныя выканаўцы. Такая музычная якасьць часьцяком становіцца падставаю для блытаніны: маўляў, ня могуць так сьпяваць нашыя выканаўцы, занадта “заходні” гук на альбоме! “Віною” таму стаў удзел у запісе знаных інструмэнталістаў – басіста Аляксандра Каліноўскага, бубнача Аляксандра Сапегі (“Apple Tea”) і іншых выдатных беларускіх музыкаў.

Слухачы таксама зь цікавасьцю праслухаюць і іншыя песьні альбому – поп-рок-кампазыцыю “Stairs Of Separation”, лірычную калыханку “Eden Bound”, а таксама твор летувіскага аўтара R. Stanionio, які быў падрыхаваны для выступу на фэсьце “Palangos Gaida 2005”. Акрамя гэтага, дыск зьмяшчае шэраг бонус-трэкаў, у асноўным, ды-джэйскіх апрацовак вядомых кампазыцыяў дуэту…

Дуэт Аляксандра і Канстанцін

Як бачым, удзельнікі дуэту ўвесь час займаюцца папулярызацыяй нацыянальнага фальклёру, а зь ім і роднай мовы. Здавался-б, такім артыстам у краіне павінны быць адчыненыя ўсе дзьверы! Але, ня ўсё так проста. Бо пасьля вяртаньня з фэсту “Sunflower-2007”, адразу наўдагон за асабістым сьвятам, калі Алеся і Кастусь афіцыйна ўзялі шлюб і сталі жонкаю і мужам, музыкі былі звольненыя зь Дзяржаўнага аркестру пад кіраўніцтвам М. Фінберга, у якім працавалі доўгія гады. Гэтая навіна стала громам зь яснага неба і для музыкаў, і для шматлікіх прыхільнікаў творчасьці легендарнага дуэту. Слухачы не маглі зразумець, чаму так аднесьліся да артыстаў, якія так шмат зрабілі для папулярызацыі нацыянальнага фальклёру ў Эўропе! Тым ня менш, гэты факт даў шмат падставаў для асэнсаваньня лёсу творцы ў сучаснай Беларусі...

Цяпер музыкі імнуцца зноў знайсьці вартую працу ў сталіцы, каб зьдзейсьніць свае творчыя пляны. Калі гэта не атрымаецца, то сужэнцы вырашылі вярнуцца ў свой родны Барысаў і заняцца выкладаньнем у музычнай школе. У гэтым выпадку Беларусь страціць таленавіты калектыў, а ў Барысаве зьявіцца пара кваліфікаваных выкладчыкаў, якія не на словах любяць і ведаюць нацыянальны фальклёр і будуць прывіваць гэтае сьвятое пачуцьце беларускім дзеткам. І тут бачыцца аптымізм гэтай жыцьцёвай сытуацыі. Пажадем-жа і мы посьпехаў і творчага плёну знаным музыкам!


Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.
Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005
Хостынг — 1and1
Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы