Рассылка

Апытаньне



 
№570 ВЕСТКІ Маладзёвая бачынаАб’явыПрэмія ЮхнаўцаКрама
Нашая фанатэка
“Сузор’е” вярнулася зь “Песьняй пра зубра”

Анатоль МЯЛЬГУЙ, музычны аналітык

Ужо трэці год у раёне Раўбічаў, што пад Менскам, пад патранатам амбасады Злучаных Штатаў Амэрыкі праводзіцца рок-фэстываль “Амбасовішча”. Ягонымі ўдзельнікамі становяцца айчынныя выканаўцы і рок-гурты, для якіх выступы ў сваёй краіне – з розных прычынаў – вельмі праблематычныя.

На мінулагоднім “Амбасовішчы” своеасаблівы фурор выклікаў “камбэк” знакамітага беларускага рок-гурта “Сузор’е”. Гэтая каманда вядомая ў Беларусі з 60-х гадоў мінулага стагодзьдзя. І вось на “Амбасовішчы-2006” музыкі выканалі ўрыўкі зь вялікай рок-опэры паводле паэмы Міколы Гусоўскага “Песьня пра зубра”. Так, цяперака музыкі, якія назапасілі ня толькі выканаўчае майстэрства, але і жыцьцёвы вопыт, вырашылі зьвярнуцца не да хуткасьпелых гітоў савецкіх часоў, а да нечага сур’ёзнага, што ў свой час іх цікавіла, але не прымушала глянуць на свае творчыя праблемы глябальна.

Цяперака музыка “Сузор’я” да “Песьні пра зубра” загучала па-новаму – магутна, неардынарна і ў лад са зьместам паэмы. Вялікую ўвагу слухачоў прыцягнула вакалістка легендарнай каманды Нэлі Дзянісава, якая на “Амбасовішчы-2006” змагла выявіць патэнцыял твора, зьвярнуць увагу на глыбінныя псыхалягічныя нюансы рэнэсанснай паэзіі Міколы Гусоўскага.

З часоў панаваньня “Сузор’я” па-над усім беларускім рок-даляглядам прайшлі гады. А да іх вяртаньня быў фэст “Тры колеры”, які “сузорцы” выратавалі сваім уменьнем ладзіць з апаратурай. На хвалі посьпеху гэтага фэсту зьявілася новая генэрацыя беларускіх рок-выканаўцаў і зьмянілася само вызначэньне “беларуская рок-музыка”. А таму тое, што раней для многіх не ўяўляла каштоўнасьці, стала набыткам нацыянальнай культуры, як гэта здарылася з рок-опэрай “Песьня пра зубра”. Але цалкам такі статус твора “Сузор’я” можа замацавацца толькі тады, калі ў фанатэках беларусаў зьявіцца альбом з легендарнай кампазыцыяй. І гэты час блізкі: ужо зьявіліўся сыгнальны наклад рок-оперы “Песьня пра зубра” ў выкананьні гурта “Сузор’е”.

Некалькі слоў пра гісторыю стварэньня гэтага твора. У 1980 годзе “Песьня пра зубра”, салідны том якой толькі што пабачыў сьвет у выдавецтве “Мастацкая літаратура”, патрапіў у рукі музыкі “Сузор’я” Валянціна Пучынскага (які, нажаль, ужо памёр у ЗША). Валянцін адразу зразумёў патэнцыял паэмы, паказаў яго ўдзельнікам гурта і музыкі пачалі мэлядычную распрацоўку яе скразных тэмаў. У 1981 годзе ў творчым багажы музыкаў былі ўжо сур’ёзная напрацоўкі – кавалкі паэмы, якія яшчэ не былі зьяднаныя ў агульную канву. Праца над буйной музычнай формай, якую задумалі ўдзельнікі “Сузор’я”, працягвалася нават тады, калі над гуртом усё больш згушчаліся ідэалягічныя хмары. А гэта здарылася, паводле ўспамінаў музыкаў, у 1983 годзе. З гэтага часу праца над “Песьняй…” ідзе нашмат павольней і, нажаль, увогуле прыпыняецца. Але ідэя стварэньня рок-опэры працягвала жыць і чакала свайго зорнага часу!

Як сьцвярджаюць самыя музыкі, яны скарысталі час, “каб пасталець як музыкі, асобы і грамадзяне сваёй Айчыны”, каб ў ХХІ стагодзьдзі праца над “Песьняй пра зубра” працягнулася. Па-першае, у твора зьявілася лібрэта, аўтарам якога стаў супрацоўнік інфармацыйнай службы амбасады ЗША, паэт Аляксей Саламаха. Па-другое, завяршэньню працы над рок-опэрай узялася дапамагчы амбасада ЗША. Дарэчы, гэта ня першы прыклад такой супрацы на карысьць беларускай культуры. Узгадаем дапамогу А. Сасноўскаму ў здымках і выданьні DVD-дыска “Старыя інструмэнты Беларусі”. І вось новы дыск з рарытэтнымі запісамі ўжо можна патрымаць у руках, паслухаць на сваім прайгравальніку…

Дваццаціхвілінная рок-опэра распачынаецца лацінамоўным урыўкам з “Песьні…”, які названы “Excutit arbitrium res”. Нагадаю, што менавіта зь яго напісаньня Валянцінам Пучынскім і распачалася праца над “Песьняй пра зубра”. Выкананы твор акапэльна ў рэнесанснай манэры. Музыка і словы кампазыцыі зьяўляюцца філязофскім абгрунтаваньнем, пра што сьведчыць і наяўнасьць другой часткі “Excutit arbitrium res”, якая завяршае “Песьню пра зубра.” Тут неабходна заўважыць, што ў запісе гэтых твораў быў задзейнічаны цэлы хор вакалістаў, кіравала якімі вакалістка гурта Нэлі Дзянісава.

У якасці інтрадукцыі музыкі выбралі тэкст уводнай часткі паэмы. Эмацыйным фонам да радкоў паэмы гучыць спачатку ціхая, вытанчаная музыка, якая нагадвае па мэлёдыцы “Полацкі сшытак”. Затым музычная стыхія кампазыцыі атрымоўвае разьвіцьцё ўжо сродкамі рок-музыкі.

“Ліст да каралевы Боны” і аб’яднаная зь ім кампазыцыя “Тварыць загадалі мне песьню” працягвае паэтычна-філязофскую тэму М. Гусоўскага, у якой аўтар выказвае манаршай асобе свае погляды на розныя жыцьцёвыя зьявы, ці кажучы сёньняшняй тэрміналёгіяй, робіць “пастаноўку” тэмы. Музычная стыхія гэтай часткі “Песьні пра зубра” ў выкананьні “Сузор’я” – павольная, мэлядычная і сузіральная. Але гэта абманлівае ўражаньне: наступная кампазыцыя “Бойка быкоў” ужо стоадсоткава рок-твор з сола электрычных гітараў, экспрэсіўным рок-вакалам Н. Дзянісавай і памятнымі з школьных гадоў радкамі: “Неяк у Рыме пры сьціжме людзей незлічоных/ Сьведкам відовішча быў я…”

Адная з самых дынамічных кампазыцыяў рок-оперы “Песьня пра зубра” прысьвечаная волату лясоў Вялікага княства Літоўскага і называецца адпаведна “Зубр” (кампазыцыя А. Казлоўскага). Твор малюе вобраз валадара пушчаў ня толькі дужым, але і вольналюбівым, разумным зьверам. Дзеля гэтага выкарыстоўваюцца і адпаведныя музычныя сродкі, пазычаныя з арсэналу гард- і арт-року. Тут ужо ёсьць і віртуозныя сольныя партыі А. Казлоўскага, і паліфанічныя партыі клявішных інструмэнтаў А. Несьцяровіча, абавязковая “цяжкая” рытм-сэкцыя.

Але эмацыйны пік “Песьні пра зубра” – кампазыцыя “Родны мой край” – своеасаблівы гімн роднай зямлі, і ў той-жа час спадзяваньне на яе лепшую долю. Кампазыцыяў патрыятычнай тэматыкі “пра родную зямельку”, сапраўды, створана шмат. Але ня часта яны сваім зьместам могуць адпаведна выказаць пачуцьці да Беларусі, яе мовы й гісторыі. “Родны мой край” у выкананьні “Сузор’я” – радаснае выключэньне. І гэтую яскравасьць, памятаю, добра адчулі слухачы “Амбасовішча”, калі песьня прагучала ў выкананьні сучаснага складу гурта. Вось тады ўсе паверылі, што “Сузор’е” вярнулася ў кантэкст беларускай культуры!

Відавочным драматызмам адрозьніваецца, як і ў арыгінале паэмы Міколы Гусоўскага, кампазыцыя “Паляваньне”. Разьмераны рытм, быццам грукат магутнага сэрца, бьецца ў празе да жыцьця... Але сілы няроўныя, хцівыя паляўнічыя перамагаюць: зьвер у апошнія імгненьні жыцьця бачыць сваю родную дуброву і памірае. Зь ім і згасае рытм музыкі. Калі слухаць песьню з томам М. Гусоўскага, то можна пераканацца, што кампазыцыйная пабудова твора (аўтар музыкі А. Несьцяровіч), магутны рок-вакал амаль дакладна перадаюць пафас гэтых радкоў.

У наступнай кампазыцыі “Сумленьне і розум” музыкі гурта “Сузор’е” зноў зьвяртаюцца да радкоў М. Гусоўскага, у якіх ён намагаўся асэнсаваць сваю мэту, як паэта і вучонага, дзе заклікаў да справядлівасьці і праўды. Галоўная тэма – вера ў чалавека, яго здольнасьці і высокае прызначэньне. Твор А. Несцяровіча і А. Казлоўскага – музычнае ўвасабленьне крэда знакамітага дзеяча эпохі Адраджэньня, які тварыў пабач з Францішкам Скарынам. Дзеля гэтага музыкі выкарысталі шматлікія клявішныя інструмэнты, разнастайную рытміку, складаныя паліфанічныя аранжыроўкі, пра якія сёньня памятаюць толькі сапраўдныя аматары клясычнага року.

Выразнай антываеннай тэматыкай прасякнутая, бадай, самая працяглая песньня альбому “Панна Марыя”. Яе высокі, малітоўны склад падмацаваны разгорнутай музычнай структурай, мае працяг і ў апошняй інструментальнай частцы “Excutit arbitrium res”…

Са зьяўленьнем на музычным рынку кампакт-дыску “Песьня пра зубра” ў выкананьні легендарнага беларускага рок-гурта “Сузор’е” наш музычны ляншафт стаў багацейшым і разнастайнейшым. А маладыя слухачы цяпер будуць мець ясьнейшае ўяўленьне аб тых музычна-стылістычных пошуках і працэсах, якія адбываліся ў Беларусі ў канцы мінулага стагодзьдзя. Галоўнае-ж тое, што таленавіты твор зноў вяртаецца да слухачоў. Мы павінны быць удзячнымі амбасадзе ЗША за тую дапамогу, якую дыпляматы робяць на карысьць адраджэньня беларускай культуры, захаваньня яе лепшых узороў.


Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.
Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005
Хостынг — 1and1
Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы