Рассылка

Апытаньне



 
№570 ВЕСТКІ Маладзёвая бачынаАб’явыПрэмія ЮхнаўцаКрама
Беларуска-гэбрайскія адносіны на працягу стагодзьдзяў
Гутарка старшыні Нью Ёрскага аддзелу БАЗА Віталя Зайкі на верасьнёўскім сходзе адзелу.

В. ЗАЙКА

Каля тысячы гадоў гэбраі былі й ёсьць нацыянальнай групай, якая жыла поруч зь беларусамі на беларускіх землях. Гэбраі падпадалі пад уплывы навакольнага насельніцтва, і на працягу стагодзьдзяў на абшары Беларусі й Літвы ўтварылася своеасаблівая падгрупа эўрапейскіх (або ашкенаскіх) гэбраяў. Гэтая група атрымала назву “літвакі”, па афіцыйнай назве старабеларускай дзяржавы — Вялікага Княства Літоўскага. Цікава адзначыць, што за выключэньнем Жмудзі й Аўкштоты (сёнешняй Летувіскай Рэспублікі) тэрыторыя, на якой жылі літвакі, дакладна адпавядае тэрыторыі распаўсюджаньня беларускай мовы, так як зафіксаваў яе акадэмік Я. Карскі на пачатку 20 ст.

Хоць першыя дакумэнтаваныя зьвесткі аб знаходжаньні гэбраяў на беларускіх землях датуюцца другой паловай 14-га ст., ёсьць усе падставы лічыць, што засяленьне Беларусі гэбраямі пачалося значна раней. Напрыклад, паведамлялася пра знойдзены ў Эйшышках, надалёка ад Ліды, гэбрайскі надгробны помнік (мацэйва) з 1171 году. Да 1388 году гэбрайскія паселішчы сталі настолькі значныя, што вялікі князь Вітаўт надаў тады прывілеі гэбраям Берасьця і Трокаў, а ў наступным годзе — гэбраям Горадні. Лічыцца, што гэтыя прывілеі былі складзеныя па ўзоры папярэдняй граматы да гэбраяў князя Гедыміна ад 1323 году, калі на разьвіцьцё новазаснаванай сталіцы Вялікага княства патрабаваліся жыхары — а таксама фінансавыя сродкі. Аднак грамата Гедыміна не захавалася, і прататыпы прывілеяў Вітаўта выводзяцца з прывілеяў польскіх каралёў. Прывілеі Вітаўта, у прыватнасьці, гарантавалі гэбраям права на “мешканьне” (пражываньне) ў гарадох і падарожжы ўнутры дзяржавы, на набыцьцё нерухомасьці, роўныя з негэбраямі правы ў гандлі, прызнаньне ўнутранай аўтаноміі, дазвол сьведчыць у судзе, пакляўшыся на Торы, і шмат іншага. Найважней, прывілеі надавалі гэбраям правы, роўныя з іншымі падданымі, а таксама права набываць зямлю; роўнасьць правоў замацоўвалася “навечна”. Тры гэтыя асноўныя канцэпты Вітаўтавых прывілеяў былі сэнсацыйныя для сярэднявечных часоў, і потым былі пацьверджаныя Літоўскімі статутамі, сьведчачы аб талерантнасьці й гуманістычнай скіраванасьці грамадзтва й дзяржаўнай сыстэмы старабеларускай дзяржавы.

Гэткае трактаваньне іншаверцаў уладамі Вялікага Княства спрыяла разьвіцьцю гэбрайскай грамады, прытоку новых жыхароў з Захаду і, у рэшце рэшт, стварыла адмысловы кшталт гэбрайства. Гэты літвацкі кшталт гэбрайства характэрызуецца сваёй мовай (паўднёваўсходняя, “літвацкая” гаворка мовы ідыш), сваёй тэрыторыяй, сваімі рэлігійнымі звычаямі (адценьнямі юдаізму), сваімі побытавымі традыцыямі (фальклёрам, стравамі й г. д.), адметнымі рысамі нацыянальнага характару (рацыяналізм, эмацыйная стрыманасьць, скептыцызм, імкненьне да ведаў).Грамата Вітаўта, якая надае прывілеі гэбраям Трокаў і Горадні.

У 16-м стагодзьдзі, у часы “залатога веку”, калі ў Беларусі квітнелі мастацтвы і адукацыя, пачалі выходзіць друкаваныя кнігі, панавала рэлігійная талерантнасьць, гэбраям Вялікага княства была нададзеная юрыдычная і рэлігійна-культурная аўтаномія ў выглядзе Вааду (сойму) земляў польска-літоўскай садружнасьці, а з 1623 году — Вааду Літвы. Ваад складаўся з гэбрайскіх радаў (кагалаў) паасобных гарадоў і мястэчак, якія кіравалі шматлікімі аспэктамі ўнутранага жыцьця гэбрайскіх грамадаў, пачынаючы ад збору падаткаў, і канчаючы адукацыяй, апекай над хворымі й старымі. Талмудычнае права (галаха) зрабілася рэльна ўжываемай юрыдычнай нормай. Гэты пэрыяд адрозьніваецца надзвычайным уздымам творчай актыўнасьці ва ўсіх сфэрах жыцьця, росквіту рамёстваў і гандлю, разьвіццём гэбрайскай рабінскай тэалёгіі, стварэньнем пачаткаў літаратуры на ідыш. Нягледзячы на даволі частыя войны з Масковіяй, культурны і эканамічны ўздым гэбрайства працягваўся нават у часы заняпаду польска-літоўскай садружнасьці, які завяршыўся яе падзелам ў 1772-1795 гадох паміж Расеяй, Прусамі й Аўстрыяй. Падчас войнаў хрысьціянскае насельніцтва выказвала салідарнасьць з гэбрайскімі суайчыньнікамі. Так, падчас літоўска-маскоўскіх вайнаў месьцічы абсаджаных расейцамі гарадоў падчас перамоваў называлі бясьпеку гэбрайскага насельніцтва і бесьперашкодны яго выхад як адну з умоваў здачы. Аднак часта гэтыя ўмовы не выконваліся расейцамі, як здарылася ў 1555 годзе ў Полацку, дзе войскі цара Івана Жахлівага амаль цалкам вынішчылі ўсіх гэбраяў.

У канцы 18 ст. у паўднёва-усходніх землях Эўропы (сёнешняя Ўкраіна і Польшча) пачаўся рэфармацыйны рух у юдаізме, хасыдызм, які адкідаў аўтарытэт рэлігійных пісаньняў і ставіў вышэй яго эмацыйны рэлігійны досьвед асобы і аўтарытэт рэлігійных правадыроў-цадыкаў. На беларускіх землях гэты рух сутыкнуўся з моцным супрацівам літвацкіх рэлігійных дзеячаў, сярод якіх найзначнейшым быў Віленскі гаон, р. Эліягу Бэн Шлоймэ-Залман. У выніку змаганьня ўзьнік новы кшталт хасідызму — Хабад, званы таксама беларуска-літоўскім хасідызмам, і які на сёньня зьяўляецца найбольш актыўнай і ваяўнічай галіной юдаізму.

Пасьля далучэньня беларускіх і польскіх земляў Расея прыдбала сабе найбольшае гэбрайскае насельніцтва ў Эўропе. Кіруючыся рэлігійнымі догмамі пра ўдзел гэбраяў у сьмерці Хрыста, а таксама баючыся канкурэнцыі гэбрайскіх гандляроў і рамесьнікаў, расейскі ўрад абмежаваў правы гэбраяў на пражываньне ў межах заходніх губэрняў, забараняючы міграцыю ва ўласна расейскія землі і ў шэраг буйных гарадоў у межах або побач са створанай такім чынам “рысай асёласьці”. З 1827 да 1856 году на гэбраяў была распаўсюджаная сыстэма кантаністаў, калі дзяцей, пачынаючы ад 12 год, сілком бралі на вайсковую службу, тэрмін якой разам складаў больш за 30 год. Часьцяком лавілі дзяцей 10, 8 год і здавалі ў кантаністы. Значны працэнт гэтых дзяцей гінуў па дарозе да прызначаных кантанісцкіх батальёнаў, а тых, хто выжыў, падпарадкоўвалі нялюдзкай мікалаеўскай вайсковай машыне, зь яе зьдзекамі, шпіцрутэнамі й спробамі сілком навярнуць гэбрайскіх дзяцей у праваслаўе. Нягледзячы на жахлівыя ўмовы службы, няроўныя правы з іншымі жаўнерамі (напрыклад, гэбраям было забаронена быць афіцэрамі) гэбраі паказвалі гераізм падчас войнаў Расеі ў Крыме (1854-1856 гг.) і на Балканах (1877-1878 гг.).

З канца 19 ст. бярэ пачатак нацыянальны рух сярод гэбраяў. Ён прыняў формы сіянізму — за вяртаньне на гістарычныя біблейскія землі Палестыны, а таксама аўтанамізм — за пражываньне ў дыяспары ва ўмовах нацыянальна-культурннай аўтаноміі, і бундызм — сацыялістычны рух працоўных гэбраяў, які імкнуўся спалучыць сацыяльную барацьбу з нацыянальна-вызваленчай. Ва ўсіх гэтых рухах на першых пазыцыях былі гэбраі-літвакі. Народжаны ў мястэчку Лужкі (Глыбоччына) Лейзер Перальман стаў, пад новым імем Бэн-Егуда (“Сын Юдэі”) стваральнікам сучаснай мовы іўрыт, якая ўзьнікла на аснове старагэбрайскай мовы, прытарнаванай да ролі сучаснай нацыянальнай мовы адроджанай гэбрайскай нацыі. Літвак Хаім Вайцман (родам з Моталю пад Пінскам) стаў пасьля сьмерці стваральніка сіянізму Гэрцля на чале сіянісцкага руху, і зрабіўся ў 1948 годзе першым прэзыдэнтам Ізраілю. Літвакі Шымон Дубнаў (з Мсьціслава), выдатны гісторык, і Хаім Жытлоўскі (зь Віцебску), філязоф, зрабіліся лідэрамі аўтанамізму. Літвакі былі стваральнікамі й лідэрамі Бунду (А. Крэмер, У. Медэм, М. Лібер, Р. Абрамовіч, М. Фрумкіна-Эстэр).

Ад самых пачаткаў стваральнікі гэбрайскага нацыянальнага руху цікавіліся нацыянальным адраджэньнем беларусаў. Напачатку 20-га ст. у гэбрайскім друку пачалі зьяўляцца зацемкі пра беларусаў і Беларусь, пра ўзьнікненьне беларускіх палітычных партыяў. Вядомыя кантакты прадстаўнікоў Беларускай Сацялістычнай Грамады з Бундам. Артыкулы Антона Луцкевіча ў перакладзе на ідыш зьяўляліся ў гэбрайскім друку. “Наша Ніва” закранала між іншага ў сваіх публікацыях жыцьцё гэбраяў у Беларусі. Калі выбухнула Першая сусьветная вайна, беларускія й гэбрайскія нацыянальныя арганізацыі каардынавалі свае дзеяньні адносна дапамогі ўцекачам і часта супольна выступалі ў мясцовым самакіраваньні як пад царскай, так і пад кайзераўскай уладай.

Гэбраі бралі ўдзел у Першым Усебеларускім кангрэсе 1917 году і ўвайшлі ў Раду БНР і Беларускі нацыянальны сакратарыят 1918 г. Гэбраі былі сярод прыняўшых тры Ўстаўныя граматы і Акт 25 Сакавіка 1918 году. Некалькі гэбраяў былі міністрамі Рады БНР. Брат Хаіма Жытлоўскага, Самуіл, ходаўся у гэбрайскіх арганізацыях у Эўропе і Амэрыцы адносна палітычнай і фінансавай падтрымкі для БНР.

У Савецкай Беларусі ў 1920-я гады адначасова пачалося актыўнае разьвіцьцё беларускай і гэбрайскай (на мове ідыш) культураў. Быў створаны Інбелкульт — прататып Акадэміі навук, дзе існаваў гэбрайскі сэктар, што шмат спрычыніўся да досьледаў гэбрайскай гісторыі, літаратуры і мовы ідыш. Гэты нядоўгі росквіт абедзьвух культураў быў адначасна спынены напачатку 1930-х гадоў. Адметна, што шэраг гэбраяў, якія пісалі па-беларуску (Ю. Таўбін, І. Дрэйзін) былі расстраляныя як “беларускія нацыяналісты”.

У Заходняй Беларусі нацыянальныя беларускі й гэбрайскі рухі таксама супрацоўнічалі, разам бараніліся ад шавінісцкіх польскіх рэпрэсіяў. У Віленскім унівэрсытэце беларускія студэнты на знак салідарнасьці з гэбраямі сядалі на т.зв. “лавы жыдофске”, якія адводзіліся польскай адміністрацыяй для гэбраяў. Назіралася таксама супрацоўніцтва сярод беларусаў і гэбраяў, прыхільнікаў левых сілаў, у КПЗБ і КПП. Цікава, што камуністычная дзяячка КПЗБ, гэбрайка Аляксандра Бэргман пасьля вайны зрабілася вядучым гісторыкам беларускага нацыянальнага руху ў Заходняй Беларусі. Калі ў Заходнюю Беларусь прыйшлі Саветы, вялікая колькасьць як беларускіх (А. Луцкевіч, А. Уласаў, Я. Пазьняк, М. Краўцоў-Касьцевіч) так і гэбрайскіх (З. Рэйзін, М. Бэгін, Г. Эрліх ды інш.) нацыянальных дзеячоў былі рэпрэсаваныя. Афіцэры польскага войска, беларусы й гэбраі, так як і палякі, былі расстраляныя ў Катыні, Асташкаве, Старабельску.

Варта адзначыць, што дзеячы беларускага нацыянальнага руху, у адрозьненьні ад дзеячоў і рухаў расейскага і польскага, заўсёды адкідалі антысэмітызм і з сымпатыяй ставіліся да гэбрайскага народу і прадстаўнікоў гэбрайскіх палітычных рухаў. Калі пачалася Другая сусьветная вайна, і Беларусь была акупаваная немцамі, сьведамыя беларусы працягвалі падтрымліваць гэбраяў. Аднак ва ўмовах акупацыі часамі тыя дзеячы, што апынуліся ў ворганах цывільнай адміністрацыі дзеля дапамогі свайму народу і дзеля таго, каб палегчыць цяжар акупацыі, часта у афіцыйных аказіях і таксама ў друку былі змушаныя карыстацца накіданай немцамі антысэміцкай фразэалёгіяй. Гэтая змушанасьць абставінамі не выяўляла нутраной сутнасьці беларускага нацыяналізму, але пазьней была скарыстаная Саветамі для кампрамэтацыі беларускага руху як “зграі фашыстоўскіх паслугачоў”. Вышэйсказанае ня тычыцца тых, хто быў уцягнуты ў фізычнае вынішчэньне гэбраяў. Але нават у жудасных умовах акупацыі беларускія нацыянальныя сілы знаходзілі шляхі падтрымкі і дапамогі гэбраям.

Пасьля вайны супрацоўніцтва беларусаў і гэбраяў падоўжылася ўжо за акіянам, калі прадстаўнікі гэбрайскай грамады Амэрыкі (д-р Ліхтэн, сэнатар Джэвіц) дапамаглі новапрыбылым беларусам стварыць свае нацыянальныя арганізацыі й закласьці падваліны для пашырэньня беларускай прысутнасьці ў Паўночнай Амэрыцы. Цікава адзначыць, што слынны гэбрайскі мовазнаўца і грамадзкі дзеяч родам з Наваградку Аляксандар Гаркаві напачатку 20 ст. дапамагаў землякам — сялянам зь Меншчыны й Віленшчыны, зачапіцца і пачаць новае жыцьцё ў ЗША.

У часы нацыянальнага Адраджэньня 1980-х гадоў новапаўсталыя беларускія й гэбрайскія нацыянальныя арганізацыі імкнуліся да ўсталяваньня кантактаў і да паразуменьня. Назіральнікі ад гэбрайскіх арганізацыяў бралі ўдзел у Першым зьезьдзе БНФ, і ў шэрагі гэтай арганізацыі ўвайшлі, поруч з іншымі грамадзянамі, таксама і гэбраі.

Узаемная павага беларусаў і гэбраяў, асьвечаная стагоддзьдзямі, ушанаваная нашымі продкамі, ёсьць і павінна заставацца прыкметай сапраўднага сьведамага беларуса. Гісторыя паказвае, што антысэміт ня можа быць сапраўдным беларускім нацыяналістам. Антысеміт, якім-бы зацятым беларусам ён сябе не называў, непазьбежна перакінецца ў стан, варожы беларускаму нацыянальнаму руху, варожы агульнай Бацькаўшчыне беларусаў і беларускіх гэбраяў — вольнай незалежнай Беларусі.


Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.
Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005
Хостынг — 1and1
Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы